Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗАМАХ НА РАСЕЮ” – ФІЛЬМ ПРА МАГЧЫМУЮ ДАТЫЧНАСЬЦЬ ФСБ ДА ТЭРАКТАЎ У РАСЕІ 1999 ГОДУ


Віталь Тарас, Прага

Дадатковую цікавасьць да фільму выклікала прэсавая канфэрэнцыя вядомага прадпрымальніка Барыса Беразоўскага, якую ён даў 5-га сакавіка ў Лёндане. Падчас яе былі паказаныя фрагмэнты гэтай стужкі, зьнятай францускімі кінематаграфістамі на заказ тэлекампаніі НТВ. Цяперашняе кіраўніцтва НТВ, аднак, адмовілася ад дэманстрацыі фільму.

Паказ кінастужкі ў Маскве зарганізаваў дэпутат Дзяржаўнай Думы, лідэр руху “Лібэральная Расея” Андрэй Юшанкоў.

Фільм аднаўляе падзеі верасьня 1999-га году, калі адбылася сэрыя тэрарыстычных актаў у жылых дамах у Маскве ды некаторых іншых гарадох. Хваля выбухаў, у якіх загінулі каля 300 чалавек, выклікала страх перад чачэнцамі, на якіх была ўскладзеная адказнасьць за тэракты.

22 верасьня жыхары аднаго з дамоў у Разані заўважылі падазроны аўтамабіль і паведамілі ў міліцыю, Міліцыянты знайшлі ў падвале пад’езду мяхі з рэчывам, падобным на выбуховае, і таймэр – прыладу для выбуху. У папярэдніх тэрарыстычных акцыях таксама выкарыстоўвалася выбухоўка, замаскаваная пад мяхі з цукрам. Жыхароў дому эвакуявалі, а ўлады заявілі, што выбух удалося папярэдзіць.

Аднак, пазьней кіраўнік Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў заявіў, што ў мяхах быў усяго толькі цукар, і што яны былі выкарыстаныя як рэквізыт у мэтах адпрацоўкі антытэрарыстычных апэрацыяў ФСБ.

Многія расейскія грамадзяне, і найперш жыхары згаданага дому ў Разані, былі перакананыя, што Патрушаў ілгаў. Сапёры, якія дасьледвалі мяхі, казалі, што ў іх быў ня цукар. Акрамя таго, разанскі аддзел ФСБ заявіў, што яе агенты выявілі кватэру, якая выкарыстоўвалася для падрыхтоўкі тэракту.

Нагадаем, што Мікалай Патрушаў замяніў на пасадзе кіраўніка ФСБ Уладзімера Пуціна, які ўсяго за некалькі месяцаў зрабіў пры Ельцыне імклівую кар’еру і стаў у выніку прэзыдэнтам Расеі.

Агенцтва “АР” прыводзіць словы дэпутата Сяргея Юшанкова, які сказаў перад прэм’ерай фільму, што грамадзтва дагэтуль ня мае адказу на пытаньне: хто стаіць за згаданымі злачынствамі. Паводле ягоных словаў, рух Лібэральная Расея хоча падштурхнуць гэтым паказам да стварэньня грамадзкай камісіі для расьсьледаваньня датычнасьці ФСБ да тэрактаў верасьня 1999-га году.

Юшанкоў падкрэсьліў, што дэпутаты Думы павінны зразумець неабходнасьць парлямэнцкага кантролю над спэцслужбамі. Ён паведаміў таксама, што Лібэральная Расея падае запыт у Канстытуцыйны суд з мэтай даць ацэнку сакрэтнаму дэкрэту прэзыдэнта Ельцына ад 23-га верасьня, які паклаў пачатак новай чачэнскай вайне.
XS
SM
MD
LG