Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАЛАКА Ў КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

А 12 гадзіне ў Курапатах распачалася талака. Гаворыць прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал:

(Буйвал: ) "Сёньня другая субота, як сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ прыходзяць у Курапаты, каб правесьці тут талаку — прыбраць могілкі, добраўпарадкаваць тэрыторыю й зноў ставіць крыжы. Працягваецца стварэньне народнага мэмарыялу, лесу крыжоў. Мы лічым, што менавіта гэты мэмарыял павінен існаваць у Курапатах. Непатрэбныя тут жалезабятонныя монстры. На тэрыторыі нашай сьвятыні павінен быць створаны сапраўды Народны мэмарыял крыжоў — сымбалеў пакуты, жыцьця, вечнай нашай памяці”.

Абаронцы Курапатаў таксама бралі ўдзел у добраўпарадкаваньні ўрочышча. Прыкладам, валанцёр Антось Шкурынскі адкопваў рыдлёўкай крыжы ў насыпу дарогі.

(Шкурынскі: ) "Расчышчаю крыжы, якія засыпалі будаўнікі".

(Карэспандэнтка: ) "Што зь імі будзеце рабіць далей? У іншае месца пераносіць?"

(Шкурынскі: ) "Не. Хопіць ужо. Мы памылкова дазволілі, каб гэтыя крыжы завалілі пяском. Цяпер такога не павінна быць. Проста будзем выцягваць будаўнікоў з машын і тлумачыць ім гэтае".

Раніцай Курапаты наведаў прафэсар Дэвід Гаўнт з Унівэрсытэту Паўднёвага Стакгольму, які таксама зьяўляецца дырэктарам школы Балтыйскіх і Усходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў. Прафэсар Дэвід Гаўнт — гісторык і займаецца дасьледаваньнем цёмных бакоў гісторыі. Паводле спадара Гаўнта, у сьвеце добра ведаюць пра Курапаты. Раней ён сам шмат чытаў пра гэтае месца, але сёньня на свае вочы пабачыў лясны масіў, дзе ляжаць парэшткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Як распавёў мне навуковец Андрэй Катлярчук, які таксама працуе ў Школе Балтыйскіх і Усходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў, гэта ўжо ня першы візыт швэдзкіх навукоўцаў у Курапаты. Два тыдні таму Курапаты наведала група швэдзскіх археолягаў.

(Катлярчук: ) "Былі супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музэю Швэцыі Уля Ульфсан і Джэкі Тэфэндар, а таксама галоўны спэцыяліст па часе вікінгаў на ўсходзе Эўропы, прафэсар Стакгольмскага унівэрсытэту Інгмар Янсан. Падчас размовы гаворка зайшла таксама пра Курапаты, бо ўсе ведаюць, што археолягі займаліся гэтым пытаньнем — Зянон Пазьняк і Мікола Крывальцэвіч. І мы былі тут.

Уля Ульфсан сказаў мне, што ён быў у Латвіі, Літве й Эстоніі ў такіх самых мясьцінах, але найбольш моцнае ўражаньне пакінулі менавіта Курапаты. Вось гэтая дарога, вось гэтыя крыжы ад людзей, неафіцыйныя. Археолягі сказалі, што яны хочуць зрабіць сэмінар у Швэцыі й распавесьці пра гэтую археалягічную экспэдыцыю, пра Курапаты, бо гэта — таксама археалёгія, але якая моцна кранае сэрцы".

Заўтра споўніцца паўгады, як у Курапатах пачалася бестэрміновая вахта памяці.

(Люда: ) "Заўтра ўвечары вырашылі нічога такога не прызначаць а шостай гадзіне, таму што яшчэ невядома, каго затрымаюць на Дзень Волі, а каго не, і хто сюды прыйдзе. У любым выпадку тут будуць зьбірацца людзі. Усё ж афіцыйна мы тут знаходзімся з 24 верасьня з 6 гадзін вечара. Прыходзьце, калі ласка. Будзем шчыра радыя бачыць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG