Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЭГРЫЦЯНЦЫ ЎПЕРШЫНЮ ДАЛІ “ОСКАРА” ЗА НАЙЛЕПШУЮ ЖАНОЧУЮ РОЛЮ


Кастусь Бандарук, Прага

Найлепшым фільмам году прызналі “Beautiful Mind” (“Гульні розуму”). Ён атрымаў таксама ўзнагароды за найлепшую рэжысуру і за найлепшы сцэнар. У фільме расказваецца пра сувязь між геніяльнасьцю і псыхічнай хваробай праз жыцьцё матэматычнага генія-шызафрэніка. Прымаючы ўзнагароду за найлепшую рэжысэру, аўтар гэтага фільму Рон Гоўард сказаў, што посьпех прыйшоў да яго як вынік творчай працы цягам усяго жыцьця.

“Оскара” за найлепшы неангламоўны фільм атрымала карціна Даніса Танавіча “No Man’s Land”, сюжэт якой заснаваны на адным з эпізодаў басьнійскай вайны. Рэжысэр фільму атрымаў васьміхвілінную авацыю.

(Тановіч: ) “Як вы добра ведаеце, мы не пытаемся, адкуль паходзіць актор – з Сэрбіі ці з Харватыі. Галоўнае, каб яны былі добрымі акторамі, як, дарэчы, і ўвесь калектыў. Мы бярэм найлепшых прафэсіяналаў – і ў гэтым бачым будучыню”.

Вельмі ўсхваляваным выглядаў ляўрэат “Оскара” за найлепшае аторскае майстэрства – афраамэрыканец Дэнзэл Вашынгтон, выканаўца ролі карумпаванага паліцыянта ў фільме “Training Day”.

(Вашынгтон: ) “40 гадоў я спрабаваў дагнаць Сыднэя, і нарэшце я атрымаў тое, што некалі ў такі ж вечар атрымаў ты. Я буду заўсёды ісьці за тваім прыкладам, ісьці па тваіх сьлядох”.

Рэч у тым, што апошні раз нэгар атрымаў Оскара ў 1960-м годзе. Гэта быў Сыднэй Пат’е, якога згадаў сёлетні ляўрэат Дэнзэл Вашынгтон.

Упершыню ў гісторыі кінэматаграфіі “Оскара” за найлепшую жаночую ролю атрымала нэгрыцянка Гэлі Бэры, якая сыграла ў фільме “Monster’s Ball”. Яна заявіла, што сваёй узнагародай яна праклала дарогу да “Оскараў” іншым недаацэненым акторкам-афраамэрыканкам.

Варта адзначыць, што даволі нізка ацанілі славуты фільм “The Lord of the Rings” (“Уладар пярсьцёнкаў”), які цяпер б'е ўсе рэкорды папулярнасьці. Яго намінавалі на “Оскара” ў некалькіх катэгорыях, але ён атрымаў усяго адну ўзнагароду – за мастацкае афармленьне.
XS
SM
MD
LG