Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЁНУ ДЭМАНСТРАНТАЎ У МЕНСКУ СПЫНЯЛІ МІЛІЦЫЯНТЫ ПАД КІРАЎНІЦТВАМ МІНІСТРА МУС


Ганна Соусь, Менск

Сьвяткаваньне Дня Волі сёлета супала зь Вербнай нядзеляй паводле каталіцкага каляндару. І таму ля касьцёла Сьвятых Сымона й Алены на менкай плошчы Незалежнасьці сёньня было поўна людзей – і тых, хто ішоў у касьцёл на імшу, і тых, хто сабраўся дзеля сьвяткаваньня 84-х угодкаў БНР.

Ля Чырвонага касьцёлу а палове першай сабралося больш за 200 чалавек з кветкамі й бел-чырвона-белымі сьцягамі. Сьпяваючы беларускія песьні, яны пачалі рухацца па ходніках да Кастрычніцкай плошчы. Гаворыць намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) “Гэта сабраліся людзі, якія не зламаліся, якія ніколі ня зломяцца. Адраджэньне Беларусі, якое адбылося ў 1918 годзе, натхняе гэтых людзей, якія ідуць па цэнтральным праспэкце й дэманструюць нязломнасьць. Яны адбудуюць любімую, свабодную і вольную Беларусь”.

Працягвае Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Гэта найвялікшае сьвята для мяне асабіста. Таму што 25 сакавіка 1918 году была пацьверджаная нашая дзяржаўнасьць. Я думаю, што нягледзячы на тое, што сёньня пры ўладзе цалкам прамаскоўская адміністрацыя, яшчэ прыйдзе той час, калі 25 сакавіка будзе вельмі масава сьвяткавацца па ўсёй краіне”.

Калёна рухалася ў атачэньні міліцыянтаў у форме й цывільным. Плянавалася, што калёна пройдзе да Кастрычніцкай плошчы, дзе павінен быў адбыцца невялічкі мітынг. Але ўжо перад падземным пераходам ля ГУМу дэманстрантаў сустрэў ланцуг АМОНу. Іхныя дзеяньні каардынаваў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Дэманстранты спыніліся насупраць амонаўцаў і пачалі сьпяваць “Магутны Божа”.

Гаворыць намесьнік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “На Беларусі акупацыйны, антыбеларускі рэжым, вось вы бачыце аблічча гэтага рэжыму. Яны ненавідзяць нас, беларусаў, яны ненавідзяць усё беларускае. Сёньня сьвята, і вось гэтыя людзі ўвесь час хацелі бы, каб гэтае сьвята ператварылася ці ў бойку, ці ў нешта іншае. А мы сьвяткуем, мы сьпяваем. Бачыце, што мы з кветкамі...”

Тут жа ля ўнівэрмагу Сяргей Папкоў зачытаў віншавальны зварот Зянона Пазьняка:

(Папкоў: ) “Вітаю вас у нашай сьветлай дарагой Бацькаўшчыне й віншую з Днём Незалежнасьці. Беларуская нацыянальная ідэя пасьпяхова ажыцьцяўлялася ў сакавіку 1918 году...”

(Міліцыянт перабівае: ) “Хто дазволіў тут мітынг праводзіць?”

(Папкоў: ) “Гэта ня мітынг. Прабачце, я зачытаю зварот”.

(Міліцыянт: ) “Тут ніхто не дазваляў праводзіць ніякі мітынг”.

(Папкоў працягвае чытаць: ) “…калі было створанае беларускае дзяржаўнае кіраўніцтва, якое 25 сакавіка абвясьціла незалежнасьць. Беларуская ідэя – гэта як наша беларуская Пагоня, якую не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. Жыве Беларусь!”

(Людзі: ) “Жыве! Жыве Беларусь!”

(Папкоў: ) “Будзем сёньня працягваць сьвяткаваць поўны дзень!”

Пасьля гэтага ўдзельнікі шэсьця разышліся, некаторыя зь іх накіраваліся да сквэру Янкі Купалы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG