Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА КАМЭНТУЕ ВЫНІКІ ПРАЦЭСУ Ў СПРАВЕ ВЫКРАДАНЬНЯ АПЭРАТАРА ОРТ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Пажыцьцёвае зьняволеньне і многа гадоў турмы атрымалі былыя супрацоўнікі спэцыяльных службаў, абвінавачаныя, сярод іншага, у выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Аднак судовы працэс ня высьвятліў, што сталася са спадаром Завадзкім і ці дзейнічаюць у Беларусі “эскадроны сьмерці”, якія забіваюць праціўнікаў цяперашніх уладаў”, – піша ў сёньняшнім нумары “Gazetа Wyborczа”.

У матэрыяле “Шмат пытаньняў пасьля выраку” распавядаецца, у прыватнасьці, пра пазыцыю беларускай пракуратуры, якая лічыць, што ў часе службовай камандзіроўкі ў Чачэнію Зьміцер Завадзкі пазнаў Валера Ігнатовіча, які ваяваў на баку чачэнцаў.

Газэта падае таксама меркаваньне былога шэфа Завадзкага Паўла Шарамета. Паводле ягоных словаў, чалавек, якога пазнаў Зьміцер, быў не чачэнскім наймітам, а пасярэднікам у продажы беларускай зброі чачэнскім байцам.

“Wyborcza” адзначае, што суд не далучыў да справы дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што пісталет зь менскай турмы, якім выконваюцца сьмяротныя выракі, быў выданы камандзіру Валера Ігнатовіча Зьмітру Паўлічэнку дакладна ў тыя дні, калі зьніклі Захаранка, Ганчар і Красоўскі.

Побач з артыкулам на старонках “Gazetу Wyborczej” зьмешчаны сьпіс зьніклых беларускіх палітыкаў з апісаньнем іхнай дзейнасьці, а таксама абставінаў зьнікненьня.

Варта адзначыць, што факты зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў у Беларусі, а таксама сувязь з гэтым “эскадронаў сьмерці” ў Польшчы добра вядомыя. Пра гэта, а таксама пра нелегальны продажы зброі Беларусьсю, у тым ліку і ў Чачэнію, даволі шмат пісала польская прэса.

А ў часе трох апошніх судовых працэсаў у справе экстрадыцыі беларускіх бізнэсоўцаў адным з галоўных судовых аргумэнтаў на адмову ў іхнай выдачы, было менавіта існаваньне “эскадронаў сьмерці”, якія займаюцца ліквідацыяй палітычных апанэнтаў цяперашняга беларускага кіраўніцтва.
XS
SM
MD
LG