Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕСАНКЦЫЯНАВАНАЕ ШЭСЬЦЕ ДА ДНЯ КАНСТЫТУЦЫІ Ў МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя пачалася а палове шостай вечара і праходзіла пад сацыяльнымі лёзунгамі. Як казаў Мікола Статкевіч і ягоны намесьнік Алесь Арыстовіч, сацыяльная тэма цяпер найбольш хвалюе беларускіх грамадзянаў.

Лідэр “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч выступіў перад удзельнікамі акцыі, ён заклікаў не супрацьстаяць амонаўцам, павіншаваў усіх з Днём Канстытуцыі й заклікаў разысьціся. Некаторыя ўдзельнікі акцыі былі ня надта задаволеныя гэтым.

Гаворыць Мікалай Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Мы ўвогуле не задаволеныя тым, як гэтая акцыя рыхтавалася. Улады ад самага пачатку забаранілі гэтую акцыю, інфармацыя пра гэта прайшла ў недзяржаўным друку. І ў той атмасфэры страху, што існуе ў Беларусі, мы атрымалі менш людзей, чым плянавалі. Наш досьвед паказвае, што на дазволеныя акцыі прыходзіць прыблізна ў разоў пяць болей народу. Але калёна сфармавалася, і, як заўсёды ў сацыял-дэмакратаў, праходзіць акцыя годна – па тратуарах мы ня ходзім. Па праезнай частцы людзі накіраваліся ў цэнтар гораду.

Улічваючы, што стаялі грузавікі ў раёне плошчы Якуба Коласа, а таксама было чатыры аўтобусы людзей у цывільным такога моцнага целаскладу, то каб пазьбегнуць сутыкненьняў, мы адразу аб’яўлялі, што акцыя будзе выключна мірнай. Мы павялі дэманстрацыю ў абыход, але на скрыжаваньні вуліцаў Куйбышава і Варвашэні падразьдзяленьне спэцназу ў касках, масках, з дубінкамі перакрыла дарогу”.

(Карэспандэнт: ) “Прайшла інфармацыя, што зранку да вас прыходзілі міліцыянты”.

(Статкевіч: ) “Гэта не зусім дакладна, яны прыходзілі ўвечары і позна ўвечары. Яны прыйшлі з тым, каб нібыта ўручыць позву ў пракуратуру. Гэта ж стандартны набор перад акцыяй – запалохаць альбо прэвэнтыўна арыштаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Фактычна гэта першая спроба зрабіць сёлета масавую акцыю. Вы гаварылі напярэдадні пра тое, што было распаўсюджана шмат матэрыялаў, якія агітуюць за гэтую акцыю. Які ваш прагноз наконт масавых акцыяў гэтай вясной?”

(Статкевіч? ) “Я думаю, што апазыцыя ня мае іншых спосабаў камунікацыі з насельніцтвам, акрамя як арганізоўваць масавыя акцыі. Але сёньня, мабыць, улады зрабілі больш за нас, каб прыцягнуць увагу да гэтай акцыі, каб паказаць, што Канстытуцыя ў Беларусі зьяўляецца пустой паперкай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG