Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГРАМАДЗКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА "ЗА ЎРАТАВАНЬНЕ МЭМАРЫЯЛУ КУРАПАТЫ" І БЕЛАРУСКІ КАМІТЭТ МІРУ ВЫПРАЦАВАЛІ АГУЛЬНУЮ КАНЦЭПЦЫЮ МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫІ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Пасьля грамадзкіх слуханьняў наконт будучага мэмарыялу ў Курапатах, якія адбыліся мінулым тыднем, грамадзкая ініцыятыва "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты" і Беларускі камітэт міру супольна выпрацавалі адзіную канцэпцыю мэмарыялу.

Вось яе асноўныя палажэньні: у Курапатах павінен быць узьведзены мэмарыял бязьвінна загінулых ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, які мусіць мець агульнанацыянальны статус. Па ўсім пэрымэтры яго належыць устанавіць агароджу, ямы-магілы трэба пакінуць цалкам некранутымі. Цяперашні Крыж Пакуты й памятныя знакі ўшанаваньня ахвяраў павінны застацца дамінантай будучага мэмарыялу. Дапускаецца магчымасьць лякальнага пэрсаніфікаванага ўшанаваньня ахвяраў. Мастацкае ўвасабленьне мэмарыялу павінна прадугледжваць прымальнасьць для розных веравызнаньняў.

(Вячорка: ) “Мэмарыял ствараўся натуральным чынам, і такая самая натуральнасьць ягонага напаўненьня павінна прадугледжвацца й надалей. У гэтым ягоная адметнасьць і ўвогуле ўнікальнасьць для цяперашняй Беларусі.

Рэальна мясьціны пахаваньняў, магільныя яміны ўшаноўваюць, уганароўваюць крыжамі. І гэтак сама было б натуральна, калі б нехта мусульманскага вызнаньня ўганараваў камянём тую ці іншую мясьціну. Ёсьць прасека, якая стыхійна сталася месцам самых розных спосабаў ушанаваньня. Там ёсьць амэрыканская лава, якая, відаць, і была прыдуманая, як вобраз, які сапраўды паядноўвае ўсіх, які ўласьцівы для могілак. Там і стала бы хутчэй за ўсё калектыўнае месца ўшанаваньня”.

У часе абмеркаваньня ўзьніклі спрэчкі наконт назвы мэмарыялу. Старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч, лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі й скульптар Алесь Шатэрнік мяркуюць, што у канцэпцыі павінна быць пазначана: мэмарыял ахвярам бальшавіцкага генацыду. Аднак большасьць сяброў грамадзкай ініцыятывы "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты" схіляюцца да таго, што ў канцэпцыі трэба ўжываць агульнавядомы тэрмін "ахвяры палітычных рэпрэсіяў", а паняцьце бальшавіцкага генацыду трэба патлумачыць у адмысловай прэамбуле да праекту канцэпцыі.

Гэткае тлумачэньне будзе ў хуткім часе падрыхтаванае і агучанае 25 сакавіка ў панядзелак, пасьля чаго прадстаўнікі ўсіх грамадзкіх арганізацыяў падпішуць праект канцэпцыі мэмарыялу і дашлюць прэм'ер-міністру Беларусі Генадзю Навіцкаму.

Грамадзкасьць таксама будзе дамагацца стварэньня Рэспубліканскай камісіі, у склад якой увайдуць прадстаўнікі дзяржаўных ворганаў, інтэлігенцыі, грамадзкіх ініцыятываў і арганізацыяў. Плянуецца, што Рэспубліканская камісія зоймецца правядзеньнем міжнароднага конкурсу на найлепшы праект мэмарыялу ў Курапатах, зборам сродкаў на яго, а таксама будзе кантраляваць будаўніцтва мэмарыялу.
XS
SM
MD
LG