Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАДЗЕЯ ДЗЕМІДОВІЧ З КАЛОДЗІШЧАЎ, ЯКАЯ БЫЛА ВЯЗЬНЕМ ГУЛАГУ, ДАГЭТУЛЬ НЕ РЭАБІЛІТАВАНАЯ


Ганна Соусь, Менск

24 лютага Надзеі Дземідовіч споўнілася 75 гадоў. У гэты дзень да яе ў Калодзішчы з розных куткоў Беларусі прыехалі больш за трыццаць чалавек — ейных лягерных і турэмных сяброў.

Сям'я Надзеі Дземідовіч паходзіць з Заходняй Беларусі. У 1939 годзе ейны бацька трапіў у Слонімскі астрог. Дарэчы, ад сталінскіх рэпрэсіяў пацярпелі ўсе родныя спадарыні Надзеі — і маці, і брат...

У часе другой усясьветнай вайны Надзея Дземідовіч стала сябрам Саюзу Беларускай Моладзі. Узгадвае, як радавалася, што зьявілася нешта сваё, ня тое, што гэтыя піянэры.... За сяброўства ў Саюзе Беларускай Моладзі Надзея Дземідовіч й пацярпела пасьля вайны. Доўгі час хавалася ад арышту на Палесьсі, потым зьехала ў Казахстан, дзе яе й арыштавалі ў 1949 годзе. Надзея Дземідовіч дагэтуль памятае пакуты ў часе сьледзтва.

(Дземідовіч: ) "Трэба было выстойваць поўныя ночы, падняўшы рукі, й нават на электрычны стул садзілі. Чалавек прытомнасьць губляе, ня кожны выжывае. А потым прывезьлі ў Баранавічы судзіць. Нашым дзяўчатам далі па пяць гадоў, а кіраўнічкам па дзесяць. А мне далі дваццаць пяць".

Адбывала пакараньне Надзея Дземідовіч у Казахстане, ля Джэзказгану, у лягеры Кенгір. Яна брала ўдзел у вядомым кенгірскім паўстаньні, пра якое, дарэчы, пісаў яшчэ Аляксандар Салжаніцын у кнізе "Архіпэляг ГУЛАГ".

(Дземідовіч: ) "У той час, калі было паўстаньне, энкавэдысты выклікалі мяне на свабоду рупарамі. Казалі, што я зрабіла злачынства яшчэ малагодкай. Але як ты пойдзеш ад тых людзей, зь якімі пражыла столькі гадоў. Я адмовілася. Калі б я тады выйшла, то на два гады раней дахаты вярнулася б. Але не шкадую. Гэтае паўстаньне было вельмі страшным, цягнулася 40 дзён. Там і танкі давілі людзей, чаго там толькі не было".

Пасьля Кенгіру Надзею Дземідовіч накіравалі на поўнач, у Тайшэцкія лягеры.

(Дземідовіч: ) "Трапіла я на лесапавал. Калі ў нас быў страйк, не выходзілі на працу, то за гэта нас аблівалі вадой са шлянгаў. І я шкадавала людзей, якія мелі дзяцей, і сама станавілася наперадзе. І пачала моцна хварэць".

Надзея Дземідовіч правяла ў сталінскіх лягерах 6 гадоў. Пасьля сьмерці Сталіна зь яе зьнялі судзімасьць, але Надзея Дземідовіч дагэтуль не рэабілітаваная.

(Дземідовіч: )"Як зьнялі судзімасць й паразу ў правах, я больш нікуды не хадзіла".

(Карэспандэнтка: ) "І напачатку 1990-х не патрабавалі рэабілітацыі?"

(Дземідовіч: ) "Не. Проста не хадзіла. Я не лічу, што я вінаватая. Па шчырасьці сказаць, я нічога не зрабіла. Адно што любіла сваю радзіму, свой край".

Надзею Дземідовіч вельмі часта можна сустрэць у Курапатах. Нягледзячы на дрэннае здароўе, яна ўвесь час прыязджае ва ўрочышча. І заўсёды імкнецца пешшу прайсьці ў шэсьці. Прыкладам, на леташнія Дзяды яна прайшла 10 кілямэтраў ад парку Чалюскінцаў да Курапатаў. Надзея Дземідовіч распавядае пра тое, якім яна ўяўляе сабе будучы мэмарыял у Курапатах:

(Дземідовіч: ) "Крыжы павінны быць, павінна быць каплічка. Павінен быць надпіс — хто тут ляжыць і за што, і ў якія гады былі зьнішчаныя. Павінна быць нейкая агароджа..."

Ці папрасіў хто-небудзь і калі-небудзь прабачэньня за ўсе тыя пакуты, што давялося перанесьці Надзеі Дземідовіч і яе родным?

(Дземідовіч: )"Ніхто не прасіў і ніхто не папросіць. Каб прагучала, што тыя каты, якія нас зьнішчалі, папрасілі прабачэньня, як немцы ці другія народы, дык я была б шчасьлівая. Але ж тыя самыя цяпер у дзяржаве кіруюць".
XS
SM
MD
LG