Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ АДБЫЎСЯ СТРАЙК ГАНДЛЯРОЎ УНІВЭРСАМУ "ЖЫВІНКА"


Міхал Стэльмак, Менск

Як паведаміла адміністратарка "Жывінкі" Людміла Зінчанка, сёньня раніцай ва ўнівэрсам завітала кіраўніцтва гандлю Менскага гарвыканкаму. Працоўнаму калектыву было абвешчана кадравае рашэньне — пра звальненьне дырэктаркі Галіны Тышкевіч, замест якой улады прызначылі новую кіраўніцу. Такое рашэньне абурыла гандляроў "Жывінкі", і яны спынілі працу:

(Спадарыня: ) "Без прычынаў нашую дырэктарку зьнялі з пасады".

(Іншая спадарыня: ) "У нас 170 чалавек штат і нас выкідаюць на вуліцу".

(Спадарыня: ) "Мы ня ведаем, на якіх падставах яе прывялі, таму і страйкавалі людзі".

Нягледзячы на пратэст, гарадзкое начальства прадставіла новую дырэктарку Ірыну Ткачову.

(Паўлава: ) "Вось яна да нас прыходзіць і кажа. Спыняйце гэты "базар". Я, кажа, хочу тут быць і буду. І ўсё”.

(Маркевіч: ) "Прыйшла і пачала груба тут сябе паводзіць".

(Спадарыня: ) "Новая дырэктарка сказала, што яе прызначылі. Але хто, прозьвішча не назвала".

Як стала вядома зь неафіцыйных крыніцаў, рэкамэндавала спадарыню Ткачову на дырэктарскую пасаду Кіраўніцтва справаў Аляксандра Лукашэнкі. І таму гарадзкое начальства ня ўпарцілася гэтаму прызначэньню.

Аднак гандляры "Жывінкі" аднадушна выступілі супраць яе прызначэньня. Страйк доўжыўся чатыры гадзіны. І толькі калі новая дырэктарка пакінула краму, калектыў аднавіў працу. Чатырохгадзінны прастой, паводле зьвестак кіраўніцтва ўнівэрсаму, прынес яму сёньня істотныя страты — каля 2 мільёнаў рублёў”.

Міністэрства гандлю пакуль ніяк ня адрэагавала на падзеі вакол унівэрсаму "Жывінка". Як паведаміў Радыё Свабода начальнік кадравага ўпраўленьня Аляксандар Шырокаў, міністэрства на гэты момант яшчэ не валодае інфармацыяй адносна прычынаў акцыі пратэсту.
XS
SM
MD
LG