Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ: СЬВЯТА ПРАТЭСТУ


Юры Дракахруст, Прага

1997 год. Напярэдадні акцыі былі праведзеныя ператрусы ў штаб-кватэрах Беларускага Народнага Фронту і Аб’яднанай грамадзянскай партыі, затрыманыя 150 актывістаў, у тым ліку некалькі кіраўнікоў Фронту. Тым ня менш маніфэстацыя адбылася. Удзельнічала да 15 тысяч чалавек, якія прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да Палаца спорту, дзе правялі мітынг. На чале калёны ішлі дэпутаты Вярхоўнага Савету, былы міністар абароны Павал Казлоўскі й міністар унутраных справаў Юры Захаранка. Падчас акцыі былі затрыманыя 20 чалавек. Некаторыя зь іх былі асуджаныя на суткі адміністрацыйнага арышту, астатнім прысудзілі штрафы. Штрафы далі й арганізатарам акцыі – у прыватнасьці, на 800 даляраў аштрафавалі былога старшыню парлямэнту Мечыслава Грыба, які 15 сакавіка 1994 годзу падпісаў Канстытуцыю.


У 1998 годзе пасьля правядзеньня мітынгу і дэманстрацыі, прысьвечанай Дню Канстытуцыі, быў затрыманы арганізатар акцыяў – кіраўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі Мікола Статкевіч. Ён быў арыштаваны на той падставе, што некаторыя ўдзельнікі акцыі выкрыквалі лёзунгі, што абражалі найвышэйшых службовых асобаў Беларусі.


У 1999 годзе маніфэстацыя на Дзень Канстытуцыі праводзілася ў межах падрыхтоўкі да альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі асноўных апазыцыйных партыяў: БНФ, АГП, БСДП. Арганізатарам акцыі, як і сёлета, быў лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч. У шэсьці й мітынгу на плошчы каля Опэрнага тэатру ўзялі ўдзел каля 5 тысяч чалавек. У рэзалюцыі мітынгу яго ўдзельнікі заклікалі ўлады садзейнічаць правядзеньню прэзыдэнцкіх выбараў і спыніць перасьлед Віктара Ганчара.


У 2000 годзе акцыя пратэсту на Дзень Канстытуцыі мела назву “Марш Свабоды–2”. Паводле арганізатараў, яна праводзілася дзеля абароны незалежнасьці Беларусі й у падтрымку перамоўнага працэсу паміж апазыцыяй і ўладаю. Акцыя была дазволеная гарадзкімі ўладамі. Маніфэстанты колькасьцю да 8 тысяч чалавек прайшлі ад традыцыйнага месца збору – плошчы Якуба Коласа да плошчы Бангалор, дзе правялі мітынг. Сьвяткаваньне Дня Канстытуцыі апазыцыйнымі сіламі прайшло ў 2000 годзе ў Віцебску, Салігорску і шэрагу іншых гарадоў Беларусі.


Летась акцыю з нагоды Дня Канстытуцыі правялі ў Менску актывісты Маладога Фронту. Некалькі дзясяткаў маладзёнаў раздавалі мінакам кніжку-ўлётку “Канстытуцыя-2001”. Удзельнікі несанкцыяванай акцыі павіншавалі з Днём Канстытуцыі супрацоўнікаў Канстытуцыйнага суду, МЗС і пракуратуры. Міліцыя затрымала двух маладафронтаўцаў. Акцыі да гадавіны Канстытуцыі прайшлі ў гэты дзень у Маладэчне, Барысаве і Баранавічах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG