Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МНОГІХ БЕЛАРУСКІХ ВЁСКАХ ПЭНСІЯНЭРЫ ПАЗБАЎЛЕНЫЯ ДАПАМОГІ КАЛГАСАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Асабліва цяжка цяпер даводзіцца вясковым пэнсіянэрам. Як непрацаздольным, карыстацца коньмі ім дазваляюць у апошнюю чаргу, калі гектары бульбы ці збажыны засее гаспадарка ды маладзейшыя сяляне. Таму пэнсыянэры распачынаюць гэтую працу не ў пару, бо спадзявацца на паразуменьне й дапамогу мясцовых уладаў ім не даводзіцца.

(Карэспандэнтка: ) "Вы працавалі ў калгасе. Ці дапамагаюць пэнсіянэрам?"

(Жанчына: ) "Няма ў калгасе ні вупражы, ні коней. Ідзе вясна ў гэтым годзе, дык увогуле невядома — можа, будзем капаць рыдлёўкамі гэтыя соткі ды садзіць. А трактар жа не дадуць, бо на калгаснае поле няма ні мазуту, ні бэнзыну, ні саляркі — нічога няма".

(Іншая жанчына: ) "Садзіць, капаць — ніхто нам нічога не дапамагае. Самі ўсё робім".

(Жанчына: ) "Я прапрацавала ў калгасе 34 гады. А цяпер стала нейкае безуладзьдзе, і каму жаліцца, каму што сказаць? Ці тут месныя правіцелі вінаватыя, ці абласныя — мы ж ня ведаем. Дзе мы даб’емся якіх канцоў?"

Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, адной з асноўных крыніцаў існаваньня 42% жыхароў краіны называюць прысядзібную гаспадарку й 32 — лецішчы. Такім чынам, агулам на зямлі працуюць больш за 70% насельніцтва. Таму падчас сяўбы самы вядомы й паважаны ў вёсцы чалавек — гэта калгасны конюх. Аднак задаволіць просьбы ўсіх вяскоўцаў з кожным годам яму ўсё цяжэй, хоць паслуга гэтая цяпер і небясплатная. Гаворыць конюх калгасу Ўладзімер Шыманец:

(Карэспандэнтка: ) "Многія просяць каня, каб вывозіць угнаеньне ці бульбу садзіць?"

(Шыманец: ) "Усе людзі прыходзяць і просяць. У нас тут двароў пад трыста. Коньмі пачнем садзіць, дык два месяцы садзім. Калёсаў няма. Пойдзе пэнсіянэр у кантору, заплаціць, прынясе выпіску, а каня запрэгчы няма ў што. Ніхто не купляе ні калёсы, нічога. Усё развальваецца, разбураецца. Усё да горшага йдзе".

Зрэшты, працаздольнаму люду ў калгасе не нашмат лягчэй: паводле афіцыйных зьвестак, пасяўная кампанія недафінансаваная на мільярды рублёў. І па цяперашняй завядзёнцы калгасныя кіраўнікі шукаюць выйсьце за кошт зьніжэньня й адтэрміноўкі выплатаў заробкаў. Гаворыць трактарыст калгасу Віктар Стрэльскі:

(Стрэльскі: ) "Зарабляем — колькі зробіш, столькі й заробіш".

(Карэспандэнтка:) " І колькі гэта?"

(Стрэльскі: ) "Да ста тысяч. У летні сэзон. А зімой чатыры тысячы атрымаеш — самае вялікае. І на што жыць — я ня ведаю".

Нават афіцыйная статыстыка сьведчыць, што летась стратнымі сталі 1400 калгасаў і саўгасаў краіны, альбо 59% ад агульнай колькасьці. Рэнтабэльнасьць ўсяго аграпрамысловага комплексу Беларусі зьнізілася ў 31 раз.
XS
SM
MD
LG