Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ ЛІЧАЦЬ МЭТРО НЕБЯСЬПЕЧНЫМ ВІДАМ ТРАНСПАРТУ


Галіна Абакунчык, Менск

Калі прапановы кіраўніцтва мэтро гарадзкія ўлады замацуюць юрыдычна, то ў дзейных абмежаваньнях зьявяцца яшчэ некалькі пунктаў. Да прыкладу, будзе забаронена правозіць грувасткія колавыя вазкі, зьбірацца натоўпамі ў пераходах, паліць і піць піва. Адміністрацыйная адказнасьць прадугледжваецца таксама за гандаль, распаўсюд друкаванай прадукцыі, за наклейкі й надпісы. Больш жорсткім стане кантроль дакумэнтаў, якія даюць права на льготы, і нават ацэнка выпадкаў, калі адзеньне пасажыраў "зажоўвае" эскалятар. Аднак гэтыя новаўводзіны не зьвязаныя з прадухіленьнем трагедыяў, падобных да той, што здарылася на Нямізе. Гаворыць кіраўнік службы руху Менскага мэтрапалітэну Рыгор Якімкоў:

(Якімкоў:) "Я ня зьвязваў бы новыя правілы з трагедыяй на Нямізе. Можа, на будучыню праектавальнікі будуць разглядаць, як пабудаваць больш шырокія дзьверы альбо лесьвіцы. Але сёньня нічога такога няма. Ды й ня ў гэтым была справа. Нічога там не магло перашкодзіць. Нявыхаванасьць. Хамская нявыхаванасьць".

Шэраг выпадкаў зь перабоямі ў руху цягнікоў і нават адвольнае адкрыцьцё дзьвярэй кіраўнік службы руху называе "нязначнымі" тэхнічнымі прычынамі. Паводле ягоных словаў, большую небясьпеку для пасажыраў уяўляе перагружанасьць вагонаў і пляцформаў. Цяпер мэтро штодня перавозіць каля 900 тысяч чалавек, а кожная новая станцыя павялічвае плынь пасажыраў прыкладна на 7%. Аднак папоўніць цягнікі дадатковымі пятымі альбо шостымі вагонамі сёньня не дазваляе мізэрнасьць сродкаў, якія кіраўніцтва гораду выдаткоўвае на разьвіцьцё мэтро. І значная частка пасажыраў небеспадстаўна называе падземны від транспарту адным з самых небясьпечных.

(Карэспандэнтка: ) "Ці адчуваеце вы сябе ў мэтро ў бясьпецы?"

(Жанчына:) "Не заўсёды. Тут вельмі шмат людзей, асабліва ў гадзіны пік. І калі гэты натоўп ідзе, то здаецца, што цябе зьнясе. А аднойчы я ўпала на эскалятары. Добра, што мужчына нейкі падхапіў, а так ня ведаю, што б было. Стараюся ў мэтро езьдзіць як можна радзей”.

(Хлопец: ) "Не зусім, канечне ж. Але як кожны дзень езьдзіш, дык ужо й прывык".

(Мужчына: ) "Адчуваю. Усё добра, пані”.

(Жанчына: ) "Не. На мяне гэтая замкнёная прастора адмоўна дзейнічае. Але ежджу штодня на працу, бо шкада часу".

(Хлопец: ) "Мая маці за мяне вельмі хвалюецца. Кажа, што цяпер у мэтро часта бомбы падкладваюць і просіць, каб я езьдзіў наземным транспартам".

Працягласьць менскага мэтро складае 23 кілямэтры, на якіх разьмешчаныя 20 станцыяў. Самымі небясьпечнымі месцамі ў мэтро адмыслоўцы называюць эскалятар і пэрон. Асабліва гэта датычыць людзей нападпітку. Напружаньне на рэйках складае 825 вольт. А тым часам п’яных у мэтро ўсё больш. Да прыкладу, летась з 12 тысяч адміністрацыйных пратаколаў палова была складзеная за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане.

Акрамя таго, мэтро — месца, зьвязанае зь небясьпекай тэрактаў, і нельга гарантаваць, што іх ня здарыцца і ў Беларусі. Аднак, паводле міліцыянтаў, сёньня яны гатовыя папярэдзіць тэракт. Гаворыць намесьнік кіраўніка аддзелу міліцыі Менскага мэтрапалітэну Анатоль Шулінскі.

(Шулінскі: ) "З увагі на небясьпеку тэрактаў, мы не пакідаем без увагі ніводнай знаходкі. Цяпер у нас працуе адмыслова навучаны сабака. Ня буду дэталізаваць, але скажу, што ў нас ёсьць для прадухіленьня сучасныя тэхнічныя сродкі па мерках СНД і краінаў замежжа".

А тым часам яшчэ не завершаная крымінальная справа ў дачыненьні двух высокапастаўленых міліцэйскіх чыноўнікаў, распачатая з прычыны масавай гібелі грамадзянаў на станцыі мэтро "Няміга". Аднак толькі на новазбудаванай станцыі “Магілёўская” ўзьведзеныя павільёны, якія засьцерагаюць лесьвіцы мэтро ад дажджу. Іншых зьменаў у тэхнічнай і арганізацыйнай працы мэтро з часу трагедыі не адбылося.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG