Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКІ НАВУКОВАГА СЭМІНАРУ ПАСТАНАВІЛІ ІНІЦЫЯВАЦЬ ДАСЬЛЕДАВАНЬНЕ ЎСІХ МЕСЦАЎ МАСАВЫХ РАССТРЭЛАЎ У БЕЛАРУСІ


Ганна Соусь, Менск

Сэмінар, наладжаны грамадзкім аб'яднаньнем “Дыярыюш”, адбыўся ў габрэйскім цэнтры на вуліцы Інтэрнацыянальнай, акурат паміж будынкамі КГБ, пракуратуры й вайсковай пракуратуры. Дарэчы, прадстаўнікі гэтых установаў былі афіцыйна запрошаныя на сэмінар, але ўдзелу ў ім не ўзялі.

Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, у 48 гарадох і мястэчках Беларусі вяліся масавыя расстрэлы людзей з 1928 па 1941 гады. У многіх гарадах у сярэднім ад трох да чатырох такіх месцаў, а, прыкладам, у Менску іх 12. Ігар Кузьняцоў склаў адмысловую мапу, дзе пазначыў усе меркаваныя месцы расстрэлаў.

Афіцыйна прызнаным месцам масавых расстрэлаў ёсьць толькі Курапаты. Астатнія ў большасьці вызначаліся паводле сьведчаньняў людзей, бо архівы КГБ па-ранейшаму засакрэчаныя. Якім чынам магчыма надаць афіцыйны статус іншых месцам масавых расстрэлаў і пахаваньняў? Гаворыць старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук археоляг Мікола Крывальцэвіч:

(Крывальцэвіч: ) “У многіх краінах сьвету, у тым ліку й у суседняй Польшчы, ёсьць цэлы кірунак у археалёгіі — гэтак званая мілітарная археалёгія, і спэцыялісты-археолягі, якія займаюцца менавіта эксгумацыяй магілаў, месцаў расстрэлаў, баёў. Трэба ўздымаць пытаньне аб стварэньні такога кірунку ў Беларусі, таму што ў нас, як нідзе, вельмі шмат месцаў пахаваньняў. Пра многія такія месцы дакумэнтаў не захавалася, пакуль ва ўсялякім разе іх няма. І адзіны мэтад — гэта, канешне, праз эксгумацыю здабываць гэтую інфармацыю”.

Зараз афіцыйна ладзіць раскопкі дзеля пошуку парэшткаў мае права адмысловы батальён пры Міністэрстве абароны, які шукае парэшткі ахвяраў войнаў. Але магчымы й іншы варыянт. Паводле археоляга Алега Іова, археолягі могуць атрымаць ад Інстытуту гісторыі гэтак званы “адкрыты ліст” ці дазвол на правядзеньне археалягічных раскопак, а потым зарэгістраваць яго ў Дэпартамэнце аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

(Іоў: ) “Практычна можна атрымаць адкрыты ліст на выведкі ў раёне любой вобласьці Беларусі, закласьці шурф і паглядзець, што там. Каб гэта зрабіць, трэба ведаць, дзе, каб нехта паказаў, дзе гэта было. І зафіксаваць усё. Практычна так і пачыналіся Курапаты. Як пачыналіся Курапаты, так можна зрабіць у любым іншым месцы Беларусі.

Прыкладам, гэткія раскопкі можна правесьці блізкім часам ужо ў Лошыцы. Але гэта запатрабуе працы ня толькі археолягаў, але й іншых спэцыялістаў”.

(Крывальцэвіч: ) “Гэта патрабуе работы вялікай колькасьці экспэртаў для дасьледаваньня парэшткаў, клеймаў, гільзаў. Калі мы капалі Курапаты, там працавала цэлая група экспэртаў, зьвязаных з пракуратурай. Мэдыкі працавалі з парэшткамі, адмыслоўцы з Гандлёвай палаты ладзілі экспэртызу клеймаў. Трэба рабіць заключэньне. Без экспэртных заключэньняў такіх спэцыялістаў мы проста ня здолеем легалізаваць, засьведчыць свае высновы. Тут, безумоўна, трэба ў комплексе працаваць зь дзяржаўнымі органамі. І вось тут паўстае праблема”.

Што да ўшанаваньня гэтых месцаў, то, паводле старшай навуковай супрацоўніцы Інстытуту гісторыі Валянціны Вяргей, у большасьці зь іх, пачынаючы з 1989 году, намаганьнямі людзей усталяваныя невялікія помнікі. Звычайна гэта крыжы альбо камяні. Усе гэтыя памятныя знакі сфатаграфаваныя, і ўся інфармацыя пра іх сабраная й захаваная ў электронным выглядзе ў грамадзкім аб'яднаньні “Дыярыюш”.
XS
SM
MD
LG