Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎСТРЫЙСКАЯ ПРЭСА ПАДКРЭСЬЛІВАЕ ПРЫВАТНЫ ХАРАКТАР ЛУКАШЭНКАВАЙ ПАЕЗДКІ


Алена Панкратава, Менск

Падобныя рэкамэндацыі зьнешнепалітычнае ведамства ў свой час зрабіла й для кіраўніка аўстрыйскіх казыно Лео Вальнэра, які зьяўляецца прэзыдэнтам Нацыяльнага алімпійскага камітэту Аўстрыі. Менавіта Лео Вальнэр, нягледзячы на найстойлівыя парады не запрашаць у Аўстрыю Лукашэнку, усё ж запрасіў яго.

Я знаёмілася сёньня зь некаторымі архіўнымі матэрыяламі адносна новага сябра і партнэра беларускага лідэра. Гэтыя матэрыялы даслалі мне аўстрыйскія й нямецкія журналісты. Інфармацыя пра фірму “Аўстрыйскія казыно” і ейнага кіраўніка Лео Вальнэра адкрытая. У свой час яна была надрукаваная ў такіх вядомых выданьнях як “Spiegel”, “Focus”, “Sueddeutsche Zeitung”, “Profil” ды іншых.

Ёсьць некаторыя моманты, на якія адразу зьвяртаеш увагу. Калі параўноўваць зь іншымі эўрапейскімі краінамі, Аўстрыя мае рэпутацыю базы ценявога бізнэсу. У артыкулах фігуруюць імёны прадстаўнікоў постсавецкіх краінаў, а таксама краінаў, якія падазраюць у тэрарызме.

Што да шэфа аўстрыйскіх казыно Лео Вальнэра, то, як вынікае з матэрыялаў, ён мае дастаткова скандальную рэпутацыю. Напрыклад, дзесьці гадоў дзесяць таму аўстрыйскія казыно на чале зь іхным шэфам падазравалі ў адмываньні наркатычных даляраў. Вядома таксама, што фірма “Аўстрыйскія казыно” ладзіць актыўную экспансію ва Ўсходнюю Эўропу.

Мой нямецкі калега, франкфурцкі журналіст Райнгард Лаўтэрбах, які ў свой час працаваў карэспандэнтам “АRD” у Беларусі й ва Ўкраіне, а зараз зьяўляецца кіраўніком міжнароднай праграмы на “Hessischer Rundfunk”, таксама вельмі зацiкавіўся “таямнічым адпачынкам” (як ён сказаў) беларускага лідэра ў Аўстрыі. Спадар Лаўтэрбах спрабаваў таксама высьветліць некаторыя рэчы.

(Лаўтэрбах: ) “Я размаўляў на гэтую тэму з аўстрыйскім МЗС, а таксама чытаў дасье ў нашым архіве. З самой фірмай “Аўстрыйскія казыно” я яшчэ не размаўляў... Аднак у любым выпадку, Вальнэр – дастаткова цьмяная асоба. Тое, што па сумяшчальніцтве ён зьяўляецца прэзыдэнтам Нацыяльнага альімпійскага камітэту – гэта, зразумела, дах для ягонага бізнэсу. Тым больш, усім вядома, што гэтая структура глыбока карумпаваная, і апошнія алімпійскія гульні пацьвердзілі гэта.

Раней Вальнэр працаваў у апараце Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі, якая зараз зьяўляецца кіроўнай. Калі аўстрыйскім казыно пагражала банкруцтва, там былі страшэнныя фінансавыя махінацыі, ён пайшоў з партыйнай працы і вырашыў падняць ігорны бізнэс. Тады Вальнэр стварыў фірму, якая цяпер дзейнічае і мае не найлепшую рэпутацыю.

Я сёньня размаўляў з дыпляматамі й калегамі, якія маюць зьвесткі пра гэтую сытуацыю, і яны сказалі прыблізна так: паколькі беларускія ўлады маюць дачыненьне да гандлю зброяй, паколькі прэзыдэнцкая адміністрацыя прыватызавала найбольш прыбытковую частку беларускай эканомікі, няцяжка зразумець, якія грошы Аляксандар Рыгоравіч хоча ў Аўстрыі адмыць”.
XS
SM
MD
LG