Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ЛУКАШЭНКА АБАРАНЯЕ ХУСЭЙНА”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Кіраўнік Беларусі заяўляе аб поўнай салідарнасьці з Іракам”, – гэтак пачынаецца артыкул “Лукашэнка абараняе Хусэйна”. Самы папулярны польскі штодзёньнік распавядае пра нядаўняе спатканьне Аляксандра Лукашэнкі зь віцэ-прэм’ерам і міністрам фінансаў Іраку і пра намеры беларускага ўраду прадаваць у Ірак сельскагаспадарчую прадукцыю, вырабы лёгкай прамысловасьці, а таксама зьбіраць у гэтай краіне беларускія трактары ды грузавікі.

“Паводле беларускага Міністэрства замежных справаў, супрацоўніцтва з Іракам адбываецца выключна ў межах праграмы ААН “Нафта ўзамен на харчаваньне”, – адзначае газэта. Аднак далей падаецца меркаваньне Дзярждэпартамэнту ЗША, паводле якога Беларусь ня толькі прадае Іраку зброю, але й навучае спэцыялістаў да абслугоўваньня ракетных комплексаў “С-300”.

Газэта таксама зьвяртае ўвагу на тое, што візыт прадстаўнікоў Садама Хусэйна ў Беларусь адбываецца ў час, калі Злучаныя Штаты Амэрыкі рыхтуюць антытэрарыстычную апэрацыю супраць Іраку.

Іншы матэрыял – “Беларусь і Захад – усё далей ад нармалізацыі стасункаў”, які закранае ў тым ліку і тэму беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў, зьявіўся напярэдадні на афіцыйным сайце Варшаўскага цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў.

Аўтар аналітычнай справаздачы, экспэрт у справе Беларусі, Рафал Садоўскі ўжо вядомы слухачам Радыё Свабода сваім дасьледаваньнем у справе нелегальнага продажу Беларусьсю зброі. У матэрыяле “Беларусь і Захад – усё далей ад нармалізацыі стасункаў”, спадар Садоўскі грунтуецца на справаздачах дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якая наведала Менск на пачатку лютага, а таксама дэлегацыі Дзярждэпартамэнту ЗША, сябры якой былі ў Беларусі пры канцы таго ж месяца.

У дасьледаваньні падаюцца і апошнія выказваньні прадстаўнікоў афіцыйнага Менску і асабліва Аляксандра Лукашэнкі, які заяўляў аб сваім нэгатыўным стаўленьні да кантактаў з АБСЭ, а таксама крытыкаваў прысутнасьць сілаў антытэрарыстычнай кааліцыі ў краінах Цэнтральнае Азіі.

Падсумоўваючы стан дачыненьняў афіцыйнага Менску са Злучанымі Штатамі й АБСЭ, спадар Садоўскі адзначае: “Апошнія падзеі ў дачыненьнях Беларусі з АБСЭ і ЗША пацьвярджаюць меркаваньні пра тое, што на міжнароднай арэне беларускія ўлады працягваюць палітыку самаізаляцыі. Яны адкідаюць магчымасьць якога заўгодна кампрамісу і займаюць усё больш цьвёрдую пазыцыю. З выказваньняў прадстаўнікоў беларускіх уладаў можна зрабіць выснову, што Беларусь у блізкім часе не зьбіраецца нармалізаваць свае стасункі з Захадам”.
XS
SM
MD
LG