Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ


Юрась Барысевіч, Менск

Вядомы пэрформэр і жывапісец Алесь Пушкін выйшаў з мастацкае суполкі “Пагоня” на знак пратэсту супраць канфармізму кіраўнікоў гэтае некалі сьмелае суполкі. Два гады таму рада “Пагоні” забараніла Пушкіну ладзіць на супольнай выставе ў Палацы мастацтваў антыфашыстоўскі пэрформанс “Фэнікс Беларусі”. З палітычных меркаваньняў на выставу, што адчынілася ў апошні чацьвер, не былі прынятыя партрэты антысавецкіх партызанаў Міхала Вітушкі й Усевалада Родзькі. Цяпер Пушкін мяркуе паказаць гэтыя творы на якой-небудзь з вулічных акцыяў дэмакратычнае апазыцыі.

Пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Менску адчыніўся Цэнтар скандынаўскіх досьледаў. Цэнтар будзе спрыяць навуковым, адукацыйным і культурніцкім абменам паміж Беларусьсю й краінамі Паўночнае Эўропы, тут будуць дзеяць платныя курсы швэдзкае мовы й бясплатныя курсы скандынавазнаўства. Сярод фундатараў Цэнтру — Швэдзкі інстытут і ўнівэрсытэт Паўднёвага Стакгольму.

У выстаўнае залі Гомельскага ўнівэрсытэту імя Скарыны экспануецца фотавыстава “Палесьсе–2001”. Аўтары зьбіральнага вобразу сучаснае Гомельшчыны — 25 мастакоў зь Беларусі, Нямеччыны й Шатляндыі. Гэтай выставаю аднавіў сваю дзейнасьць адзіны ў горадзе фотаклюб “Палесьсе”, які ня ладзіў ніякіх акцыяў ажно сем гадоў.

Новы дырэктар Нацыянальнага музэю гісторыі й культуры Пётра Хацько заснаваў пры музэю Салён расейскага авангарду пачатку ХХ стагодзьдзя. Першай імпрэзаю Салёну сталася выстава графікі й жывапісу трох вядомых авангардыстаў — Уладзімера Татліна, Аляксандры Экстэр і Сяргея Чахоніна. Гэтыя творы даслалі для выставы прыватныя заходнія калекцыянэры, імёны якіх не афішуюцца.

Задзіночаньне беларускіх студэнтаў абвесьціла конкурс “Голая студэнцкая праўда”. Прымаюцца фотаздымкі, жывапіс, вырабы народных рамёстваў, якія адлюстроўваюць студэнцкае жыцьцё. Конкурс мае тры намінацыі: “Самая голая”, “Самая студэнцкая” і “Самая праўда”. Лепшыя творы будуць паказаныя на выставах у буйнейшых унівэрсытэцкіх цэнтрах Беларусі.

Польскі інстытут і Лябараторыя сучаснага мастацтва Беларускага калегіюму запрашаюць на лекцыю найбольш вядомага ў сьвеце сучаснага беларускага мастака Лявона Тарасэвіча. Прафэсар Варшаўскае Акадэміі мастацтваў, актыўны дзеяч беларускага грамадзка-культурніцкага руху на Беласточчыне, Лявон Тарасэвіч распавядзе пра найноўшыя тэндэнцыі ва ўсясьветным мастацтве й жыцьці беларусаў у Польшчы. Лекцыя з паказам відэаматэрыялаў адбудзецца 26 сакавіка ў бібліятэцы імя Янкі Купалы а 18-й гадзіне.
XS
SM
MD
LG