Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ АСУДЖАЮЦЬ АРЫШТ МІКОЛЫ СТАТКЕВІЧА


Юры Сьвірко, Менск

Як стала вядома сёньня, на парлямэнцкіх выбарах у Партугаліі перамагла дагэтуль апазыцыйная правацэнтрысцкая сацыял-дэмакратычная партыя, якая набрала больш за 40% галасоў. Кіраўнічая сацыялістычная партыя набрала толькі 37%, а гэта значыць, што ўрад пойдзе ў адстаўку. Зьменіцца й партугальскі міністар замежных справаў, які сёлета ёсьць дзейным старшынём АБСЭ. Ці не паўплываюць кадравыя зьмены ў МЗС Партугаліі на беларускую палітыку АБСЭ? Вось як адказаў на гэтае пытаньне прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ ў справах Беларусі Луіш Кабаса:

(Кабаса: ) “Не. Гэта ня ў нашых плянах. Нам падаецца, што звычайна дзьве асноўныя партыі былі падобныя ў сваёй замежнай палітыцы. Прыярытэты замежнае палітыкі — наконт Эўрапейскага Зьвязу, НАТО ды АБСЭ — заўсёды былі аднолькавыя. Таму мы не чакаем значных зьменаў у палітыцы АБСЭ”.

Гэтыя словы Луіша Кабасы пацьвердзіла прадстаўніца сацыял-дэмакратычнае партыі Партугаліі Марыя Фуртада, якая заявіла:

(Фуртада: ) “Міністрам замежных справаў абавязкова будзе прадстаўнік сацыял-дэмакратычнае партыі. Але чалавек пакуль яшчэ не прызначаны. Што да замежнай палітыкі, звычайна мы тут падзяляем аднолькавыя каштоўнасьці з сацыялістамі. Таму я ня думаю, што будуць зьмены. Хутчэй гэта будуць зьмены ў стылі, а ня ў сутнасьці”.

Спадарыня Фуртада зазначыла, што ейная партыя лічыла галасы й сьвяткавала перамогу, таму пакуль не пасьпела адрэагаваць на арышт беларускага сацыял-дэмакрата Міколы Статкевіча. Аднак заява пратэсту неўзабаве будзе абавязкова зробленая, запэўніла Марыя Фуртада.

Тым часам аўстрыйскія сацыял-дэмакраты ўжо скрытыкавалі Міністэрства замежных справаў сваёй краіны за тое, што яно пусьціла Аляксандра Лукашэнку ў Аўстрыю ў той час, калі рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Міжнародны сакратар аўстрыйскае сацыял-дэмакратычнае партыі Альбрэхт Канечны ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў пра арышт Міколы Статкевіча:

(Канечны: ) "Абсурднай нагодай для ягонага арышту было правядзеньне недазволенае дэманстрацыі. Апрача таго, беларускія ўлады заявілі, што кіраўнік сацыял-дэмакратычнае партыі да прызначанага судовага працэсу мусіць заставацца пад вартай. Я патрабую неадкладанага вызваленьня гэтага сацыял-дэмакрата".

На маё пытаньне, як ён ставіцца да таго, што арышт Міколы Статкевіча адбыўся менавіта тады, калі Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся ў Аўстрыі, Альбрэхт Канечны адказаў гэтак:

(Канечны: ) “У зьвязку з тым, што рэпрэсіі ў Беларусі супраць усіх апазыцыйных сілаў нарастаюць, дзіўнае запрашэньне беларускага дыктатара Лукашэнкі ў Аўстрыю набывае асаблівае значэньне".

Спадар Канечны дадаў, што ён ужо запатрабаваў тлумачэньняў што да таго, з кім сустракаўся Аляксандар Лукашэнка ў часе свайго знаходжаньня ў Аўстрыі. Сацыял-дэмакратычная партыя гэтае краіны скрытыкавала МЗС Аўстрыі, якое спрыяла Лукашэнкаваму ўезду.

А старшыня Ўсходнеэўрапейскага сацыял-дэмакратычнага форуму, лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі Украіны (аб’яднанай) Віктар Медзьвядчук сёньня зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай паспрыяць вызваленьню старшыні Міколы Статкевіча.

"Гэта можа здавацца неверагодным, але ў Эўропе яшчэ ёсць краіны, дзе сацыял-дэмакраты падвяргаюцца палітычнаму перасьледу" — гаворыцца ў заяве Медзьведчука. На думку ўкраінскага палітыка, "жаданьне людзей адзначыць дзяржаўнае сьвята ў цэнтры сталіцы, а не на яе ўскраіне, ня можа быць падставай для пазбаўленьня волі ні на гадзіну, ні на хвіліну".

"Палітычныя рознагалосьсі не павінны быць падставай для перасьледу", — падкрэсьліваецца ў заяве ўкраінскіх сацыял-дэмакратаў.
XS
SM
MD
LG