Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВУКОЎЦАЎ ВЫПРАЎЛЯЮЦЬ У ВЫМУШАНЫЯ АДПАЧЫНКІ


Ігар Карней, Менск

Супрацоўнік Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Арсень Ліс у вымушаным адпачынку ўжо два тыдні. Пакуль спадзяецца, што сытуацыя зьменіцца.

(Ліс: ) "Ведаеце, вясна — гэта час надзеяў..."

(Карэспандэнт: ) "Але ці можна жыць толькі аднымі надзеямі?"

(Ліс: ) "Дырэкцыя запэўнівае, што павінна быць нешта станоўчае. Тут якая сытуацыя. Нам былі выдзеленыя грошы з акадэмічнага бюджэту на ўзроўні 1995 году. Але ж з 1995 году грошы моцна патаньнелі..."

(Караспанэдэнт: ) "Але гэта агульная сытуацыя па ўсёй Акадэміі навук? Ці былі раней падобныя прэцэдэнты?"

(Ліс: ) "Так, сытуацыя агульная. У Інстытуце біяхіміі ў лютым на два тыдні хадзілі ў адпачынак. Гэта ня нешта прынцыпова новае, але цяпер стала гусьцей ісьці гэтая паласа".

Бальшыня навукоўцаў незаплянаваныя перапынкі перажывае вельмі балюча. Найперш, гэта наўпрост адбіваецца на заробку. Аклады супрацоўнікаў навуковых установаў — адныя з самых нізкіх у краіне. Штомесячны заробак доктара навук (разам з даплатамі за ступень ды званьне) складае ў лепшым выпадку $80 — 90. Ня ёсьць выратаваньнем і ўладкаваньне на дадатковую працу: паводле дзяржаўных тарыфаў, паўтары гадзіны лекцыяў каштуюць 2 тысячы рублёў, альбо крыху болей за даляр.

Вынікам стала імклівае старэньне акадэмічнай школы: бальшыня навукоўцаў даўно перакрочылі пэнсыйны ўзрост. Паводле некаторых расповедаў, моладзь сядзіць у сьценах Акадэміі выключна да моманту абароны дысэртацыі, а потым без усялякіх роздумаў сыходзіць.

Пытаюся ў спадара Ліса, хто канкрэтна вінаваты ў такім стане наагул і якія захады мусіць зрабіць адміністрацыя Акадэміі навук у прыватнасьці.

(Ліс: ) "Нават ня ведаю, хто непасрэдна адказвае за такую сытуацыю, бо адміністрацыя цяпер новая, і ніхто толкам у ёй зараз не арыентуецца. Увогуле ж, уся адміністрацыя ў працэсе рэфармаваньня. Кажуць, нейкая Генэральная асамблея павінна кіраваць, так бы мовіць, зборнае кіраўніцтва. Але, мне здаецца, там не да канца ўсё прадумана, і не да канца выслуханыя ўсе прапановы".

Некаторыя навукоўцы, якім я сёньня затэлефанаваў, лічаць, што вымушаны адпачынак (як у Інстытутах мастацтвазнаўства, сацыялёгіі, біяхіміі) — гэта яшчэ не найгоршы варыянт. Бо, прыкладам, у Інстытуце літаратуры нядаўна скарацілі ўсіх, хто працаваў на палову стаўкі. У Інстытуце фізыкі бальшыня супрацоўнікаў пераведзеная на працоўныя дамовы, паводле якіх канкрэтны спэцыяліст запатрабоўваецца толькі тады, калі ёсьць мэтавае фінансаваньне праекту. Ды і ўвогуле, паводле задумы цяперашняга кіраўніцтва НАН, навука павінна зрабіцца гэткім "самадастатковым арганізмам" і сама сябе забясьпечваць сродкамі.

Былая асьпірантка Інстытуту фізыкі з гэтай нагоды абураецца, што фундамэнтальная навука ўжо паводле свайго вызначэньня ня можа прыносіць прыбытак, паколькі, адрозна ад навукі прыкладной, працуе на пэрспэктыву. Многім беларускім навукоўцам у такіх умовах даводзіцца шукаць працоўную альтэрнатыву за мяжой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG