Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ ПА РОЗНАМУ АЦЭНЬВАЮЦЬ РАШЭНЬНЕ ЎЛАДАЎ ЗЬМЯНІЦЬ ГІМН КРАІНЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Большасьць апытаных сёньня мінакоў нічога ня чулі пра тое, што ўлады абвясьцілі конкурс на новы дзяржаўны гімн Беларусі. Тым ня менш, амаль кожны мае ўласную думку наконт таго, ці трэба прымаць новы гімн. Вось меркаваньні тых людзей, якія лічаць, што Беларусь павіна мець новы гімн:

(Спадар: ) "Я чуў і чытаў, што зьбіраюцца нешта мяняць".

(Карэспандэнт: ) "А на вашую думку, трэба мяняць мэлёдыю старага гімну БССР?"

(Спадар: ) "Мяняць трэба, каб быў годны Беларусі. "Магутны Божа" нічога, але мне нешта не зусім".

(Іншы спадар: ) "Чытаў, прапануюць расейскі варыянт — старая музыка, новы тэкст. Каб "Мы беларусы з братняю Русьсю” засталося. Хацелася б, каб быў гонар за краіну. Я не русафоб, але хачу каб быў гонар за краіну. Няўжо ў нас няма людзей нармальных, каб напісалі такі гімн, каб пры ягоных гуках хацелася б устаць? А тое, што нам прапануюць — гэта ня тое".

(Дзяўчына: ) "Новае жыцьцё ў Беларусі, відаць, патрэбны й новы гімн".

(Іншая дзяўчына: ) "Можа, музыку й ня трэба мяняць, а ў словы можна было б нешта й дадаць, а то ён нейкі стары. Хацелася б каб гімн адпавядаў нашай беларускай нацыі. Хацелася б, каб там было больш словаў пра Беларусь".

(Карэспандэнт: ) "А як вы думаеце, трэба новы гімн прымаць ці не?"

(Жанчына: ) "Трэба, усё мяняецца, трэба й гэта мяняць. І мы мяняемся. Каб лепей жыць, можа й трэба нешта прыдумаць".

(Мужчына: ) "Ня ведаю, але відаць, трэба было б яго зьмяніць. Бо калі краіна разьвіваецца, то трэба было б неяк па-іншаму рабіць".

(Дязўчына: ) "Ня ведаю, але мне здаецца, што гімн мусіць адпавядаць цяперашняму жыцьцю. Трэба, каб у тэксьце было больш сучасных матываў".

(Хлопец: ) "Стары гімн ва ўсіх асацыюецца са старымі нядобрымі часамі. Калі мы хочам рэформаў, трэба адпаведна мяняць і гімн".

У тых грамадзянаў Беларусі, якія лічаць, што гімн мяняць ня варта — свае аргумэнты:

(Карэспандэнт: ) " На вашую думку, трэба мяняць стары гімн БССР на нейкую іншую мэлёдыю?"

(Спадар: ) "Трэба было мяняць, калі была "Пагоня". А цяпер, з такім сьцягам лепш няхай такі гімн і будзе. Будзе новы сьцяг, будзе й новы гімн".

(Жанчына: ) “Відаць ня трэба, бо й стары нядрэнны”.

(Іншая жанчына: ) "Лепш хай будзе стары, нават бяз словаў, бо яны й не патрэбныя".

(Хлопец: ) "Натуральна, што гімн — гэта твар краіны, але твар ня можа існаваць без галавы й бязь цела. Калі няма апошняга, то не патрэбнае й першае".

(Спадарыня сталага веку: ) "Трэба гэты цяперашні гімн. Бо я такога ўзросту, што мяняць стэрэатыпы вельмі цяжка".

(Іншая кабета: ) "Я лічу, што не патрэбна — "Мы беларусы, з братняю Русьсю".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, што гэтыя словы адпавядаюць цяперашняму часу?"

(Кабета: ) "Натуральна".

І нарэшце, ёсьць людзі, якія прапануюць замест гімну памяняць нешта іншае:

(Дзяўчына: ) "Трэба памяняць сьцяг. Бо, мне здаецца, гэты ні ў якія рамкі не ўваходзіць".

(Жанчына: ) "Трэба памяняць прэзыдэнта".

Гэта былі меркаваньні розных людзей у справе зьмены дзяржаўнага гімну Беларусі.
XS
SM
MD
LG