Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШКЛОЎСКІХ “ЗУБРОЎЦАЎ” ЗАСУДЗІЛІ ЗА АБРАЗУ ЛУКАШЭНКІ


Аляксандар Сердзюкоў, Шклоў

Амаль два месяцы спатрэбілася Шклоўскаму раённаму суду, каб “даказаць”, што летась юнакі зьдзейсьнілі крымінальнае злачынства. Як вядома, у жніўні Аляксандар Паўловіч, Максім Патупчык, Дзяніс Сенакосаў, Зьміцер Шалашкоў, Міхаіл Кісялёў прыехалі ў вёску Гарадзец Шклоўскага раёну і арганізавалі там тэатралізаванае прадстаўленьне.

Абвінаваўца, памочніца раённага пракурора Ірына Алданава, нагадала суду пра паказаньні сведкаў. Паводле іх, адзін зь юнакоў апрануў маску з выявай Лукашэнкі, забег у краму і крычаў: “Я — ваш прэзыдэнт, выбераце мяне”. Іншыя ў халатах санітараў схапілі яго, выцягнулі на вуліцу і крычалі: “Гэта — наш хворы. Ён уцёк з шпіталя, мы яго забяром”.

Сёньня суд заслухаў апошняга сьведку, супрацоўніка часопіса “Мастацтва” Юрася Барысевіча, які заявіў, што дзеяньні маладзёнаў адпавядаюць прыкметам жанра мастацтва пэрформансу і таму іх нельга назваць палітычнай акцыяй.

(Барысевіч: ) “Гэтая акцыя падаецца мне мастацкай таму, што у ёй ёсьць такія прыкметы, якія лучаць яе са звыклым для нас тэатральным мастацтвам — акторы, гледачы, рэквізыт, сама маска, адмыслова абраная пляцоўка для паказу. Па сутнасьці, усялякі стацыянарны тэатар — гэта адмыслова абраная пляцоўка, дзе адбываецца нешта такое, што мы ня можам убачыць на вуліцы. І мы прыходзім у тэатар, каб пабачыць нешта незвычайнае”.

Спасылаючыся на гэтае меркаваньне, адвакат Павал Сапега хадайнічаў пра правядзеньне комплекснай судовай, моўнай, мастацкай, псыхалягічнай экспэртызы дзеяньняў адказчыкаў. Суд адхіліў гэтае хадайніцтва, зрэшты, як і другое. Адвакат прасіў выклікаць у якасьці сьведкі таго, хто пацярпеў ад гэтай мастацкай акцыі. А размова, як вядома, ішла пра абразу гонара і годнасьці Аляксандра Лукашэнкі, які зараз адпачывае ў Аўстрыі.

Прамова спадарыні Алданавай выклікала абурэньне ўдзельнікаў суду. Яна назвала апазыцыю слабай і ўбогай, а адказчыкаў — палітычна неадукаванай моладзьдзю, якая ня можа зрабіць кроку без адваката. Паводле ейных словаў, у рэцыдывістаў бывае лепшая характарыстыка, чым у Аляксандра Паўловіча. Пры канцы прамовы яна патрабавала жорсткага пакараньня за абразу гонару і годнасьці спадара Лукашэнкі, а дакладней, штрафу на 200 мінімальных заробкаў для кожнага.

Адвакат у сваю чаргу сьцьвярджаў, што жнівеньская акцыя не прынесла шкоды грамадзтву, а леташнія і сёлетнія заявы сьведкаў істотна адрозьніваюцца адзін ад аднаго. Аднак судзьдзя ўлічыла, што маладзёны ня змогуць выплаціць такую суму, а патрабаваньні ў адносінах да двух непаўнагадовых увогуле супярэчаць заканадаўству.

Дзяніса Сенакосава, Зьмітра Шалашкова, Міхаіла Кісялёва, якім ужо больш за 18 гадоў, пакаралі штрафам на 100 мінімальных заробкаў. Непаўнагадовы Аляксандар Паўловіч і Максім Патупчык атрымалі па 20 мінімалак штрафу. Але ж для студэнтаў і гэтыя грошы завялікія. Вось як пракамэнтаваў судовае рашэньне “зубровец” Аляксандар Паўловіч, якога абвінавацілі ў тым, што ён насіў маску з выявай Лукашэнкі:

(Паўловіч: ) “Рашэньне суду не аб’ектыўнае, бо падчас судовага працэсу не правялі экспэртызу, не было людзей, якія могуць ацаніць гэтую сытуацыю. І таму мы зь сябрамі лічым гэтае рашэньне неаб’ектыўным”.

Ня больш аптымістычна ацэньвае вынікі суду і адвакат Павал Сапелка.

(Карэспандэнт: ) “Ці чакалі вы як адвакат іншага рашэньня суду?”

(Сапелка: ) “Да апошняга часу я спадзяваўся , што суд прызначыць судовую экспэртызу, якую я прасіў у судзе, і на падставе гэтай экспэртызы вынесе рашэньне пра апраўданьне маіх падабаронных. Прысуд будзе абскарджаны у вышэйшых судовых інстанцыях. Спадзяюся, што калісьці будзе прыняты законны прысуд і мае падаабаронныя будуць апраўданыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG