Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТВА ЧАКАЕ МАНДАТ РАДЫ ЭЎРОПЫ НА ДЫЯЛЁГ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ


Валер Каліноўскі, Менск

Канчаткова рашэньне пра такі мандат, на думку віцэ-старшыні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, кіраўніка міжнароднага камітэту Сойму Літвы Юозаса Алексаса, Рада Эўропы можа ўхваліць у красавіку, на чарговым паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі. Да гэтага часу ініцыятыву Літвы будуць вывучаць структуры Рады Эўропы. Пра мэты перамоваў з уладамі Беларусі гаворыць віцэ-старшыня ПАРЭ Юозас Алексас:

(Алексас: ) “Мы яшчэ раз перадамо тыя пытаньні, якія хочам вылучыць на шляху дэмакратызацыі беларускай улады. Я мяркую, што калі гэтая сустрэча адбудзецца, калі атрымаем такі мандат, то мы на сваім прыкладзе свабоды слова, дэмакратычных выбараў, захаваньня правоў чалавека будзем гаварыць зь беларускімі ўладамі пра ўсё гэта”.

Увогуле, на думку віцэ-старшыні ПАРЭ, прагрэс у справе дэмакратызацыі ў Беларусі спыніўся і Радзе Эўропы трэба шукаць новыя формы супрацоўніцтва. Акрамя гэтых перамоваў, літоўскія палітыкі прапануюць правесьці слуханьні наконт сытуацыі ў Беларусі ў Сойме Літвы, арганізаваць у Вільні сэмінар-сустрэчу прадстаўнікоў беларускай улады і апазыцыі. Такім чынам, прапаноўваецца цэлы комплекс захадаў.

Пакуль невядома, якія канкрэтныя літоўскія палітыкі возьмуць на сябе складаную і далікатную функцыю перамоваў зь беларускімі ўладамі і асабіста з А. Лукашэнкам. Юозас Алексас лічыць, што ў першую чаргу можна разглядаць кандыдатуры парлямэнтараў — сябраў дэлегацыі літоўскага Сойму ў ПАРЭ.

Асабіста спадар Алексас, які ўваходзіць у групу Паліткамітэту ПАРЭ у справе вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, гатовы ўдзельнічаць у такой дэлегацыі. Не выключае спадар Юозас, што да перамоваў з А. Лукашэнкам можа далучыцца і кіраўнік ураду Літвы Альгірдас Бразаўскас, — калі будзе адпаведная падтрымка Рады Эўропы. Але, як зазначае Юозас Алексас, пакуль не было ніякіх сыгналаў з боку беларускіх уладаў пра згоду на такія перамовы. Спадар Алексас ня мае ілюзіяў наконт магчымасьці хуткіх станоўчых вынікаў такіх захадаў:

(Алексас: ) “Я думаю, што ня будзе нейкіх рашучых зрухаў, таму што пазыцыя беларускага кіраўніцтва вельмі цьвёрдая. А апазыцыйныя сілы яшчэ не згуртаваліся для сур'ёзнай абароны сваіх правоў. Але я мяркую, што гэта калі не пачатак шляху, то, магчыма, нейкі этап, які можна прайсьці з большым уплывам, каб паказаць нашую пазыцыю і давесьці, што мы ня супраць Беларусі, што мы добрыя суседзі, што маем уласны прыклад 12-гадовага дэмакратычнага жыцьця, пазытыўны бок якога пераважае над тымі цяжкасьцямі, якія таксама суправаджаюць дэмакратыю.

Акрамя важных палітычных захадаў, віцэ-старшыня ПАРЭ Юозас Алексас зьбіраецца сёлета рэалізаваць у Беларусі і асабісты праект — 750-кілямэтровы велапрабег па Заходняй Беларусі. Калі беларускія ўлады не адмовяць у візе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG