Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У САНКТ-ПЕЦЯРБУРГУ АПТЫМІЗМ БЕЛАРУСКАГА БОКУ АДНОСНА ДАМОВЫ "БАЛТЫКІ" З "КРЫНІЦАЙ" ЛІЧАЦЬ ЗАЎЧАСНЫМ


Ігар Карней, Менск

Дарадца прэзыдэнта піцерскага бровару "Балтыка" Аляксей Кедрын ужо на пачатку тэлефоннай размовы распавёў, што ніякай гаворкі пра канчатковы варыянт афіцыйнай дамовы ня йдзе.

(Кедрын: ) "Ні аб чым не дамовіліся, бо перамоўны працэс не завершаны. Хутчэй за ўсё, у вашай прэсе йдуць водгукі нейкіх камэнтароў, якія былі выказаныя ў тым ліку й Таймуразам Балоевым на прыканцы мінулага тыдня. Ішла гаворка пра тое, што атрыманыя прапановы зь беларускага боку. Яны цягам бягучага тыдня будуць разгледжаныя, і толькі тады будуць канкрэтныя крокі з боку расейскага.

Па вялікаму рахунку, працэс толькі распачаўся. Ідзе размова, датычная зьместу, але на сёньняшні дзень гэта размова ўнутры кампаніі. Нашыя адмыслоўцы сапраўды былі ў Менску 13 сакавіка, узялі праект дамовы (дагэтуль, зразумела, яго ня бачыўшы), і прыехалі вывучаць".

Таксама я запытаў у спадара Кедрына, як стасуюцца ранейшыя заявы кіраўніцтва расейскага бровару наконт звароту ў міжнародны арбітражны суд (каб вярнуць раней укладзеныя 10,5 мільёнаў даляраў) з намерам працягваць супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам.

(Кедрын: ) "Дэмаршаў не было і наўрад ці будуць. Гэтыя працэсы адзін ад аднаго не залежаць. Тое, што расейскі бок рабіў пэўныя захады адносна судовых працэсаў — гэта ня спроба зьмяніць пазыцыю, гэта непазьбежнасьць, зьвязаная з валютным заканадаўствам. Ня можа кампанія, якая паводзіць сябе ў межах закону, ніяк не адрэагаваць на тое, што абсталяваньне ці грошы перасяклі мяжу, а ўмовы пагадненьня ў акрэсьлены тэрмін ня выкананыя. Тут няма скандалу, гэта звычайная тэхнічная рэч".

На менскай "Крыніцы" ад усялякіх камэнтароў з нагоды далейшага супрацоўніцтва з "Балтыкай" адмаўляюцца, спасылаючыся на тое, што ад кіраўніцтва сталічнага бровару ўсё роўна нічога не залежыць. Маўляў, як загадаюць "наверсе", так і будзе. Але вось ужо два месяцы ніякай рэканструкцыі лініяў разьліву піва не вядзецца. Расейскія адмыслоўцы, якія працавалі на "Крыніцы", адкліканыя ў Санкт-Пецярбург, і калі вернуцца — ніхто ня ведае.

У няпэўным стане і рэалізацыя яшчэ аднаго беларуска-расейскага праекту — у сфэры мабільнай тэлефоннай сувязі. Маскоўская кампанія МТС, якая, паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, павінна распачаць працу на беларускім рынку 17 красавіка, ужо мае вялікі сумнеў наконт выкананьня гэтага тэрміну.

Як паведаміла крыніца ў маскоўскім офісе МТС, надзвычай шмат часу пайшло на зацьверджаньне кандыдатуры кіраўніка менскага прадстаўніцтва. Ніводзін з кандыдатаў, прапанаваных беларускім бокам, не задаволіў расейцаў: у Маскве катэгарычна супраць, каб чалавек прадстаўляў дзяржаўныя інтарэсы, ігнаруючы пры гэтым інтарэсы бізнэсу. У адказ на гэта Міністэрства сувязі Беларусі наўмысна замарудзіла тэрмін падпісаньня кантракту.

Калі да наступнага тыдня беларускія ўлады не зарэгіструюць сумеснае прадпрыемства, давядзецца пачынаць перамовы аб пераносе даты пуску другой сеткі мабільнай сувязі ў Беларусі — заявіў Аляксей Буянаў, віцэ-прэзыдэнт МТС па інвэстыцыях. У інтэрвію расейскай газэце “Моscow Times” за 20 сакавіка Буянаў сказаў наступнае: "Мы не атрымалі афіцыйнага адказу ад беларускага боку датычна таго, якімі могуць быць прычыны затрымкі. Мы не разумеем, што адбываецца".

“Moscow Times” паведаміла са спасылкай на ананімнага чыноўніка Міністэрства сувязі Беларусі, што рашэньне аб рэгістрацыі і пачатку працы МТС у Беларусі будзе прымаць асабіста Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG