Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"НА ЦЯПЕРАШНІ МОМАНТ НА ЗАХАДЗЕ НАЗІРАЕЦЦА ДЭФІЦЫТ ІДЭЯЎ У ДАЧЫНЕНЬНІ ДА БЕЛАРУСІ", — ЛІЧЫЦЬ ДЭПУТАТ “ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ” ВОЛЬГА АБРАМАВА


Алена Панкратава, Менск

Паводле Вольгі Абрамавай, Захад, прымаючы рашэньні адносна Беларусі, зыходзіў пераважна з памылковых пастулятаў. Палітыкі і палітолягі меркавалі, што працэс дэмакратызацыі ў Беларусі ідзе дастаткова актыўна, што выбар на карысьць дэмакратыі ў беларускім грамадзтве зроблены. Насамрэч, паводле спадарыні Абрамавай, гэта датычыць невялікай часткі грамадства і палітычнай эліты і таму ніяк ня можа паўплываць на эўрапеізацыю грамадзтва.

Для працэсу дэмакратызацыі, лічыць дэпутатка, патрэбны сапраўдны зьнешні імпульс, як у эканамічнай, так і ў палітычнай сфэры. Прычым трэба пачаць з эканомікі, — перакананая Вольга Абрамава.

(Абрамава: ) "Стратэгію ўзаемаадносінаў зь Беларусьсю Эўропа павінна перагледзець з улікам гісторыі і асноўных рысаў нацыянальнага характару беларускага этнасу. Перш за ўсё з улікам дамінанты фармаваньня нацыянальнага характару беларусаў — войнаў, якія праходзілі ў Беларусі, пачынаючы з 12-га стагодзьдзя.

Менавіта войны сфармавалі істотны бок характару, іншымі словамі, уся сіла этнасу была накіраваная на выжываньне. Выжывалі ня самыя свабодалюбівыя, а самыя гнуткія. Адсюль — схаваная ксэнафобія, якая існуе ў нацыяльным характары і пры пэўных спрыяльных умовах актывізуецца".

Паводле спадарыні Абрамавай, стратэгія далучэньня Беларусі да эўрапейскіх працэсаў павінна зьмяніць гэтую схему. Захад не павінен патрабаваць ад Беларусі тэрміновага выкананьня чатырох умоваў, ён мусіць адмовіцца ад сваёй пакрокавай стратэгіі, а сам зрабіць некалькі крокаў насустрач.

Напрыклад, размарозіць рашэньні ЭЗ ад 1997 году і адмовіцца ад паслугаў місіі АБСЭ ў Беларусі, паколькі дзейнасьць гэтае групы да і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў надзвычай ускладненая. Абрамава лічыць, што трэба шукаць новыя варыянты пасярэдніцтва, напрыклад той дыялёг, які прапаноўваецца Літвой і Польшчай. Паводле Вольгі Абрамавай, для прыняцьця нейкага канструктыўнага рашэньня ў дачыненьні да Беларусі Захад мае вельмі мала часу. Далей сытуацыя будзе разьвівацца надзвычай неспрыяльна.

Сярод удзельнікаў бэрлінскай канфэрэнцыі "Вонкавапалітычныя адказы на новыя рэаліі ў Эўропе" быў вядучы нямецкі экспэрт у пытаньнях Беларусі Гайнц Тымэрман. Я папрасіла спадара Тымэрман пракамэнтаваць прапановы спадарыні Абрамавай.

(Тымэрман: ) “На жаль, я не магу дэталёва ўзгадаць прапановы сп. Абрамавай. У часе канфэрэнцыі было шмат выступаў, шмат дыскусіяў. Я думаю, што Абрамава, безумоўна, уразіла публіку. Мне здаецца, што, на жаль, у яе няма дастатковых магчымасьцяў рабіць такія выступы ў сваім парлямэнце”.

(Карэспандэнтка: ) “Размова пра стратэгію далучэньня Беларусі да Эўропы шляхам найперш эканамічнага супрацоўніцтва...”

(Тымэрман: ) "Што да эканамічнага супрацоўніцтва, то яно зусім ня спыненае. Ніводнаму інвэстару, як нямецкаму, так і эўрапейскаму, не забаронена інвэставаць у Беларусь. Але ж для інвэстыцыяў павінны існаваць адпаведныя ўмовы. Я зь вялікай цікавасьцю прачытаў, што расейскі прэм'ер Касьянаў, са свайго боку, робіць ціск на Беларусь, каб інвэстыцыйныя ўмовы у Беларусі адпавядалі расейскім стандартам. І калі такое адбудзецца, тады шмат нямецкіх інвэстараў з задавальненьнем пойдуць у Беларусь.

На цяперашні момант галоўныя інвэстары проста самі сышлі зь Беларусі. Напрыклад, “Форд”. Паўтаруся, з боку Захаду няма ніякай блякады альбо перашкодаў для эканамічнай актыўнасьці, уся справа ва ўмовах”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці згодныя Вы з прапановай новых варыянтаў эўрапейскага пасярэдніцтва ў Беларусі, у прыватнасьці, з тым, што Захад павінен адмовіцца ад паслугаў КНГ АБСЭ ў Менску?”

(Тымэрман: ) “Я лічу, што КНГ АБСЭ ў Беларусі — вельмі пэрспэктыўная форма пасярэдніцтва. І гэтую ролю яна яшчэ адыграе ў будучыні. Зразумела, АБСЭ не павінна ісьці насустрач Лукашэнку і мяняць свой мандат. АБСЭ — тая арганізацыя, якая патрабуе дэмакратыі, і з гэтым патрабаваньнем Беларусь сама пагадзілася, бо падпісала стамбульскія пагадненьні з АБСЭ. У выніку чаго гэтая структура ў Беларусі можа супрацоўнічаць зь любымі сіламі грамадзтва — з правымі, левымі, кансультаваць іх. Размова ідзе пра тое, каб захаваць мандат такім, які ён ёсьць, каб той, хто прыйдзе зараз на месца старшыні КНГ — спадар Хайкен, змог згодна зь ім працаваць.
XS
SM
MD
LG