Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАЧАЛАСЯ КАМПЭНСАЦЫЯ ЎКЛАДАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле інфармацыі намесьніцы начальніка аддзелу фізычных асобаў абласной управы ашчаднага банку “Беларусьбанк” Любові Коваль, кампэнсацыі падлягае 1 мільён 200 тысяч прыватных укладаў грамадзянаў рэгіёну. На гэтыя ўклады прадугледжана ўсяго 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў кампэнсацый. Гэта складае ў сярэднім меней за 4500 рублёў на адзін уклад.

Вось што распавяла пра цяперашнюю кампэнсацыю гамяльчанка, якая назвалася Нінай Мікалаеўнай:

(Ніна Мікалаеўна: ) “800 рублёў мне налічылі. За ўклад, які клала калісьці за дзяцей. Думала, адзену, абую, як прыдуць з войска. Атрымалася 800 рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “А якая сума ў вас была?”

(Ніна Мікалаеўна: ) “Дзьве з паловай тысячы, я дакладна ўжо і не памятаю. Але сьмеху варта: 800 рублёў я атрымала зараз”.

Сапраўды, 800 рублёў — гэта зараз ўсяго каля паўдаляра, дакладней — 46 цэнтаў.

Раіса Мяцеліца, якую маці гадавала бяз бацькі, бо той загінуў на фронце, наагул адмовілася ад атрыманьня кампэнсацыі.

(Мяцеліца: ) “Сем тысяч рублёў было. Мацеры маёй 5 тысяч, што гарбацілася ўсё жыцьцё, і маіх ляжала 1700 рублёў. Пайшла я ў Цэнтральнае аддзяленьне банку, чула пра кампэнсацыю. Мне сказалі, што кампэнсацыі вельмі мала — 1700 цяперашніх рублёў. На кавалак каўбасы не хапала. Дык я кажу: такія грошы мне не патрэбныя. Паперак столькі падпісаць — нэрвы свае сапсуеш. Лічу, дзяржава абакрала. Я спадзявалася, што выйду на пэнсію і куплю сабе неабходнае. Цяпер во сяджу на дранай канапе, з дранай лядоўняй, тэлевізарам. Жабрачкай стала”.

(Карэспандэнт: ) “А што рабіць у гэтай сытуацыі?”

(Мяцеліца: ) “Нават ня ведаю. Хіба толькі арганізоўваць людзей, браць, як у Альбаніі, вілы… Ці судзіцца зь імі? У суд я адна калі падам пазоў, то не заплачу судовыя выдаткі”.

У абласной управе “Беларусьбанку” пагаджаюцца, што цяперашняя кампэнсацыя — сымбалічная. І ёю ўлады, не чакаючы 2007 году, ужо сёлета мкнуцца закрыць тэму кампэнсацыі ўкладаў і мэтавых аблігацыяў на аўтамашыны, лядоўні, тэлевізары. Такім чынам, будзе лічыцца, што ўказ Аляксандра Лукашэнкі №229 ад 1998 году выкананы ў два разы хутчэй, чым прадугледжвалася.
XS
SM
MD
LG