Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСК ПРЫБЫЎ ІРАЦКІ ВІЦЭ-ПРЭМ'ЕР – МІНІСТАР ФІНАНСАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Увечары ў Менск прыбыла ірацкая дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм'ерам і міністрам фінансаў Хікматам аль-Азаві. Да 19 сакавіка будзе доўжыцца чацьвертае паседжаньне двухбаковае ірацка-беларускае камісіі, якое ладзіцца на падставе падпісанага ў ліпені 1999 году міжурадавага пагадненьня аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Як распавёў на сёньняшнім брыфінгу прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка, падчас візыту іракцаў заплянаваныя сустрэчы і перамовы з кіраўніцтвам Беларусі, урадоўцамі, у тым ліку сустаршынём беларускае часткі камісіі намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкае адміністрацыі Леанідам Козікам і міністрам замежных спраў Міхаілам Хвастовым.

Спадар Латушка зазначыў:

(Латушка: ) “Ірацкая дэлегацыя таксама наведае шэраг прадпрыемстваў і арганізацыяў Беларусі. У ходзе паседжаньня камісіі плянуецца разгледзець пытаньні гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва. Будуць абмеркаваныя магчымасьці ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у шэрагу праектаў у Іраку, у тым ліку стварэньні зборачнай вытворчасьці беларускіх трактараў на заводзе ў Скандэрыі, рэканструкцыі вытворчасьці шкляной тары ў Рамадзі, аднаўленьні сыстэмы водазабесьпячэньня жылога раёну Багдаду.

Супрацоўніцтва з Іракам ажыцьцяўляецца ў рамках гуманітарнай праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне і мэдыкамэнты" ў строгай адпаведнасьці з рэзалюцыяй Рады Бясьпекі ААН”.

Павал Латушка дадаў, што гандлёва-эканамічныя дачыненьні Беларусі з Іракам характарызуюцца паступовым нарошчваньнем гандлёвага абароту. Беларусь экспартуе ў Ірак трактары, грузавыя аўтамабілі, запасныя часткі да іх, шыны.

Летась беларуска-ірацкі тавараабарот склаў больш за 26 мільёнаў даляраў, уся гэтая сума ёсьць беларускім экспартам. Імпарту з Іраку ў Беларусь не было.

(Латушка: ) “Беларускія прадпрыемствы ўдзельнічаюць у розных тэндэрах, якія праводзяцца на тэрыторыі Іраку, у тым ліку ў такіх галінах як электраэнэргетыка, стварэньне зборачных вытворчасьцяў, пастаўка аўтамабільнай тэхнікі й трактароў. Беручы да ўвагі шырокія патэнцыяльныя магчымасьці ірацкага рынку, асноўным кірункам беларуска-ірацкага супрацоўніцтва ў наступныя гады застануцца пастаўкі беларускай прадукцыі ў рамках праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне і мэдыкамэнты”.
XS
SM
MD
LG