Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІ БІЗНЭСОВЕЦ АБВІНАВАЦІЎ ПОЛЬСКУЮ ГАЗЭТУ Ў ПАКЛЁПЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У Горадні спадар Буйніцкі быў кіраўніком вялікай прыватнай будаўнічай фірмы, у якой працавала каля 600 рабочых. Станіслаў Буйніцкі меў таксама актыўную грамадзянскую пазыцыю – быў кіраўніком Зьвязу прадпрымальнікаў Гарадзенскай вобласьці, намесьнікам старшыні Зьвязу палякаў Беларусі, сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутатам гарадзенскага гарсавету і адным з заснавальнікаў гарадзенскай “Ратушы”.

Трэба адзначыць, што ў будынках, якія належалі фірме Станіслава Буйніцкага, арандавала памяшканьні генэральнае консульства Польшчы ў Горадні.

Спадар Буйніцкі меў канфлікты з тагачасным старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму спадаром Дубком, які неаднаразова выклікаў яго ў выканкам ды пагражаў, што з-за сумяшчэньня бізнэсу і грамадзкай дзейнасьці ў Буйніцкага будуць праблемы.

Станіслаў Буйніцкі паведаміў, што некалькі разоў судзіўся з аблвыканкамам, які даваў чыноўнікам дазволы на незаконнае засяленьне ў новыя кватэры, якія належалі фірме спадара Буйніцкага, нават не пытаючы пры гэтым ягонага дазволу.

У 1999 годзе беларускія праваахоўчыя органы абвінавацілі Станіслава Буйніцкага ў выкраданьні старога 25-гадовага крану ды завялі на яго крымінальную справу. Варта адзначыць, што паводле дакумэнтаў, якія мае спадар Буйніцкі, у той час ён знаходзіўся ў ЗША, а крану з такім рэгістрацыйным нумарам увогуле не існуе.

Як вынік, у тым жа 1999-м годзе , спадар Буйніцкі вырашыў зьехаць у Польшчу і хутка атрымаў польскае грамадзянства, адначасова застаючыся грамадзянінам Беларусі.

Трохі раней, вясной 1998 году, у польскай газэце “Трыбуна” быў надрукаваны артыкул “Няхай спадар міністар гэта спраўдзіць”, аўтары якога абвінавацілі польскае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў тым, што яно здымае памяшканьні ў чалавека, які “мае канфлікты з законам і знаходзіцца ў вышуку за даўгі”.

(Буйніцкі: ) “Гэты артыкул – гэта бруд, выліты на маю асобу. Аднак гэты бруд закранае ня толькі мяне, але й маіх калегаў. Я заўсёды буду бараніць свой гонар і годнасьць, бо ніколі не быў звязаны зь парушэньнямі закону ні ў Беларусі, ні ў Польшчы”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, спадар Буйніцкі, ці праўда, што публікацыя ў “Трыбуне” ў пэўнай ступені выклікала для вас праблемы ў Беларусі?”

(Буйніцкі: ) “Гэта праўда, пасьля таго, як гэтая газэта трапіла ў Беларусь, быў вялікі рэзананс. Гэта заўважылі спэцслужбы”.

Сёньня ў Варшаўскім акруговым судзе, куды спадар Буйніцкі зьвярнуўся са скаргай у абароне сваёй годнасьці, судзьдзя вырашыў адкласьці судовае паседжаньне – бо для ўдзелу ў працэсе не зьявіўся прадстаўнік “Трыбуны”. Суд таксама пастанавіў выклікаць наступным разам уладальніка газэты, а калі той ня зьявіцца, разглядаць справу ў адсутнасьці адказчыка.
XS
SM
MD
LG