Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯБЕДЗЬКА: ЛУКАШЭНКА МЕЎ ПРАБЛЕМЫ СА ЗДАРОЎЕМ У ПЕРШЫ ГОД ПРЭЗЫДЭНЦТВА


Сяргей Навумчык, Прага

У 1994 годзе, адразу пасьля выбараў, Лукашэнка раптоўна сышоў у адпачынак , і гэта тады выклікала пэўныя чуткі пра стан ягонага здароўя. У тыя дні тагачасны сябра каманды Лукашэнкі Анатоль Лябедзька быў нават вымушаны выступіць па тэлебачаньні й даць пэўныя тлумачэньні. Сёньня ў тэлефоннай гутарцы Анатоль Лябедзька прыгадвае той выпадак.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я памятаю, у той момант асабістым лекарам Лукашэнкі была жанчына-пэдыятар, гэта значыць, дзіцячы лекар, ці ня так?”

(Лябедзька: ) “Трэба адзначыць, што ніякай афіцыйнай пасады я ў спадара Лукашэнкі не займаў, у тым ліку і афіцыйнага лекара. Але Лукашэнка ўсё ж звычайны чалавек, з усімі балячкамі. І напраўду ў 1994 годзе ў яго былі праблемы са здароўем – так званае зашчамленьне пазванкоў. І з гэтай прычыны ён вымушаны быў на некаторы час пакласьціся ў шпіталь. Наколькі я ведаю, яго абсьледавалі й расейскія лекары”.

(Карэспандэнт: ) “Як віцэ-сьпікеру Вярхоўнага Савету 13 скліканьня вам даводзіцца наведваць многія краіны Эўропы. Відаць, вы маеце пэўныя назіраньні што да публічнасьці адносна здароўя палітыкаў і кіраўнікоў дзяржавы?”

(Лябедзька: ) “Чалавек, які прыходзіць у вялікую палітыку, ня можа быць закрытым для грамадзтва. І грамадзтва, згодна з традыцыямі й заканадаўствам, мае права атрымліваць падрабязную інфармацыю ня толькі пра публічных асобаў, але ўвогуле тых, хто прыходзіць у палітыку.

Любы грамадзянін можа зьвярнуцца да пэўных структур і запатрабаваць нейкую інфармацыю. І ніхто ня можа яму адмовіць. Тая ж прэсавая служба першай асобы адразу павінна даць інфармацыю, і ніхто яе не хавае.

У нас жа зараз па Менску гуляе некалькі вэрсіяў. Адна зь іх – Аляксандар Рыгоравіч паехаў адпачываць недзе ў Альпы аўстрыйскія. Маўляў, паглядзеў, як добра валодае лыжамі Пуцін і не захацеў яму ў нечым уступаць. І другая вэрсія: насамрэч ёсьць праблемы ў яго са здароўем.

Я асабіста схіляюся ўсё ж такі да другой вэрсіі, таму што прыкладна два месяцы таму мы атрымалі інфармацыю, што Аляксандар Рыгоравіч рэгулярна наведвае Аксакаўшчыну і праходзіць там абсьледаваньні. І калі ён туды прыяжджае, праходзіць пэўныя працэдуры, то малодшы мэдычны пэрсанал адтуль проста выстаўляюць.

Гэта дакладная інфармацыя; я падкрэсьліваю, што мы яе атрымалі яшчэ два месяцы таму. І тут яна супадае з падзеямі – магчыма, працэдурамі ў Аксакаўшчыне ўжо не абысьціся, і трэба больш высокі мэдыцынскі досьвед у абсьледаваньні Аляксандра Рыгоравіча. Магчыма, гарналыжны курорт можа быць зьнешнім антуражам, а за гэтым хаваецца абсьледаваньне ў прыватнай клініцы на Захадзе”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Анатоль, была публікацыя ў незалежнай прэсе, так званы “дыягназ Шчыгельскага” – пра некаторыя асаблівасьці псыхічнага здароўя Лукашэнкі. Гэта ніяк не было пракамэнтавана ўладамі”.

(Лябедзька: ) “Мяне выклікалі двойчы ў пракуратуру толькі за тое, што быццам бы я сказаў, што Беларусь прадае зброю недэмакратычным дзяржавам і што Лукашэнка, мажліва, курыруе гэты бізнэс. А тут – сур’ёзныя абвінавачаньні ў тым, што магчыма, чалавек, які кіруе дзяржавай, мае пэўныя адхіленьні й захворваньні. І пракуратура маўчыць. Гэта азначае, што псыхіятар Шчыгельскі меў рацыю. Бо калі б было гэта няпраўдай, то пракуратура распачала б крымінальную справу і давяла б яе да нейкага лягічнага завяршэньня.

Гэтага не адбылося – значыць, насамрэч пытаньне застаецца адкрытым. І апазыцыя мусіць дабівацца (і ня толькі ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі), каб было замацавана ў заканадаўстве, што кожны прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы ці першых асобаў праходзіў мэдычнае абсьледаваньне, каб людзі ведалі пра стан ягонага здароўя – фізычнага і псыхічнага”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вялікі за гутарку, спадар Анатоль”.

Магу дадаць, што месяц таму мне давялося ў Нью-Ёрку назіраць, як па тэлебачаньні амэрыканскім даволі падрабязна распавядался пра мікраапэрацыю, якую зрабілі прэзыдэнту Бушу на скуры. Гэта была абсалютна дробная рэч, пра якую звычайна нават ня кажуць знаёмым.

Аднак ва ўсім цывілізаваным сьвеце палітыкі, хочацца ім таго ці не, вымушаныя адмовіцца да таямніцы прыватнага жыцьця – і тым больш ад таямніцы адносна здароўя, бо часам можа здарыцца, што нейкія асаблівасьці здароя ці прыватнага жыцьця могуць вельмі адмоўна адбіцца на лёсе дзяржавы.
XS
SM
MD
LG