Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАГІЛЁЎСКАЯ АБЛАСНАЯ ФІЛІЯ АБ’ЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ РАСПАЧАЛА ЗБОР ПОДПІСАЎ СУПРАЦЬ УВЯДЗЕНЬНЯ Ў КРАІНЕ ПЛАТНЫХ МЭДЫЧНЫХ ПАСЛУГАЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Старшыня абласной філіі АГП Уладзімер Шанцаў кажа, што грошы на кампэнсацыю мэдычных выдаткаў ёсьць. Ён лічыць, што атрыманыя ад гандлю зброяй сродкі можна перавесьці ў бюджэт на патрэбы аховы здароўя, адукацыі і культуры. Арганізатары збору подпісаў лічаць, што нельга пераходзіць да платнай мэдыцыны, калі ў людзей не хапае сродкаў на самае неабходнае.

Першыя абходы кватэраў паказалі, што магілёўцы падтрымалі акцыю, прадэманстравалі іхную незадаволенасьць гэтым урадавым дакумэнтам. Ён адмоўна паўплываў і на харчаваньне хворых.

Так, у дыспансэры, дзе лечаць хворых на сухоты, раней кожнага зь іх кармілі на 2500 рублёў у дзень, а сёлета выдаткі на харчаваньне скараціліся амаль у два разы. У некалькі разоў паменшыліся выдаткі на харчаваньне псыхічных хворых, але пасьля пратэстаў іхных сваякоў у сакавіку яны наблізіліся да леташняга ўзроуня. Ня ў лепшай сытуацыі і іншыя шпіталі.

Распавядае пацыент Магілёўскага абласнога шпіталя Мікалай:

(Мікалай: ) “Любы від даследаваньня каштуе 8000 рублёў. Жадаеш патрапіць у добрую палату — 1500 рублёў за суткі. Можна харчавацца звыш нормы, але зноўку патрэбныя грошы. На платную аснову пераведзеныя і кансультацыі спэцыялістаў. Яшчэ ня ўсё. Кажуць , што хутка кожная апэрацыя будзе платнай. І гэта пры тым , што большасьць пацыентаў шпіталя — сельскія жыхары. Вы ж ведаеце, колькі яны зарабляюць. Лекары гэта цудоўна разумеюць, але ж есьці хочацца і ім, а на дзяржаву надзея слабая”.

На Магілёўшчыне практыкуюць каля ста відаў мэдычных паслугаў, але зь цягам часу іхная колькасьць будзе павялічвацца. Так, платныя роды ў шпіталі аб’яднаньня “Хімвалакно” каштуюць звыш 300 тысяч рублёў, а паскарэньне апэрацыі — да 80 тысячаў рублёў. У абласным дзіцячым шпіталі маці зь дзіцём можа патрапіць у добраўпарадкаваную палату, але гэта ёй абыдзецца ў 9 тысяч рублёў у суткі. Зрэшты, тут плянуюць пакінуць бясплатнае харчаваньне толькі для маці з аднагадовым дзіцём і ўвесьці плату на кансультацыі для хворых без накірунку і на ўсе стаматалягічныя паслугі. Відавочна , што такія меры пагражаюць пераўтварэньню нашай краіны ў грамадзтва інвалідаў.

Ня лепшым чынам рашэньне паўплывала і на маральны стан мэдыкаў. Як распавёў мне адзін з знаёмых журналістаў, калі ў шпіталі, у якім ён стаіць на ўліку, зламалася машына для флюараграфіі, мэдыкі параілі яму зьвярнуцца ў іншы і пакласьці ў накірунак адну купюру. Сьпярша яму там адмовілі, але калі ён скарыстаўся з парады, запрасілі ў кабіну.
XS
SM
MD
LG