Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЦІ ЗЬНІКЛАГА ЮРАСЯ КОРБАНА НЯ ВЕРЫЦЬ БЕЛАРУСКІМ СЬЛЕДЧЫМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Юрася Корбана, дырэктара віцебскай маладзёвай няўрадавай арганізацыі "Контур", вядомага ў Віцебску актывіста Беларускага народнага фронту, шукаюць ужо два месяцы. Гісторыя ягонага зьнікненьня мае прыкметы дэтэктыву і адначасова палітычнай расправы. 20 студзеня Юрась не вярнуўся дамоў, а яшчэ празь некалькі дзён патэлефанаваў па мабільным тэлефоне і паведаміў, што ад яго дамагаюцца выкупу памерам 20 тысяч даляраў. Потым было яшчэ некалькі званкоў. У апошнім, зробленым , як высьветліла сьледзтва, зь мікрараёну Серабранка ў Менску, Юрась пасьпеў сказаць, што грошы, відаць, ужо не спатрэбяцца, і нават разьвітаўся з роднымі.

З таго часу пра Юрася нічога не вядома, а шматлікія звароты ягонай маці ў праваахоўныя органы не далі ніякага выніку, акрамя фармальнага ўзбуджэньня крымінальнай справы.

У палітычную вэрсію зьнікненьня Корбана сьледчыя, паводле ягонай маці Ніны Корбан, ня вераць, а ў крымінальную ня верыць яна, спасылаючыся на тое, што з часу апошняга званка сына ніхто ад іх грошай не патрабаваў.

(Ніна Корбан: ) "Усё астатняе ужо праверанае, але нічога не падыходзіць, таму магчыма, што гэта палітычная справа".

Паводле маці зьніклага, са сваіх 23 гадоў апошнія ня менш як сем гадоў Юрась займаўся палітыкай. Ён быў адным зь лідэраў Віцебскай гарадской арганізацыі БНФ і меў пэрспэктывы на абраньне ў кіраўніцтва абласной арганізацыі БНФ. Апроч таго, ён кіраваў недзяржаўнай арганізацыяй "Контур", якая пасьпяхова ажыцьцяўляла шэраг адукацыйных праектаў сярод моладзі.

Аднак, кажа Ніна Корбан, прыбыткаў, на якія маглі б паквапіцца злодзеі, у яго не было. Заробку ледзь хапала на звычайныя чалавечыя патрэбы, таму маці цалкам выключае карысьлівыя матывы выкраданьня сына.

Аднадумцы Юрася Корбана таксама не задаволеныя тым, як вядуць пошукі міліцыя і пракуратура. Яны перакананыя, што нельга пакідаць гэтую справу толькі праваахоўным органам, і патрабуюць максымальнай галоснасьці ў расьсьледаваньні.

Ніна Корбан ужо мала спадзяецца на тое, што знойдзе сьляды сына з дапамогай беларускіх сьледчых, і зьбіраецца зьвярнуцца на тэлебачаньне. Толькі не на беларускае, якое, на яе думку, замоўчвае праблему зьніклых палітыкаў, а на адрас расейскай тэлевізійнай праграмы "Адшукай мяне".
XS
SM
MD
LG