Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ТУРЫСТЫ ЗМОГУЦЬ ЛЯТАЦЬ У ЗАХОДНЮЮ ЭЎРОПУ


Юры Дракахруст, Прага

20 сакавіка ў Брусэлі адбудуцца перамовы беларускага Дзяржкамітэту авіяцыі з прадстаўнікамі Эўракамісіі наконт палётаў беларускіх самалётаў у краіны Эўразьвязу.

Нібыто ўжо прынятае рашэньне, што забарона на палёты “шумных” самалётаў не закране так званыя чартэрныя рэйсы, якімі перавозяць турыстаў. Аднак гэтыя рэйсы будуць перанакіраваныя на другасныя, маленькія аэрадромы, зь якіх да месцаў адпачынку беларускім турыстам давядзецца дабірацца машынамі ці аўтобусамі.

Першы намесьнік беларускага Дзяржкамітэту авіяцыі Вадзім Мельнік заявіў сёньня, што Беларусь ня надта закрануць абмежаваньні, што ўводзіць Эўразьвяз на шумныя самалёты Ту-134 і Ту-154. Пасажыраў перасадзяць на самалёты Як-40. Яны ня менш шумныя, але больш лёгкія і не падпадаюць пад абмежаваньні паводле вагавай катэгорыі.

Але як стала вядома нашаму радыё, беларускі бок вядзе напружаныя перамовы з Аўстрыяй, куды лятаюць менавіта Які. Вену не задавальняюць іншыя, нешумавыя парамэтры гэтых самалётаў.

Як паведаміў спадар Мельнік, Беларусь бачыць выйсьце ў закупе новых расейскіх самалётаў – у прыватнасьці, мадэрнізаванага Ту-154. Паводле словаў гэтага прадстаўніка беларускага Дзяржкамітэту авіяцыі, Беларусь ня можа дазволіць сабе набыць “Боінгі”, бо яны занадта дарагія. Але праз чатыры гады Эўразьвяз увядзе ў дзеяньне чацьвертую частку Канвэнцыі міжнароднай асацыяцыі цывільнай авіяцыі, патрабаваньням якой не адпавядае ніводзін зь цяперашніх расейскіх самалётаў.

Абмежаваньні на палёты “шумных” самалётаў, што ўводзіць Эўразьвяз сёлета з 1 красавіка, адаб’юцца на Беларусі й асабліва на Расеі – на працягу году расейскія авіякампаніі згубяць 11 тысяч рэйсаў у Эўропу. А якая сытуацыя ва Ўкраіне? На гэтае пытаньне адказвае памочнік дырэктара Дзяржаўнага дэпартамэнту авіятранспарту Ўкраіны Юры Кіянчанка:

(Кіянчанка: ) “На ўкраінскіх палётах у Эўропу гэтае рашэньне ніяк не адаб’ецца. Справа ў тым, што асноўныя ўкраінскія кампаніі, якія выконваюць палёты ў Эўропу – “Аэрасьвіт” і “Міжнародныя авіялініі Ўкраіны”, яны лятаюць на “Боінгах 737”. Самалёты Ту і Іл, якіх тычыцца абмежаваньне, у нас ёсьць, але яны не лятаюць у Эўропу. Ту-154 лятаюць у Кітай, Іл-62 лятаў у Канаду, Ту-134 лятае ў Маскву. Гэтых самалётаў засталося вельмі мала, яны ў авіякампаніі “Авіялініі Ўкраіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG