Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАБІЛЬНЫ ТЭЛЕФОН – НЕБЯСЬПЕКА НА ДАРОЗЕ


Сяргей Шупа, Прага

На гэтым тыдні вокладка амэрыканскага часапісу “Nature” была ўпрыгожаная здымкам чэрапа, які перадрукавалі шматлікія газэты й часапісы ва ўсім сьвеце. Чэрапу гэтаму – каля мільёна гадоў, ён ілюструе галоўнае навуковае адкрыцьцё гэтага тыдня.

А гісторыя з гэтым чэрапам такая. Ён быў знойдзены ў 1997 годзе ў этыопскай мясцовасьці Сярэдні Аваш, за 230 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Адыс-Абэбы. Група дасьледнікаў з Каліфарнійскага Ўнівэрсытэту ў Бэрклі вывучала яго некалькі гадоў і прыйшла да важнай высновы: гаспадар чэрапа – наш далёкі продак – належаў да адзінага віду дагістарычнага чалавека, які жыў на шырокіх абсягах у Азіі, Эўропе і Афрыцы.

Дагэтуль некаторыя археолягі й антраполягі цьвердзілі, што афрыканскія і эўрапейскія папуляцыі належалі да асобнага віду – Homo ergaster (Чалавек працавіты), адрознага ад азіяцкага Homo erectus (Чалавек выпрастаны). За два гады стараннай ачысткі і рэканструкцыі этыопскай знаходкі ўдалося выявіць, што падзел на два віды неапраўданы – афрыканскі выкапень як дзьве кроплі вады падобны да сваіх азіяцкіх братоў.

Такім чынам, цвердзяць навукоўцы ў арткуле, надрукаваным у часапісе “Nature”, папуляцыі адзінага віду Homo erectus з надыходам ледавіковага пэрыяду 950 тысяч гадоў таму падзяліліся і распачалі самастойнае разьвіцьцё. Афрыканскія “людзі выпрастаныя” далі пачатак сучасным Homo sapiens – гэта значыць, нам з вамі. Нашы эўрапейскія сваякі з часам сталіся нэандэртальцамі, а вось азіяцкая галіна з часам вымерла.

Наагул жа від Homo erectus узьнік 1 мільён 800 тысяч гадоў таму і, паводле археалягічных сьведчаньняў, хутка пашырыўся ў Афрыцы, Азіі і Эўропе, хоць адкуль менавіта пачалося разьвіцьцё віду – застаецца невядомым. Найбольшая колькасьць знойдзеных экзэмпляраў “людзей выпрастаных” паходзіць з Азіі, у тым ліку і самая першая знаходка – гэтак званы “яванскі чалавек”.

Дарэчы, мясцовасьць у Этыопіі, дзе быў знойдзены герой навуковых публікацыяў апошняга тыдня – гэта цэлы музэй антрапалёгіі. На падставе тамтэйшых знаходак можна прасачыць амаль бесьперапынны ланцуг разьвіцьця нашых продкаў амаль ад самых малпаў і да сучаснага Homo sapiens.

Апрача таго, там знойдзена нямала й розных меншых братоў чалавека – розных відаў сьвіньняў, рагатых жывёлаў, падобных да антылёпаў гну, некалькіх відаў сланоў, бэгемотаў, вялізныя гіены і не на жарт вялікія каты. Так што і мільён гадоў таму чалавек бачыў вакол сябе амаль такую самую жывую прыроду, што й сёньня. Хіба што каты сёньня можа ўсё ж крыху меншыя...


* * *
Гаварыць па мабільным тэлефоне падчас кіраваньня аўтамабілем значна небясьпечней, чым перабраць дазволены ліміт алькаголю, нават калі вы карыстаецеся прыстасаваньнем, якое падчас размовы вызваляе вашы рукі. Да такой высновы прыйшлі дасьледнікі брытанскай Лябараторыі Транспартных дасьледаваньняў, пра што піша на гэтым тыдні брытанскі тыднёвік папулярнай навукі “New Scientist”.

Дык вось у выніку тэстаў на сымулятарах выявілася, што ў тых, хто гаворыць па мабільніку падчас язды рэакцыя на 30% павальнейшая, чым у кіроўцаў, што ўзялі лішнюю чарку, і на 50% павальнейшая, чым у цьвярозых. Да таго ж абмабіленыя кіроўцы значна часьцей не заўважаюць дарожныя знакі, чым тыя, хто кіруе нападпітку.

У адмысловай справаздачы гаворыцца: “Страта ўвагі падчас тэлефоннай размовы можа мець візуальны, аўдытыўны, мэнтальны або біямэханічны характар. Або ўсё гэта разам узятае”.

Ну а найбольшай небясьпецы падстаўляюць сябе і навакольных людзей тыя, хто спрабуе падчас язды паслаць тэкставае паведамленьне SMS.

Сярод іншых быў праведзены й такі тэст. Ягоныя ўдзельнікі мусілі разагнаць аўтамабіль да 112 кілямэтраў на гадзіну і рэзка спыніцца. Тыя, хто гаварыў па мабільніку, трымаючы яго ў руцэ, спыніліся праз 45 мэтраў, тыя, хто ўжываў камплект “вольныя рукі” – праз 39 мэтраў. Тыя, у каго ўзровень алькаголю крыху перавышаў брытанскую норму (80 міліграмаў на 100 мілілітраў) – здолелі спыніцца праз 35 мэтраў, а цьвярозая кантрольная група – праз 31 мэтар.

Наагул, бальшыня людзей разумее, што размова падчас язды адцягвае ўвагу кіроўца, аднак мала хто рэальна ўяўляе сабе небясьпеку. Удакладню, што гаворачы ў гэтым матэрыяле пра кіроўцаў нападпітку, я меў на ўвазе дозы алькаголю, якія толькі нязначна перавышаюць дазволеную норму.

Нарэшце, згадаю пра тое, што ўжо ні ў якім разе ня варта рабіць за рулём. Ня так даўно – каля двух месяцаў таму – агенцтва “Ройтэрз” падало навіну пра затрыманьне кіроўцы-інваліда (ён меў адну руку), які праехаў скрыжаваньне на чырвонае сьвятло, быў добра п’яны і... ну вы напэўна здагадаліся – гаварыў па мабільным тэлефоне.


* * *
(Гучыць “ROSAMUNDE”)

Прызнацца шчыра, гэтую мэлёдыю я ведаў толькі з кінафільмаў пра вайну – і яна трывала асацыявалася ў мяне зь нямецкімі жаўнерамі часоў другой сусьветнай вайны. Зрэшты, усё яно так і было. Гэта была нямецкая песьня “Розамунда” – жартаўліва лірычная пра лёгкадумнае каханьне.

Аднак гэтымі днямі адбылося дзіўнае здарэньне. Шукаючы нейкага музычнага сюжэту для перадачы, я хадзіў па калідоры і насьпёўваў гэтую даволі прычэплівую простую мэлёдыю, а пасьля махнуў рукой і пайшоў у музычную бібліятэку параіцца наконт якой-небудзь важнай падзеі тыдня.

Падзею адразу падказала бібліятэкарка – мілая пані Йітка: толькі што споўнілася 100 гадоў аўтару самай папулярнай чэскай песьні ХХ стагодзьдзя Яраміру Вэйваду, і з гэтай нагоды ўнук кампазытара – дырыгент Ёсэф Вэйвада – у гэты самы вечар выступае з канцэртам праскага ваеннага духавога аркестру ў славутым нью-ёрскім Карнэгі-Холе.

Назва песьні – “Škoda lasky” – мне нічога не гаварыла. Мяне зацікавіла тое, што яна добра вядомая і ў Амэрыцы, і я ўзяў у бібліятэцы чэскі й амэрыканскі варыянты.

Сеўшы за кампутар, я загрузіў кампакт-дыск і пачуў...

(Гучыць “SKODA LASKY”)

Ярамір Вэйвада – музыка і дырыгент у трэцім пакаленьні – напісаў гэтую мэлёдыю для свайго аркестрыка ў 1927 годзе. Новы твор называўся проста “Маджанская полька” (Вэйвада жыў у праскім прадмесьці Маджаны – недзе побач з тагачасным прэзыдэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі Васілём Захаркам).

Духавая музыка ў Чэхіі і цяпер, і тым болей у 1920-я гады была надзвычай папулярная, і твор разышоўся па ўсёй Празе і навакольлях. У 1934 годзе ім зацікавілася нотнае выдавецтва ўдавы Гофман, яно выдала партытуру, заплаціўшы кампазытару мізэрны ганарар 150 каронаў. Тады ўзьнік тэкст і канчатковая назва “Škoda lasky” – “Шкада каханьня”. З гэтага пачалося трыюмфальнае шэсьце гэтай полькі па ўсім сьвеце.

У 1939 годзе амэрыканскі кампазытар Ўладзімер Тым і аўтар тэксту Лу Браўн адаптавалі песьню да амэрыканскіх умоваў, зьмянілі тэмп, настрой і зьмест – цяпер гэта ўжо была ня простая песенька пра каханьне, а сапраўдны гімн аматараў піва – з адпаведным назовам: “Полька піўной бочкі”.

У часы другой усясьветнай вайны гэта была адна з самых улюбёных песьняў саюзьніцкіх вайскоўцаў. Калі ў 1945 годзе Прагу наведаў генэрал Дуайт Эйзэнгаўэр, ён адмыслова падзякаваў Яраміру Вэйваду сказаўшы: “Вашая песьня дапамагла нам выйграць вайну з Гітлерам”. Тым часам тую самую песьню – “Разамунду” – сьпявалі і нямецкія жаўнеры па другі бок лініі фронту.

Дык “Выкочвайце бочку”, як сьпявалі ў 1939 годзе незабыўныя сёстры Эндруз...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG