Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ ЛІЧЫЦЬ, ШТО НІЧОГА НОВАГА Ў ЛУКАШЭНКАВАЙ КРЫТЫЦЫ НЕ БЫЛО


Юры Сьвірко, Менск

На сэмінары для кіраўнікоў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што калі група АБСЭ ў Менску мусіць нешта рэгуляваць, дык гэта "наўпроставае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы". Паводле спадара Лукашэнкі, "калі б мы ў ЗША ці нейкай Нямеччыне й Францыі сябе так паводзілі — нас бы выкінулі даўно адтуль".

Як рэгуюць на гэта ў АБСЭ? Супрацоўнік інфармацыйнае службы сакратарыяту АБСЭ ў Вене Алекс Ніцшэ сёньня сказаў пра гэтую Лукашэнкаву заяву:

(Ніцшэ: ) “Калі быць шчырым, здаецца, што гэта нешта зноў з той жа лініі крытыкі, якую мы чулі раней. І мне няма чаго дадаць новага да гэтага”.

Я спытаўся ў спадара Ніцшэ, чаму на паседжаньні Сталае рады АБСЭ не было абвешчанае рашэньне прызначыць адмысловага пасланьніка дзейнага старшыні ў справах Беларусі, хаця гэтага чакалі.

(Ніцшэ: ) “Сапраўды, гэта магло адбыцца, але гэтага не адбылося. Якой бы ні была прычына гэтага, я не магу сказаць вам больш — я ня ведаю”.

Аднак, як паведамілі мне ў Міністэрстве замежных справаў Партугаліі, якая сёлета старшынюе ў АБСЭ, насамрэч затрымка зьвязаная з кадравымі зьменамі ў Лісабоне. Новы прэм'ер-міністар Партугаліі ўжо зацьверджаны — аднак ён будзе фармаваць свой кабінэт толькі на наступным тыдні. Чакаецца, што менавіта новы шэф партугальскае дыпляматыі абвесьціць пра рашэньне прызначыць адмысловага пасланьніка ў справах Беларусі.
Гэта пацьвярджаюць і ў Вене:

(Ніцшэ: ) “Гэта насамрэч знаходзіцца ў руках партугальскага старшыняваньня. Пакуль я не атрымаў ні слова пра разьвіцьцё падзеяў, якое можа адбыцца. Гэта можа зьмяніцца вельмі хутка”.

На разьвітаньне я нагадаў яму пра Лукашэнкава пытаньне: "Што хоча ад нас АБСЭ?"

(Ніцшэ: ) “Я думаю, што мандат АБСЭ вядомы ў Беларусі. І няма ніякай інтэрпрэтацыі, якую б я як прэсавы сакратар мог бы дадаць да гэтага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG