Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДУЦЬ ЗЬНІШЧАНЫЯ ГРАФІЦІ САВЕЦКІХ САЛДАТАЎ НА СЬЦЕНАХ РАЙХСТАГУ?


Сяргей Абламейка, Прага

Інфармацыя, якая найперш прыцягвае ўвагу сярод кароткіх паведамленьняў з Эўропы, гэта заява прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла аб тым, што ён падпісаў у чацьвер закон аб доступе грамадзянаў да сакрэтных дакумэнтаў камуністычных часоў. Закон гэты быў на мінулым тыдні ўхвалены сэнатам. І вось выступаючы ў сэнаце, Вацлаў Гавэл сказаў, што для таго, каб мець бясьпечную будучыню, трэба палагодзіць адносіны са сваім мінулым. У 1996 годзе ў Чэхіі ўжо быў прыняты закон, які даваў права чэхам знаёміцца са сваімі ўласнымі справамі ў архівах службы дзяржбясьпекі. Новы закон дае права грамадзянам краіны мець доступ да справаў іншых людзей.

Наступная інфармацыя з Амэрыкі. Прэзыдэнт Буш напярэдадні заявіў, што прапануе дадаткова выдаткаваць 5 мільярдаў даляраў дзеля дапамогі тым бедным краінам, якія праводзяць у сябе эканамічныя і палітычныя рэформы. Гэты грант мог бы быць падзелены на працягу трох гадоў пачынаючы з 2004 фінансавага году ў ЗША. Права на гэтыя грошы маглі б мець тыя краіны, што зрабілі прагрэс у рэфармаваньні сваёй эканомікі, у змаганьні з карупцыяй і ў датрыманьні й разьвіцьці правоў чалавека.

І яшчэ адно паведамленьне з Эўропы. У чацьвер у парлямэнце Нямеччыны адбыліся дэбаты ў пытаньні, ці трэба прыбраць са сьценаў Райхстагу графіці, зробленыя 1945 годзе савецкімі салдатамі й пакінутыя там пазьнейшымі ўладамі як помнік часоў вайны. Апрача нецэнзурных зваротаў да Адольфа Гітлера з сэксуальнымі матывамі, там ёсьць і проста пераможныя рэплікі кшталту “Ты дастаў тое, што хацеў. Ты сукін сын”. Група кансэрватыўных палітыкаў прапанавала зьнішчыць гэтыя графіці на падставе таго, што яны перашкаджаюць нямецка-расейскім дачыненьням. Аднак лідэр парлямэнцкай фракцыі сацыял-дэмакратаў Гернат Эрлер – кіруючай партыі Нямеччыны – заявіў, што скаргі на графіці даволі дробязныя, і сказаў, што надпісы трэба захаваць.

А вось паведамленьне з Паўночнага Каўказу. Група сьледчых, якая ўключае ў сябе расейскіх вайскоўцаў і прадстаўнікоў прамаскоўскай адміністрацыі Чачэніі, накіравалася ўчора ў чачэнскую вёску Старыя Атагі. Яны маюць намер расьсьледаваць паведамленьні аб тым, што падчас нядаўняй акцыі расейскіх войскаў супраць чачэнскіх баевікоў там былі забітыя сем цывільных асобаў. Цікава, што гэтая камісія была накіраваная на месца меркаванага злачынства толькі пасьля таго, як сотні абураных жыхароў Старых Атагоў правялі ў Грозным дэманстрацыю пратэсту, патрабуючы пакараньня вінаватых.

І на заканчэньне – паведамленьне зь Лёндану. Жаваньне жуйкі, паводле брытанскіх навукоўцаў, можа ў літаральным сэнсе зрабіць нас больш разумнымі. Навукоўцы Нартгамбрскага ўнівэрсытэту і Рыдынгскага цэнтру дасьледаваньня мысьленьня знайшлі, што жуйка мае пазытыўны ўплыў на такія функцыі чалавечых мазгоў, як мысьленьне і памяць. Адзін з навукоўцаў унівэрсытэцкага мысьленча-нэўралягічнага цэнтру Эндру Шолі паведаміў, вынікі дасьледаваньняў не пакідаюць сумненьняў, што частае жаваньне жуйкі абвастрае памяць. “Людзі запамінаюць больш словаў і паказваюць лепшыя вынікі ў тэстах на запамінаньне,” – сказаў навуковец. Пры гэтым ён заявіў, што абсалютна ня мае значэньня, якую вы жуяце жуйку – мятную, мэнтолавую ці садавінавую – галоўнае, каб вы рабілі сківіцамі як мага больш жавальных рухаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG