Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьвятлана Завадзкая і яе адвакат Сяргей Цурко будут абскарджваць прысуд, што быў вынесены былому алмазаўцу Ігнатовічу і амонаўцу Маліку. Паводле Паўла Шарамета, расейскія праваахоўчыя органы маюць пэўныя зьвесткі што да зьнікненьня вядомых палітыкаў у Беларусі. Чаму дагэтуль не перагледжаная справа Андрэя Клімава?

На гэтым тыдні завершыўся першы працэс у справах зьніклых у Беларусі вядомых асобаў. Судзьдзі пасьля чатырохмесяцовага вывучэньня матэрыялаў нарэшце вызначыліся з тым, хто ж скраў апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Абвешчана, што гэта зрабілі былы спэцназавец Ігнатовіч і былы амонавец Малік, якіх пакаралі пажыцьцёвым зьняволеньнем. Асуджаныя, аднак, вінаватымі сябе не прызналі. Пра лёс Завадзкага ім быццам нічога невядома . Гэта, адказваючы за ўсіх, паўтарыў мне Валер Ігнатовіч. Ён жа сказаў, што ўсе будуць абскарджваць прысуд. Гэткая сынхроннасьць у дзеяньнях злачынцаў зьдзіўляе ды нагадвае, што і на працэсе яны паводзілі сябе амаль аднолькава — адмовіліся даваць паказаньні і ўпарта маўчалі. Цяпер вось разам будуць дамагацца апраўданьня.

Цікава, што скасаваньня прысуду будуць патрабаваць і жонка Зьмітра Завадзкага Сьвятлана ды яе адвакат Сяргей Цурко. Яны, праўда, ня лічаць, што Ігнатовіч зусім не датычны да справы, аднак мяркуюць, што сьледзтва недастаткова ў ёй разабралася, не знайшло матывы злачынцаў, іхных саўдзельнікаў, магчымых замоўцаў выкраданьня, а галоўнае, няма адказу на пытаньне, дзе Зьміцер Завадзкі.

На наступным тыдні, паводле Сьвятланы Завадзкай, разам з адвакатам Цурко яна падасьць адпаведную скаргу у менскі гарадзкі суд. Паўтаруся, яе галоўная мэта — ня зьняць адказнасьць з Ігнатовіча, а распачаць новае расьсьледаваньне ўдзелу ягонай банды ў гэтым злачынстве.

У тым, што Ігнатовіч з Малікам датычныя да выкраданьня Завадзкага, перакананы і вядомы журналіст ОРТ Павал Шарамет. Ён таксама незадаволены тым, што сьледзтва і суд не адказалі на пытаньні, дзе Завадзкі і хто загадаў яго скрасьці.

Пры гэтым Шарамет паўтарыў зьвесткі былога генэральнага пракурора Бажэлкі, паводле якога няма спадзяваньня на тое, што Завадзкі жывы. Журналіст выказаўся за працяг расьсьледаваньня, у тым ліку з далучэньнем расейскіх праваахоўных органаў. Паводле Шарамета, у расейскіх сьледчых ёсьць больш пэўныя зьвесткі пра лёс ня толькі Завадзкага, але і іншых зьніклых:

(Шарамет: ) "Я ведаю, што ў праваахоўных органах Расеі ёсьць вельмі сур'ёзная інфармацыя па справах аб зьнікненьні людзей у Беларусі. Наколькі я ведаю, гэтая інфармацыя пакуль утрымліваецца ў сакрэце. Магчыма, яна зьявіцца пазьней. Але я перакананы, што ў цяперашніх палітычных умовах, пры цяперашнім генэральным пракуроры Беларусі Віктары Шэймане немагчыма знайсьці праўду пра гэтыя справы".

Гэтае меркаваньне Павал Шарамет выказаў пасьля заканчэньня судовага працэсу над Ігнатовічам і ягонымі саўдзельнікамі, якія, паводле суду, скралі Зьмітра Завадзкага.

***

Трэці тыдзень мінае пасьля таго, як стала вядома, што турэмная камісія выказалася за зьмену меры стрыманьня для дэпутата Андрэя Клімава, які ўжо 4 гады адбывае турэмнае пакараньне. Паводле існуючых правілаў, справу Клімава ўжо павінны былі перагледзець і, у выпадку станоўчага рашэньня, выпусьціць яго на волю, у выпадку адмоўнага рашэньня, пакінуць ў вязьніцы. Але перагляду справы судзьдзямі не адбылося. Справа, як кажуць, падвісла. Чаму? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да вядомага праваабаронцы, у мінулым адваката і судзьдзі Гары Паганяйлы.

(Паганяйла: ) "Выканаўцы сёньня будуць чакаць сыгналу, яны добра ведаюць, што рызыкуюць кар'ерай. Яны разумеюць, што трэба разгледзець не звычайны выпадак, што справа палітычная. А раптам да самага галоўнага давядуць, ці ён сам даведаецца, што рашэньне прынятае безь яго? Безумоўна, гэта незаконна, судзьдзі маюць права самі вырашаць лёс асуджанага, але ніхто ня хоча рызыкаваць".

Гэтак Гары Паганяйла пракамэнтаваў тое, што зноў зацягваецца вырашэньне пытаньня пра датэрміновае вызваленьне Андрэя Клімава.

***

І напрыканцы — адвакаты Аляксандра Чыгіра падалі скаргу ў гарадзкі суд. Яны дамагаюцца скасаваньня прысуду, паводле якога сын экс-прэм’ера быў асуджаны да 7 гадоў турмы. Аляксандар Чыгір таксама настойвае на тым, што ён не вінаваты.
XS
SM
MD
LG