Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ ЖУРНАЛІСТАЎ НАЛАДЗІЛА ГРАМАДЗКІЯ СЛУХАНЬНІ ПА КАНЦЭПЦЫІ МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫІ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

У Музэі Янкі Купалы сёньня сабраліся ўсе тыя, каго клапоціць лёс Курапатаў — пісьменьнік Янка Брыль, абаронцы Курапатаў і актывісты грамадзскіх ініцыятываў, сябры беларускага Камітэту міру й прадстаўнікі “Белгіпрадору” і "Магістральаўтадору", архітэктары, мастакі, скульптары, сьвятары, археолягі, культуролягі, лідэры й актывісты палітычных партыяў.

Абмяркоўваліся дзьве канцэпцыі мэмарыялізацыі Курапатаў. Адную зь іх, пра якую Радыё Свабода ўжо неаднойчы падрабязна паведамляла, выпрацавалі грамадзскія ініцыятывы "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты" і "Моладзь у абарону Курапатаў". Гаворыць скульптар Васіль Шаранговіч, які на пачатку 1990-х узначальваў журы конкурсу на лепшы праект помніку ў Курапатах:

(Шаранговіч: ) "Што такое Курапаты ў сэнсе мэмарыялізацыі? Акрамя палітычнай падасновы, Курапаты — гэта месца захаваньня, гэта могілкі, як кажуць па-вясковаму. Што вызначала гэтае месца спакон вякоў? Агароджа гэтага месца, брама, капліца й крыжы, што характэрна для ўсіх беларускіх могілак".

Другую канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў прапанаваў Беларускі Камітэт міру. Гэта "Мэмарыял пралітай крыві" — збудаваньне непадалёк дарогі ў выглядзе падковы, якая сымбалізуе такія паняцьці, як удача, шанцаваньне, дабрабыт і прымірэньне. Паводле сябраў Беларускага камітэту міру, мэтай гэтага мэмарыялу ёсьць ушанаваньне памяці ахвяраў, загінулых у Курапатах. Гаворыць старшыня Беларускага камітэту міру Іван Кірычэнка:

(Кірычэнка: ) "Мы выступілі, аддалі свае дакумэнты й пастановы ў чатыры інстанцыі — прэзыдэнту, прэм'еру, кіраўнікам абедзьвюх палат парлямэнту. Нам паведамілі, што парлямэнт прыняў нашыя прапановы, абмяркоўвае іх і мае намер вынесьці іх на бліжэйшую сэсію".

Некаторыя выступоўцы крытычна паставіліся да канцэпцыі Беларускага Камітэту міру. Гаворыць мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) "Як мы да гэтага ставімся? Ці як прымірэньне й пакаяньне, ці як да помніка ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэта фактычна помнік генацыду нацыі. А зараз я бачу, што ідзе прыніжэньне праблемы, ужо заяўка й канцэпцыя ляжаць на стале ў тых, хто вырашае лёс Курапатаў".

Сваё меркаваньне наконт таго, якім мусіць быць мэмарыял у Курапатах, далсаў удзельнікам сёньняшняга сходу пісьменьнік Васіль Быкаў. Ягоныя словы перадае паэт Сяргей Законьнікаў:

(Быкаў: ) "Я пазнаёміўся з дзьвюма канцэпцыямі ўвекавечаньня Курапатаў. Абедзьве яны слушныя. Важнасьць і мэтазгоднасьць іх не выклікаюць сумневу. Мне падаецца важным улічыць патрабаваньні грамадзскіх ініцыятываў аб вынясеньні за межы ахоўнай зоны храмавага будаўніцтва розных канфэсіяў. І самае галоўнае, каб гэтае ўвекавечаньне ажыцьцявілася як мага хутчэй, не было ў чарговы раз “завалакічанае”.

Мабыць, ня трэба занадта спадзявацца на ўлады. Трэба ўсю справу весьці з удзелам і пад кантролем грамадзскіх арганізацыяў. Асабліва маладзёвых, якія тую справу даволі выпакутавалі, пранёсшы праз паліцэйскі тэрор і сьцюжу зімы. Посьпехаў ім".
XS
SM
MD
LG