Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА СПЫНІЎСЯ Ў “САМЫМ ВАР’ЯЦКІМ ГАТЭЛІ АЛЬПАЎ"


Юры Сьвірко, Менск

Сайт гэтага гатэлю (www.klosterbraeu.com) сьцьвярджае, што ён ёсьць найбольш вар’яцкім гатэлем у Альпах (“The most crazy hotel in the Alps”). З гэтага й пачалася наша размова з мэнэджэрам гатэлю. Я спытаўся, чаму ягоны вэбсайт кажа, што гатэль вар’яцкі.

(Мэнэджэр: ) “Ён вар’яцкі... Не такі ўжо вар’яцкі. Ён выбітны. Вар’яцкі значыць выбітны, ведаеце?”

Далей я спытаўся, ці можна паразмаўляць з Аляксандрам Лукашэнкам ці кім-небудзь зь ягонага атачэньня. І вось які адказ атрымаў:

(Мэнэджэр: ) “Уся партыя знаходзіцца сёньня ў Інсбруку – увечары. Усе людзі прэзыдэнта ў Інсбруку”, – паведаміў мэнэджэр аўстрыйскага гатэлю “Клёстэрброй”. Ён таксама пацьвердзіў, што Аляксандар Лукашэнка будзе бавіць там час да нядзелі, 17 сакавіка.

Аднак мне ўсё ж пашанцавала зьвязацца з Лукашэнкавай камандай – дакладней, з супрацоўнікам беларускае амбасады ў Аўстрыі спадаром Гірам.

(Карэспандэнт: ) “Тут размаўлялі са спадарыняй Пяткевіч, прэсавай сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі, яна абвяргае, што Лукашэнка хворы, траўмы, маўляў, не атрымліваў. Можа ў Вас даведацца зь першых вуснаў – ці сапраўды зь ім усё ў парадку?”

(Гіра: ) “Ён вельмі добра сябе адчувае. І празь дзесяць хвілін выйдзе на лёд у дабрачыннай гульні супраць зборнай Аўстрыі – на карысьць дзяцей Чарнобылю”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вы не падкажаце, што за зборная такая – прэзыдэнта Беларусі? Што гэта значыць?”

(Гіра: ) “Вэтэраны беларускага спорту”.

(Карэспандэнт: ) “Нібыта ўсе сродкі пойдуць ад гэтага матчу дзецям Чанобылю?”

(Гіра: ) “Так!”

(Карэспандэнт: ) “А пра якую суму можна казаць?”

(Гіра: ) “Ну, парадка дзесяці тысяч даляраў”.

(Карэспандэнт: ) “Адкуль жа яны возьмуцца?”

(Гіра: ) “Пра гэта вы даведаецеся зь перадачаў Беларускага тэлебачаньня”.

(Карэспандэнт: ) “Ці гэта білеты прадаваліся на матч?”

(Гіра: ) “І білеты прадаваліся, і дапамога Алімпійскага камітэту Аўстрыі”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі каштаваў адпачынак прэзыдэнта і каманды?”

(Гіра: ) “Я ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Ну больш за дзесяць тысяч ці менш?”

(Гіра: ) “Не, ня ведаю”.

Спадар Гіра, як і прэсавая сакратарка спадара Лукашэнкі, не захацеў адказаць на пытаньне, колькі можа каштаваць адпачынак кіраўніка беларускай дзяржавы. Аднак у гатэлі “Клёстэрброй” нам паведамілі прынамсі кошт ягоных апартамэнтаў:

(Супрацоўніца гатэлю: ) “Каралеўскія апартамэнты каштуюць 780 эўра, яны вызваляюцца 17 сакавіка”.

Такім чынам, няцяжка падлічыць, што 10 дзён пражываньня ў адным такім нумары каштуюць каля 7 тысяч даляраў – і гэта толькі на аднаго чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG