Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П'ЯНЫЯ ХУЛІГАНЫ СПРАБАВАЛІ ЎЧЫНІЦЬ БОЙКУ З АБАРОНЦАМІ КУРАПАТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў курапацкім лягеры знаходзіліся толькі два валанцёры — лідэр Партыі свабоды Сяргей Высоцкі й ягоны калега Ільля. Усе астатнія абаронцы мэмарыялу, стомленыя працяглым дзяжурствам, былі накіраваныя дадому адпачываць. Сёньня ўвечары стомленых валанцёраў заменяць іншыя.

Кожныя выходныя Курапаты наведвае нямала людзей як зь Менску, так і зь іншых рэгіёнаў Беларусі. Так, паводле валанцёраў, днямі да іх прыяжджала група журналістаў з рэгіянальных газэтаў Магілёўшчыны й Гарадзеншчыны.

Учора сіламі актывістаў КХП БНФ уздоўж галоўнай курапацкай алеі было ўсталявана 20 новых крыжоў. Сёньня прыходзілі некалькі групаў менскіх жыхароў, якія цікавіліся гісторыяй Курапатаў. Але з пацяпленьнем у валанцёраў зьявіліся й праблемы. Гаворыць Сяргей Высоцкі:

(Высоцкі: ) "На жаль, з пацяпленьнем узьніклі й праблемы. Стала больш людзей прыходзіць, стала больш даступным гэтае месца, але больш пацягнулася й гарадзкіх маргінальных элемэнтаў. Людзей, якія прыходзяць "адпачыць на прыроду" з гарэлкай. Гэта новыя праблемы. Так што на будучыню, відавочна, трэба будзе не зьмяншаць, а павялічваць колькасьць валанцёраў".

Гэтая праблема, на жаль вельмі сур'ёзная. Так, учора ўвечары ў Курапатах адбылася сутычка валанцёраў з падпітай кампаніяй хуліганаў, якія хацелі арганізаваць ва ўрочышчы пікнік. Гаворыць валанцёр Ільля:

(Ільля: ) "Недзе прыблізна а палове на восьмую ўвечары кампанія з трох маладых хлапцоў. Усе яны былі нападпітку. Было відавочна, што яны зьбіраліся прысесьці й нешта выпіць. Мы іх адразу папрасілі адсюль сысьці. Яны адразу пачалі: "А што вы тут робіце? Хто вы такія, і чаму у вас нейкі сьцяг не такі, няправільны?"

Пасьля адзін зь іх ударыў нашага хлопца. Мы іх сілай супакоілі. Пасьля яны з пагрозамі ў наш бок вярнуцца зь вялікай колькасьцю людзей, спаліць уначы намёт, і ўвогуле ўсіх пазабіваць, сышлі. Такім трэба даваць рэальны адпор. Гэта месца, дзе такога не павінна адбывацца".

Міліцыянтаў, якія вельмі часта патрулююць Курапаты, ў часе сутычкі з хуліганамі ва ўрочышчы чамусьці не было. Дарэчы, падобныя п'яныя кампаніі прыходзілі ў Курапаты й раней.

Акрамя таго, валанцёрам пастаянна прыходзіцца тлумачыць ня надта сьвядомым аматарам выгулу сабак, чаму гэтага нельга рабіць у Курапатах.

Аднак, паводле валанцёраў, большасьць наведнікаў Курапатаў усё ж такі ведае, як трэба паводзіць сябе цывілізаваным людзям у мэмарыяльным месцы. Абаронцы Курапатаў лічаць, што на адносіны людзей да Курапатаў паўплывала й іхная паўгадавая абарона мэмарыялу ад разбурэньня.
XS
SM
MD
LG