Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ДЫЯЛЁГ НА ІНТЭРНЭЦЕ


Вольга Караткевіч, Прага

Напярэдадні Дня Волі абноўленыя сайты Рады Беларускай Народнай Рэспублікі й газэты “Беларус”. На першым (www.radabnr.org) зьмешчаны зварот да суродзічаў Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы з нагоды Дня Незалежнасьці 2002 году.

Мы пагутарылі з Уладзіславам Яндзюком, сябрам Рады БНР і рэдактарам Інтэрнэт-старонкі.

(Караткевіч: ) “Першае пытаньне – чыста інфармацыйнага характару. На сайце Рады БНР паўсюль пазначана: “Старшыня Рады БНР”. А ў зваротах Івонкі Сурвіллы, якія публікуе беларуская прэса, часта напісана: “Прэзыдэнт Рады”.

(Яндзюк: ) “Адказ на гэта абсалютна адназначны. У статуце Рады БНР напісана: “Старшыня Рады БНР”. Ёсьць удакладненьне – у замежных перакладах казаць замест “старшыня” – “прэзыдэнт”. Некаторыя перакладаюць проста з ангельскай мовы”.

(Караткевіч: ) “Я заўважыла, што зьмяніўся дызайн сайту. Ці зьмянілася інфармацыя, якая там зьмешчаная?”

(Яндзюк: ) “Мы надаем вельмі вялікую ўвагу сайту БНР, таму што па-сутнасьці гэта галоўнае наша інфармацыйнае акно ў сьвет. Мы ведаем, што Інтэрнэт зараз вельмі разьвіваецца, шалёнымі тэмпамі. У Беларусі таксама шмат карыстальнікаў Інтэрнэту. І гэта для нас вельмі просты, актуальны і эфэктыўны шлях пашыраць інфармацыю, перадусім у Беларусі, пра існаваньне і чыннасьць Рады БНР”.

(Караткевіч: ) “Што будзеце зьмяшчаць новага?”

(Яндзюк: ) “Мы вырашылі, што сайт будзе мець наступныя разьдзелы: інфармацыя пра Раду, пра старшыню Рады пэрсанальна – спадарыню Івонку Сурвіллу, архіўныя матэрыялы, а таксама інфармацыя пра кантакты. Будуць зьвесткі пра тое, як зьвязацца з прадстаўнікамі Рады, як патрапіць на прэсавую групу, як задаць пытаньне і як атрымаць адказы”.

(Караткевіч: ) “Ці будзе на такім сур’ёзным сайце нешта накшталт дыскусіі ці чату, дзе наведнікі маглі б пагаварыць, пакрытыкаваць?”

(Яндзюк: ) “Бачыце, сайт Рады БНР – гэта афіцыйны сайт ураду ў выгнаньні, і такія атрыбуты як чат ці кніга водгукаў – яны ня надта пасуюць да такога месца. На Інтэрнэце ёсьць шмат дыскусійных групаў і месцаў, дзе можна пагутарыць і паспрачацца на тэмы па беларускім пытаньні. Людзі з Рады час ад часу бяруць удзел у адкрытых грамадзкіх дыскусіях у Інтэрнэце”.

Уладзіслаў Яндзюк дадаў, што стваральнікі сайту Рады БНР разглядаюць пытаньне зьмяшчэньн банэраў беларускіх Інтэрнэт-старонак – інфармацыйных і палітычных.

Выйшаў у Інтэрнэце і новы нумар газэты “Беларус” – выданьне беларускай дыяспары (www.hazetabelarus.cjb.net). На сайце - віншаваньне беларусаў з угодкамі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, артыкулы.

Маю ўвагу прыцягнуў фотарэпартаж – “Вандроўка ў Солт-Лейк Сыты” – там шмат здымкаў, дзе беларускія заўзятары прыходзяць падтрымаць выступ алімпійскай зборнай Беларусі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Цікава пачытаць і пра дзейнасьць суполкі “Беларуская грамада” ў Швэцыі ад 1948 году да 1975 году. І шмат яшчэ чаго.


* * *
На мінулым тыдні на сайце “Хартыі-97” (www.charter97.org) адбылася онляйнавай канфэрэнцыя з удзелам вядомага кінарэжысэра Юрыя Хашчавацкага. Напярэдадні актывісты “Хартыі” правялі сустрэчу з журналістамі, у якой, дарэчы, узяў удзел і сам Хашчавацкі, каб расказаць пра плянаваную на 19 красавіка вулічную акцыю.

Удзельнікі дыскусіі зь Юрыем Хашчавацкім таксама шмат увагі зьвярталі на вулічныя акцыі. “Трэба, каб людзі перасталі баяцца і набылі пачуцьцё ўласнай годнасьці”, – гэта цытата з выказваньняў Юрыя Хашчавацкага. Мы зьвязаліся са спадаром Хашчавацкім.

(Караткевіч: ) “Чаму менавіта цяпер была праведзеная гэтая онляйнавая канфэрэнцыя на сайце “Хартыі-97”? Гэтыя дні на сайце шмат інфармацыі пра падрыхтоўку да акцыі 19 красавіка, і ў вашых адказах шмат пра гэтую акцыю...”

(Хашчавацкі: ) “Перадусім гэта агітацыя за акцыю пратэсту 19 красавіка – яна, безумоўна, зараз вельмі важная. Але ж ёсьць цікавасьць і да майго новага фільму “Богі сярпа і молату”, і многія пытаньні задаваліся з гэтай нагоды”.

(Караткевіч: ) “Чаму менавіта ўдзел у канфэрэнцыі праз Інтэрнэт Вы ацанілі як плённы ў сэнсе агітацыі і шырокага дыялёгу?”

(Хашчавацкі: ) “У Інтэрнэце вельмі шмат маладых людзей працуе. Я лічу, што трэба гэта выкарыстоўваць, і правільна хлопцы робяць, выкарыстоўваюць любую магчымасьць. Інтэрнэт, на маю думку, гэта самая шырокая аўдыторыя. Да палутара тысяч наведваньняў часам атрымліваецца. Паспрабуйце сабраць такую аўдыторыю. Інтэрнэт – гэта вельмі шырокая аўдыторыя”.

(Караткевіч: ) “Падчас гэтай канфэрэнцыі ці быў адбор, фільтрацыя пытаньняў, што выстаўляліся на сайт?”

(Хашчавацкі: ) “Нічога не фільтравалася абсалютна, і гэта была мая ўмова. Чым пытаньне больш складанае, больш злое, тым лепшы атрымліваецца адказ. Гэта як паводле закону Ньютона: дзеяньне роўнае супрацьдзеяньню”.

(Караткевіч: ) “Нейкае пытаньне падалося надта непрыемным?”

(Хашчавацкі: ) “Я не лічу, што ёсьць непрыемныя пытаньне – апроч зьнявагаў. Скажам, мне ня надта было прыемна, калі адзін з тых, хто задаваў пытаньні, назваў мяне трэцярадным палітыкам. Мне ведаеце, што было непрыемна? Ня тое, што ён назваў мяне трэцярадным палітыкам, гэта чорт зь ім. А тое, што ён назваў мяне палітыкам. Які ж я палітык? Сёньня, на жаль, мы ўсе маем дачыненьне да палітыкі”.

(Караткевіч: ) “Як бы Вы пракамэнтавалі зьяўленьне ў Сеціве ўрыўка зь фільму “Один день с президентом”, у якім Аляксандар Лукашэнка грае на баяне і сьпявае – я пра гэта прачытала на сайце “Хартыі-97”?”

(Хашчавацкі: ) “Я лічу, што гэта вельмі весела. Вельмі сьмешна. Я лічу, што ўсю ўладу трэба ўзяць пад мікраскоп – паглядзець, як яны ўсё гэта робяць, як забаўляюцца, які іх культурны ўзровень. Усю гэтую інфармацыю трэба даваць”.

(Караткевіч: ) “Юры, а якія Вашыя любімыя сайты і чаты, ці бераце Вы ўдзел у дыскусіях у Інтэрнэце?”

(Хашчавацкі: ) “Тут я вам магу і камплімэнт сказаць, бо адзін зь любіміх сайтаў – гэта сайт Свабоды. Мае любімыя сайты – гэта інфармацыйныя сайты. Дыскусіі я люблю, пахадзіць па чатах, напрыклад, “Московских новостей”, бо там бываюць вельмі рэзкія дыскусіі. Асноўная расейская тэма – вайна ў Чачэніі. Шчыра кажучы, я непрыемна ўражаны, бо там я бачу сур’ёзнае падзеньне маральнасьці ў гэтым грамадзтве”.

(Караткевіч:) “Калі я Вам тэлефанавала, мне сказалі, што Вы ў студыі, здымаеце фільм. Некалькі словаў, калі ласка, пра гэты фільм”.

(Хашчавацкі: ) “Так, вось якраз зараз я адарваўся ненадоўга – завяршаем рабіць гук у новым фільме “Дажыць да любові”. Гэта фільм пра кінутых дзяцей, бяздомных дзяцей. Мы не даем там гатовых адказаў, але глядзім на гэтую сытуацыю”.

Цалкам дыскусію зь Юрыем Хашчавацкім падчас онляйнавай канфэрэнцыі можна прачытаць на сайце Хартыі-97 (www.charter97.org) – там абмяркоўваюцца і пытаньні масавага супраціву, прысуду групоўцы Ігнатовіча, апошнія фільмы кінарэжысэра.

Для аматараў Інтэрнэт-дыскусіяў на палітычныя тэмы адзначу, што нядаўна адбыўся чат з удзелам Зянона Пазьняка на сайце чэскай фундацыі “Чалавек у бядзе” (www.infoservis.net). Пазнаёміцца з чатам можна праз спасылку “Беларускі цэнтар”.


* * *
Дэталі пра асобу Аляксандра Лукашэнкі застаюцца вельмі папулярнымі ў Сеціве. Яго часта цытуюць, зьмяшчаюць гукавыя файлы з выказваньнямі.

Найбольш цікавых рэчаў зьмешчана на сайце “Карчма ў старога Язэпа” – “культавым месцам айчыннай гумарыстыкі” (www.jazep.f2s.com). Дарэчы, сайт апошнім часам кепска загружаецца. Вось у “Карчме” шмат выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі пра журналістаў, апазыцыю, чыноўнікаў. Файлы можна паслухаць у фармаце Real Audio.

У Сеціве можна паглядзець і паслухаць, як Аляксандар Лукашэнка выконвае песьню на баяне (www.april19.org). Гэты запіс – урывак зь фільму “Адзін дзень з прэзыдэнтам”, зьнятага расейскай тэлекампаніяй РТР і паказанага 9 верасьня, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. У Інтэрнэце зьмешчаны толькі ўрывак зь песьні, і каб патлумачыць кантэкст, мы скарысталіся запісам з самога фільму. Вось як адказаў Лукашэнка, што ў яго за баян:

(Лукашэнка: ) “Ну, баян. Нармальны баян. Нямецкі баян. Немцы падарылі. І я іграю, і старэйшы сын…”

А далей Аляксандар Лукашэнка гаворыць расейскай журналістцы пра свае любімыя песьні, а пасьля сьпявае:

(Лукашэнка: ) “У мяне былі любімыя песьні Абадзінскага. Любіў, як і ўсе ў маім узросьце. І зусім нядаўна мяне пацянула. Мне падарылі масквічы касэту. Я так паслухаў і падумаў: трэба паспрабаваць на баяне. І мне Фінбэрг запісаў з кампакт-дыску гэтыя ноты. Толькі радзі жэншчыны. Рукі дзеравянныя, адразу гавару. Я пра Абадзінскага пачаў гаварыць. Я табе літаральна два словы. Калі не атрымаецца, перайграем куплет, так? Але куплет я павінен асіліць”.

Сьпявае.
XS
SM
MD
LG