Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПРА "БЕЛАРУСКУЮ МАДЭЛЬ РАЗЬВІЦЬЦЯ"


Валер Каліноўскі, Менск

Пасьля таго, як на вучобе чыноўнікаў усіх галінаў улады былі заслуханыя лекцыі пра сацыяльна-эканамічныя пераўтварэньні ў Расеі і Кітаі, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што слухачы не атрымалі поўнага ўяўленьня аб прынцыпах і асаблівасьцях беларускай мадэлі развіцця.

Ён прызнаў, што пакуль няма дакладных распрацовак пра яе сутнасьць, прынцыпы і пэрспэктывы ды выказаў свае ўласныя разважаньні на гэты конт.

Словазлучэньне "беларуская мадэль развіцьця", як высьветлілася, належыць не Лукашэнку, а былому кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхаілу Мясьніковічу ды іншым ягоным памочнікам. Але напярэдадні выбараў спадар Лукашэнка пабойваўся гучна гаварыць пра гэтую асаблівую мадэль, каб ня даць падставаў для абвінавачаньняў у тым, што ён прыдумляе "ні да чаго не падобны шлях нейкай новай бананавай рэспублікі".

Але пасьля выбараў Аляксандар Лукашэнка вырашыў адкрыта загаварыць на гэтую тэму. Прычым падштурхнулі яго да гэтага высновы замежных дасьледчыкаў і перш за ўсё спэцыялістаў Сусьветнага банку пра спэцыфіку сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў у Беларусі.

Паводле самога А.Лукашэнкі, сутнасьць так званай беларускай мадэлі — адмаўленьне ад "ломкі паводле расейскага досьведу", ад рэкамэндацыяў МВФ, падтрымка калгасаў, сацыяльныя праграмы і г.д.

(Лукашэнка: ) “Так, беларуская мадэль разьвіцьця ці беларускі шлях разьвіцьця аб'ектыўна існуюць, усё, што мы маем сёньня ў эканоміцы, у сацыяльнай і іншых сфэрах — вынік таго, што мы ўсе гэтыя гады ішлі сваім шляхам. Мы жылі сваім розумам”.

Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу перад фундамэнтальнай навукай зрабіць свой унёсак у далейшае разьвіцьцё гэтай "беларускай мадэлі". Паводле ягоных словаў, на дадзены момант яна нічога не зрабіла ў гэтым накірунку. Глыбокіх і зьмястоўных тэарэтычных працаў пра беларукую мадэль разьвіцьця проста няма, вучоныя ня могуць ні апісаць падзеі, ні прагназаваць будучыню.

У сувязі з гэтым Лукашэнка прызнаў, што ён "ідзе па цаліне", прымае палітычныя рашэньні не на падставе навуковых рэкамэндацыяў , а "ідучы ад жыцьця".
XS
SM
MD
LG