Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ВЫТВОРЦЫ ПТУШКІ СПАДЗЯЮЦЦА, ШТО ЗМОГУЦЬ ЗАНЯЦЬ МЕСЦА НА РАСЕЙСКІМ "КУРЫНЫМ" РЫНКУ


Ігар Карней, Менск

Паводле расейскіх эканамістаў, у выпадку канчатковага прыняцьця рашэньня адносна лёсу амэрыканскага мяса (а сёньня ў Маскве распачаліся адмысловыя перамовы паміж зацікаўленымі бакамі), расейскім спажыўцам трэба рыхтавацца да падвышэньня коштаў на гэтую прадукцыю на 20-30%.

Зараз мясцовыя вытворцы не гатовыя задаволіць попыт пакупнікоў і, паводле прагнозаў кіраўніка фірмы "Моссельпром" Сяргея Лісоўскага, для пераарыентацыі рынка спатрэбіцца ня меней за тры гады, калі ён пабудуе ў Падмаскоўі самую вялікую ў Эўропе птушкафабрыку.

У сваю чаргу амэрыканцы ад страты расейскага рынку губляюць прыкладна 50 мільёнаў даляраў на месяц. А значыцца, адмова ад пастаўкі так званых "ножак Буша" на выгляд ня выгадная нікому — калі ня ўлічваць, што тут могуць быць нейкія іншыя — зусім не тэхнічныя, як сьцьвярджае расейскі бок — нюансы.

Затое зусім іншы настрой у асяродзьдзі беларускіх вытворцаў курынага мяса, якія наўпрост зацікаўленыя ў вызваленьні рынку ад амэрыканскіх кумпячкоў. Вось якую агульную пазыцыю агучыў кіраўнік дэпартамэнту продажаў канцэрну "Белптушкапрам" Міхаіл Рабушка:

(Рабушка: ) "Мы робім усё дзеля таго, каб нашую прадукцыю бралі ў Расеі. І мы гатовыя пастаўляць туды добрых, якасных куранятаў-бройлераў. Але на ўнутраным рынку Расеі кошт амэрыканкіх кумпячкоў складае $0.90-1.00 за кіляграм. Мы просім крыху болей — $1.20-1.30. Гэта асноўная перашкода, чаму ў Расеі неахвотна бяруць нашую прадукцыю. Мы не выкарыстоўваем стымулятары, ня ўжываем біяросты, вырошчваем птушку на натуральным харчаваньні. У нашым птушкапраме прадукты ўсе натуральныя".

Зараз у Беларусі шэсьць дзясяткаў птушкафабрыкаў, якія, паводле адмыслоўцаў канцэрну, ня толькі цалкам задавольваюць патрэбу спажыўцоў у курыным мясе, але й гатовыя напоўніць рынак сумежных краінаў. Гаворыць Міхаіл Рабушка.

(Рабушка: ) "У нас лішак мяса. У адпаведнасьці з пагадненьнем паміж урадамі Беларусі і сталіцы Расеі, мы можам пастаўляць у Маскву 5,5-6 тысячаў тонаў мяса штомесяц. Мы гатовыя да большых аб'ёмаў, можам пастаўляць 30-35 мільёнаў яек, няхай толькі бяруць. Пакуль пытаньне ў кошце. Але калі амэрыканцы пастаўлялі ў Расею да мільёну тонаў мяса, а зараз Расея ад гэтага адмовіцца, мы гатовыя дапамагаць, адчыніць каналы пастаўкі даступнага беларускага мяса".

Зрэшты, наконт "даступнасьці" супрацоўнік канцэрну наўрад ці мае рацыю. Зараз беларускія крамы напалову запоўненыя якраз расейскімі курамі, на кожным кіляграме якіх пакупнік выйграе 300 — 500 рублёў. Гандлёвая сетка "Евроопт", якая спэцыялізуецца на пастаўках амэрыканскіх кумпячкоў, прапануе "ножкі Буша", яшчэ таньнейшыя за расейскія.

З улікам таго, што бальшыня шэраговых беларусаў пытаньнем якасьці цікавіцца ў апошнюю чаргу, меншы кошт па-ранейшаму застаецца прыярытэтным. Хлопец, якога я спыніў ля менскай крамы "Престон-маркет" з характэрным каляровым пакаваньнем пад пахай, сказаў, што ягоная сям'я наўпрост залежыць ад рэгулярнасьці рэйсаў амэрыканскіх рэфрыжэратараў:

(Мінак: ) "Я калі ў краму заходжу, першым чынам на кошты гляджу. На сёньняшні дзень пакуль што ГЭТА для мяне галоўнае, а ня якасьць. Да таго ж, у краме ніколі ня скажуць, што больш якаснае — нашае ці амэрыканскае. І ў дадатак, айчынныя вырабы ня вельмі часта й знойдзеш. А калі ёсьць, дык яны ў коштах аднолькавыя з тымі ж амэрыканскімі. А стэрэатып спрацоўвае: ў такім выпадку трэба браць імпартовае. Так што пакуль выбіраць няма з чаго: набываем, што ёсьць".
XS
SM
MD
LG