Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАЕВІКІ “АЛЬ-КАІДЫ” АТАКАВАЛІ ПАЗЫЦЫІ АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНАЙ КААЛІЦЫІ НА ЎСХОДЗЕ АФГАНІСТАНУ


Віталь Цыганкоў, Прага

Генэрал Томі Фрэнкс, камандзір амэрыканскай ваеннай апэрацыі ў Афганістане, сёньня падчас візыту ў Маскву сказаў, што ён ня ведае, ці жывы лідэр тэрарыстычнай арганізацыі “Аль-Каіда” Ўсама бін Лядэн. Фрэнкс кажа, што каліцыйныя войскі ў рэгіёне найперш маюць за мэту разбурэньне ўсёй тэрарыстычнай сеткі.

“Мы пакуль ня ведаем, як доўга гэтая апэрацыя ў Афганістане можа працягвацца, бо мы застаемся засяроджаныя на вызначэньні месца й адшуканьні схованак “Аль-Каіды” ўнутры Афганістану. Тады мы пойдзем і выцягнем іх адтуль”, – заявіў Фрэнкс.

Тым часам сёньня ўначы баевікі “Талібану” і “Аль-Каіды” атакавалі пазыцыі антытэрарыстычнай кааліцыі ва ўсходнім Афганістане каля аэрапорту ў горадзе Хосьце. “Баявікі выкарыстоўвалі мінамёты, гарматы і аўтаматычную зброю”, – паведаміў на брыфінгу амэрыканскі маёр Браян Гілфэрты. Бой працягваўся каля дзьвюх гадзінаў, адзін амэрыканскі жаўнер быў паранены.

Аднак жа амэрыканскі генэрал-маёр Франк Гагенбэк, які камандаваў нядаўняй апэрацыяй “Анаконда”, паведаміў, што пакуль дакладна невядома, ці сталі сілы кааліцыі аб’ектам атакі тэрарыстаў альбо гэта былі сутыкненьні паміж афганскімі групоўкамі.

“Мы ведаем, што ў гэтым рэгіёне застаецца напружанасьць”, – адзначыў генэрал. Афганскае ісьлямскае агенцтва паведамляе, што былі атакаваныя дзьве ўзьлётныя паласы – акрамя аэрапорту ў Хосьце яшчэ і амэрыканская база ў Сарабаху, на якой праходзяць падрыхтоўку афганскія вайскоўцы.

Мясцовыя жыхары кажуць, што чулі моцныя гарматныя выбухі. Напружанасьць у Хосьце ўзмацнілася пасьля таго, як у аўторак адбылася страляніна паміж прыхільнікамі губэрнатара правінцыі й прыхільнікамі мясцовага шэфа паліцыі. Хост знаходзіцца за 15 кілямэтраў на ўсход ад даліны Шахі-Кот, дзе сілы кааліцыі на чале з ЗША нядаўна закончылі апэрацыю “Анаконда”. Гэты рэгіён мяжуе з Пакістанам і зьяўляецца зручным пляцдармам для пранікненьня баевікоў.

Амэрыканскі генэрал-маёр Фрэнк Гагенбэк паведаміў, што падчас апэрацыі “Анаконда” амэрыканскім вайскоўцам давялося сутыкнуцца з хітрым, агрэсіўным і тэхнічна падрыхтаваным ворагам, які, напрыклад, выкарыстоўваў сотавыя тэлефоны і Інтэрнэт, каб выклікаць падмацаваньні. Гагенбэк сказаў, што неўзабаве чакаецца падыход новых груповак з Пакістану і Ірану, якія ідуць на дапамогу тэрарыстам.

Тым часам у Афганістан прыбываюць марскія пехацінцы Вялікабрытаніі. Камандуючы брыгадай Роджэр Лэйн, які ўзначаліць усе ангельскія войскі, запэўніў, што ягоныя байцы прайшлі падрыхтоўку ў горнай мясцовасьці й экіпаваныя для вядзеньня баявых дзеяньняў як зімой, так і летам. Лэйн лічыць, што ангельцы “ўнясуць новае майстэрства ў тэатар ваенных дзеяньняў”.
XS
SM
MD
LG