Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПЫНІЛІ ФІНАНСАВАНЬНЕ ТАК ЗВАНАГА САЮЗНАГА ТЕЛЕРАДЫЁАБ'ЯДНАНЬНЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Падчас паседжаньня парлямэнцкага сходу выявілася, што ягоныя сябры патрабуюць больш грошай на сваю міжнародную і інфармацыйную дзейнасьць, у тым ліку на паездкі па-за межы Менску і Масквы, напрыклад, на сэсію Міжпарлямэнцкага саюзу ў Марока. Натальля Машэрава абуралася спыненьнем фінансаваньня тэлерадыёаб'яднаньня саюзнае дзяржавы, якое складае 5 мільёнаў даляраў у год.

Дзяржасакратар Павал Барадзін на гэта шчыра адказаў, што гэтыя грошы папросту дзяліліся паміж чыноўнікамі, якія нібыта займаліся тэлерадыёвяшчаньнем:

(Барадзін: ) “Я вам яшчэ раз кажу: нуль у працы вашага ТРА, — заявіў Павал Барадзін пра саюзнае тэлерадыёаб’яднаньне, якое паводле ягонага распараджэньня пазбаўленае фінансаваньня. На стварэньне інтэрнэт-сайтаў гэтага аб'яднаньня ішло па 300 тысяч даляраў, такія ж грошы патрабаваліся на камандзіроўкі”.

У сваю чаргу Мікалай Чаргінец з так званага савету рэспублікі заявіў, што намесьнік Паўла Барадзіна Ігар Селіванаў сабатуе саюзныя справы і таму не знаходзіцца на сваім месцы. Мікалай Чаргінец абураўся і тым, што ніхто не пралічвае саюзныя праграмы, што грошы зь бюджэту накіроўваюцца бязадрасна і няма сэнсу разьлічваць на вяртаньне крэдытаў. "Ні шыша з гэтага не атрымаецца", — эмацыйна заявіў Мікалай Чаргінец.

Генадзь Селязьнёў паведаміў, што ў справе падрыхтоўкі так званага канстытуцыйнага акту саюзнае дзяржавы вельмі цяжка ідзе прыцірка паміж двума бакамі, але за аснову гэтага дакумэнту будзе ўзяты праект парлямэнцкага сходу. Нагадаю, што беларускі кіраўнік камісіі па падрыхтоўцы гэтага акту Леанід Козік назваў гэты праект "фількінай граматай", бо ён асабліва нічым не адрозьніваецца ад падпісанай два гады таму дамовы аб саюзнай дзяржаве.

Праект, падрыхтаваны беларускім бокам, на думку Генадзя Селязьнёва, па форме ня ёсьць юрыдычным дакумэнтам.

(Селязьнёў: ) “Пакуль, як гаворыцца, яшчэ ідуць спрэчкі вакол самога дакумэнта. Але я б хацеў, каб да лета прэзыдэнты прагледзелі і ўхвалілі б нейкі варыянт. Далей юрысты могуць дапрацоўваць, для таго каб ужо вызначаць даты рэфэрэндумаў. І добра было б гэтую працу завяршыць сёлета, а яшчэ лепш, у канцы гэтага году правесьці выбары ў саюзны парлямэнт.

Але ўсё адкладваецца ў сувязі з тым, што мы ніяк ня можам разабрацца з канстытуцыйным актам”.

Спадар Селязьнёў нечакана заявіў, што ў сваім парлямэнцкім сходзе дэпутаты карыстаюцца досьведам Эўрапарлямэнту.
XS
SM
MD
LG