Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСАВЫМІ ЗАТРЫМАНЬНЯМІ СКОНЧЫЛАСЯ АДЗНАЧЭНЬНЕ 84-Х УГОДКАЎ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БНР У МЕНСКУ І ГОРАДНІ


Валер Каліноўскі, Менск

Арганізатары сьвяткаваньня не чакалі гэткіх брутальных паводзінаў праваахоўчых органаў. Сьвяткаваньне гадавіны БНР у Менску рыхтавалася як узьнёслая і сьвяточная акцыя. Так яно і пачыналася.

У парк Янкі Купалы прыбылі музыкі з фальклёрных і рок-гуртоў. Сабралася каля дзьвюх тысяч чалавек, якія ўсклалі кветкі да помніка Янку Купалу, разам прасьпявалі нацыянальны гімн “Магутны Божа” ды зьбіраліся пайсьці да помніка Якубу Коласу. Папярэдняя згода міліцыі на праход па ходніках да гэтага помніка была. Але калі калёна паспрабавала выйсьці з парку імя Янкі Купалы, высьветлілася, што ўсе выхады заблякаваныя шыхтамі АМОНу. Прадстаўнік упраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму так патлумачыў гэтыя дзеяньні:

(Прадстаўнік упраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму: ) “Калі ўсе разам будуць ісьці, дык гэта ж будзе бардак. Дамовіліся ж – прыйшлі, пасьпявалі, а пасьля групамі, хто на тралейбусе, хто проста так – ідзем да помніка Купалу. Было вось гэтак, чаму ж цяпер ідуць усе разам – гэта шэсьце, а на шэсьце трэба дазвол гарвыканкаму!”

Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі акцыі згарнулі нацыянальныя сьцягі, ім не дазволілі прайсьці з кветкамі да помніка Якубу Коласу. Пасьля нядоўгага процістаяньня зь міліцэйскімі шыхтамі арганізатары акцыі вырашылі яе спыніць. Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Нас загналі ў кацёл, і хаця мы нават згарнулі сьцягі, з катла гэтага нас не выпусьцілі! Сёньня мы ня будзем прыніжацца, ня будзем псаваць наш сьвяточны настрой. Я заклікаю вас спакойна і мірна разысьціся”.

Пасьля таго, як арганізатары і большая частка ўдзельнікаў разышліся, каля трох соцень чалавек бесьперашкодна пайшлі ў бок плошчы Якуба Коласа, спадзеючыся данесьці свае кветкі да помніка паэту. Іх рух суправаджала больш дзясятка аўтобусаў з АМОНам ды высокае міліцэйскае начальства.

Міліцэйскае начальства і вырашыла на скрыжаваньні праспэкту Скарыны і вуліцы Варвашэні спыніць і разагнаць неарганізаваны рух людзей. Адбывалася ўсё так, як гэта было шмат разоў раней. Затрыманых пасадзілі ў дзесяць аўтобусаў. Арганізатары акцыі назвалі дзеяньні міліцыі неадэкватнымі, паколькі людзі мірна ішлі з кветкамі, нікога не чапалі, яны адзначалі галоўнае нацыянальнае сьвята. Гаворыць лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Гэта сьведчыць найперш пра тое, што ў іх няма стратэгіі. Бо напярэдадні і на пачатку падзеяў рэакцыя выканаўчых міліцэйскіх чыноў была абсалютна канструктыўная. І зьнянацку ўключыліся нейкія іншыя імпульсы, нейкая іншая воля – і абсалютна неадэкватная, таму што колькасьць людзей была такая, што абсалютна не магла пагражаць парадку. І канфрантацыйных настрояў не было ў прынцыпе, яны самі іх справакавалі, гэтыя настроі. Ну што ж, будуць пажынаць”.

Вінцук Вячорка лічыць, што гэта адаб’ецца на плянаваньні й арганізацыі наступных акцыяў апазыцыі.
XS
SM
MD
LG