Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны культуры


Юрась Барысевіч, Менск

Сярод 20 удзельнікаў польскай выставы зь пяці краінаў — чатыры беларускія скульптары: Ігар Засімовіч, Віктар Копач, Уладзімер Піпін і Кацярына Злоціна. Выстава “Integrart” ужо экспанавалася ў Сэйнах, а ў траўні яе пакажуць у Беластоку — у музэі Альфонса Карнэго. У сувязі з мытнымі ды іншымі праблемамі да Беларусі яна не даедзе, хоць фундатары пленэру й мелі жаданьне паказаць гэтыя 30 скульптураў у Менску.

Найстарэйшы з жывых эспэрантыстаў у Беларусі Міхаіл Мандрык адзначыў свой 100-гадовы юбілей. У свой час прыхільнікамі мовы эспэранта, якую вынайшаў у шматмоўным Беластоку Людвік Заменгоф, былі такія дзеячы беларускае культуры як Цішка Гартны, Максім Танк і Янка Маўр. Міхаіл Мандрык захапляецца эспэранта ўжо 80 гадоў. У 1930-я быў рэпрэсаваны, потым трапіў на фронт і ў нямецкі палон. Цяпер жыве ў вёсцы Гатовіна пад Менскам, склаў ілюстраваны слоўнік і напісаў падручнік эспэранта. У 1997-м амэрыканскія сябры-эспэрантысты надрукавалі аўтабіяграфічную аповесьць Мандрыка “Гаркавая дарога жыцьця”.

У Лучайскай школе Глыбоцкага раёну адкрыўся Музэй старое кнігі. Стварылі яго школьнікі й жыхары навакольных мясьцінаў з ініцыятывы краязнаўцы Рыгора Шарыпкіна: сабралі з гарышчаў ды куфраў рэдкія кнігі, што выйшлі за польскім, нямецкім і царскім часам. Апроч кніжнага, Лучайская школа мае багаты краязнаўчы музэй, дзе ёсьць нават працы Язэпа Драздовіча. Калідоры школы аздабляе фотагалерэя цэркваў і касьцёлаў Паазер’я.

Капыльскі краязнаўчы музэй наладзіў мэмарыяльную выставу кніжных знакаў і краявідаў земляка, галоўнага мастака выдавецтва “Беларусь” Генадзя Галубовіча. Побач экспануюцца жывапісныя творы ягонае ўдавы, аўтаркі кнігі “Іканапіс Беларусі” Надзеі Высоцкай, а таксама гравюры ды аплікацыі іхнае дачкі Сашы Галубовіч. Уражвае колькасьць партрэтаў маці, якія зрабіла юная мастачка: іх каля 50.

Францускі культурны цэнтар пры бібліятэцы імя Пушкіна ў Менску наладзіў Тыдзень францускай і беларускай паэзіі. Санэты Янкі Купалы дэклямаваліся па-француску, а тэксты Апалінэра — па-беларуску. Менскія студэнты разам з далёкімі калегамі ў Францыі складалі праз Інтэрнэт агульныя імправізаваныя вершы. Дэманстраваўся мультымэдыйны фільм пра сучасны беларускі жывапіс, дзе для кожнай карціны аўтары знайшлі “сугучны” францускі верш. Падсумаваньне вынікаў конкурсу перакладчыкаў беларускае паэзіі адкладзенае на пазьнейшы тэрмін.

У Музэі сучаснага мастацтва адкрылася фотавыстава Сяргея Ждановіча “Зьнікомая прастора”. Жанр здымкаў — аўтапартрэты, дзёньнікі, “лісты да самога сябе”. Аўтар фіксуе імгненьне, калі твары й рэчы зьнікаюць у чужым ценю альбо надта яркім сьвятле. Творчае крэда Ждановіча даволі пэсымістычнае: “Мы былі, але толькі імгненьне, і гэтае імгненьне не паўторыцца ніколі”. І ўсё ж кожны момант нашага жыцьця часам паўтараецца, і сьведчаньнем таму — напісаны самім мастаком музычны твор, які шматкроць паўтараўся падчас вэрнісажу.
XS
SM
MD
LG