Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ЧАТЫРОХ ГАДОЎ ТУРМЫ ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ БЕЛАРУСІ АНДРЭЙ КЛІМАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Андрэя Клімава выпусьцілі зь менскай калёніі раніцай. Многія лічаць, што зрабілі гэтак для таго, каб менш людзей сабралася яго сустракаць. Магчыма, турэмнае начальства атрымала загад ні ў якім разе не даводзіць справу да мітынгу ля турмы, як атрымалася летась, калі адсюль жа выходзіў дэпутат Уладзімер Кудзінаў.

Аднак сьвяточная сустрэча ўсё роўна адбылася . З пацалункамі родных, кветкамі і бутэлькай шампану на капоце аўтамабіля. Андрэй Клімаў выглядаў шчасьлівым. А калі падышлі журналісты, ён стаў стрыманым і запрасіў усіх праз гадзіну на прэсавую канфэрэнцыю ў офіс Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Там, ужо зь бел-чырвона-белым значкам на джэмпэры, Клімаў падрабязна адказаў на ўсе пытаньні журналістаў.

(Карэспандэнт: ) “Якім ёсьць адчуваньне волі?”

(Клімаў: ) "Словамі не перадаць. Быццам нарадзіўся дарослым разумным чалавекам. Вось так адразу. Эмоцыі, канечне, потым пройдуць, прыйдзе асэнсаваньне, але такога пачуцьця ўжо ня будзе. Выдатна!"

Пра тое, як Андрэй выходзіў на волю, цікавую дэталь распавяла Тацяна Клімава:

(Тацяна Клімава: ) "Раптам адчыняецца брама і выходзіць Андрэй, адзін, з торбаю. Як сірата казанская. Карацей, з пункту гледжаньня вязьняў яму вельмі пашанцавала. Гэта рытуал такі — толькі вельмі аўтарытэтных асобаў выпускаюць на волю праз браму, астатніх — празь дзьверы на прахадной. Я вельмі шчасьлівая, што нарэшце гэта скончылася".

Андрэй Клімаў паведаміў, што вельмі верыў у датэрміновае вызваленьне, але ня толькі таму, што за яго заступаліся ўрады замежных краінаў, палітычныя партыі і тысячы людзей. З надзеяй на волю жыве ў турме кожны, бяз гэтага там вельмі цяжка захаваць сябе як асобу.

А ягоная маці пералік тых, каму яна ўдзячная за вызваленьне сына, пачала з Амбасады ЗША у Беларусі.

(Ала Клімава: ) "У першую чаргу я ўдзячная амбасадзе ЗША ў Беларусі, паслу Майклу Козаку і ўсім супрацоўнікам амбасады, яны таксама шмат зрабілі. Яшчэ я вельмі ўдзячная былому паслу Дэніэлу Спэкгарду, які падтрымліваў ня толькі Андрэя, але і мяне, як інваліда".

Сам Клімаў лічыць сваё датэрміновае вызваленьне выключна вынікам ціску на беларускія ўлады з боку апазыцыі і міжнароднай супольнасьці. За падтрымку ён ўдзячны былому і дзеючаму прэзідэнтам ЗША спадарам Клінтану і Бушу, кіраўніцтву Рады Эўропы і АБСЭ, ураду Нямеччыны і пэрсанальна спадару Віку, ўдзячны апазыцыйным сілам краіны — асабліва Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускаму народнаму фронту, “Народна Грамадзе”, кіраўнікам партыяў і шарагоўцам, якія стаялі за яго ў пікетах, змагаліся на мітынгах і вулічных шэсьцях.

Клімаў заявіў, што зоймецца палітычнай дзейнасьцю, а бізнэс пачакае лепшага часу. Прычым палітыкай дэпутат зоймецца неадкладна — адпачынак на Канарах не ўваходзіць у ягоныя пляны.

(Клімаў: ) "Час тут рабіць Канары для кожнага беларуса. Чатыры гады я ўжо "адпачываў". Колькі яшчэ можна адпачываць? Буду дапамагаць беларусам будаваць новую Беларусь".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG