Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВАЛЕРЫЮ ШЧУКІНУ, ДЭПУТАТУ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ, ЖУРНАЛІСТУ Й ПРАВААБАРОНЦУ СПОЎНІЛАСЯ 60 ГАДОЎ


Любоў Лунёва, Менск

Валеры Шчукін заўсёды вылучаецца ў натоўпе дэманстрантаў ня толькі сваёй барадой. Жыхары сталіцы памятаюць Шчукіна ў касцы і камізэльцы з надпісам "Таварыш". Калі арыштавалі Андрэя Клімава, Шчукін хадзіў па праспэкце Францішка Скарыны з плякатам "Свабоду Клімаву!" За асабістую мужнасьць Шчукіна ўзнагародзілі Нацыянальнай прэміяй "Хартыі '97". Сёньня спадар Шчукін адказаў на некалькі пытаньняў Радыё Свабода.

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Шчукін, вы сталі вядомым чалавекам за час праўленьня Лукашэнкі. Вас пазнаюць людзі на вуліцах. Скажыце, калі ласка, ці трансфармавалася нейкім чынам вашая грамадзянская пазыцыя?”

(Шчукін: ) "Абавязкова! Я чалавек камуністычных поглядаў. За гэты час яны сталі трохі іншымі. У часе маёй маладосьці бальшавізм і камунізм былі амаль адно й тое ж. Цяпер бальшавізм я не прымаю, таму што трэба кагосьці прымушаць, а я супраць прымусу”.

(Карэспандэнтка: ) "Апошнім часам Вы ўдзельнічаеце ў апазыцыйных акцыях разам са сваёй унучкай. Яе таксама ўжо затрымлівалі. Як да гэтага ставяцца Вашыя сваякі?”

(Шчукін: ) "Не ўхваляюць. Але ўжо прызвычаіліся да гэтага. Дзяўчынцы ідзе 17 год, яна мае свае погляды і права на іх выказваньне. Яна цалкам падтрымлівае свайго дзеда, які змагаецца за дэмакратыю і за яе будучыню”.

(Карэспандэнтка: ) "Валеры Аляксеевіч, вы ўвесь час служылі ў ваенна-марскім флоце. Вы марскі афіцэр. Можа, сёньня, калі прайшоў пэўны час, у вас ёсьць нейкія ўспаміны з таго часу, калі Вам за нешта сорамна..."

(Шчукін: ) "Ну, саромецца мне няма чаго. Я заўсёды намагаўся быць вельмі сумленным чалавекам”.

(Карэспандэнтка: ) "А тое, што Вы служылі на флоце, што вы вайсковец — гэта неяк дапамагае Вам?"

(Шчукін: ) "Пагоны, якія на маіх плячах, не дазваляюць мне не паважаць сябе, як старэйшага афіцэра. Я і ад міліцыянтаў патрабую захоўваць субардынацыю”.

(Карэспандэнтка: ) "Валеры Аляксеевіч, з чаго складаецца Ваш дзень? Што Вы робіце ў вольны час, калі ня пішаце артыкулы, ці ня робіце апазыцыйныя акцыі? Чым займаецца Валеры Шчукін?"

(Шчукін: ) "У мяне няма вольнага часу. Валеры Шчукін знаходзіцца на вайне ўсе 24 гадзіны ў суткі. Чытаць няма часу. У тэатры хаджу вельмі рэдка, але хаджу”.

(Карэспандэнтка: ) "Вас пазнаюць мінакі на вуліцах. Як Вы да гэтага ставіцеся?"

(Шчукін: ) "Вельмі добра. Я палітык, калі палітыка пазнаюць на вуліцы, гэта ж прыемна".

(Карэспандэнтка: ) "Падыходзяць да Вас людзі?"

(Шчукін: ) "Падыходзяць. Спачатку пасьля таго рэфэрэндуму 1996 году падыходзілі, лаяліся: "Ты, што супраць "бацькі" выступаеш". А зараз падыходзяць, каб паціснуць руку і пажадаць посьпехаў у барацьбе супраць рэжыму і за іх правы".

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Шчукін, Вы нарадзіліся на Далёкім Усходзе і там прайшла пэўная частка Вашага жыцця..."

(Шчукін: ) "Палова".

(Карэспандэнтка: ) "Вы на дэманстрацыях змагаецеся за незалежнасьць Беларусі. Патрабуеце, каб паважалі беларускую мову, беларускую культуру. Як Вы апынуліся ў Беларусі?”

(Шчукін: ) "Мая маці беларуска. У далёкім 1951 годзе мы прыехалі ў Беларусь. Тут я вучыўся ў агульнапачатковай школе, дарэчы, на беларускай мове. Ведаў мову, але ж 27 гадоў служыў на савецкім флёце, а там размаўляюць выключна па-расейску. Пасьля сканчэньня тэрміну службы я вярнуўся ў Беларусь, адкуль мяне прызывалі на службу. Цяпер абараняю мой народ, якому даваў прысягу. Мае ўнукі — беларусы. Я хачу пакінуць ім пасьля сябе ня грошы, а лепшую будучыню. Пажадана, каб мае ўнукі мелі нацыянальны гонар, нацыянальную сьвядомасьць. І гэта ўжо ёсьць".
XS
SM
MD
LG