Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО РАСПАЧЫНАЕ МЕРАПРЫЕМСТВЫ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Як паведаміла беларускае Міністэрства замежных справаў, пачала дзейнічаць індывідуальная праграма партнэрства Беларусі й НАТО на 2002–2003 гады — гэтую праграму яшчэ 20 лютага зацьвердзіла Рада НАТО.

МЗС лічыць асабліва значным тое, што ўпершыню ў гэтай праграме закладзенае правядзеньне мерапрыемстваў на тэрыторыі Беларусі — у прыватнасьці, па лініі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і Нацыянальнай Акадэміі навук.

Сёньня я патэлефанаваў у абодва згаданыя ведамствы, каб даведацца, як менавіта яны зьбіраюцца супрацоўнічаць з НАТО. Вось які адказ даў кіраўнік аддзелу міжнародных стасункаў Нацыянальнае Акадэміі навук Уладзімер Мяркулаў:

(Мяркулаў: ) “Па лініі Акадэміі навук натаўскіх вучэньняў у нас не плянуецца на наступны год, заваёўваць мы трэція краіны таксама разам з НАТО не зьбіраемся. Здаецца, вайскоўцаў нашых не прызываюць на службу ў натаўскія войскі. Таму МЗС, мне здаецца, крыху неяк перастаралася”.

Начальнік управы міжнародных сувязяў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі Віктар Андрэенка ўвогуле лічыць, што супрацоўніцтва ягонага ведамства з НАТО — "гэта ваенная таямніца".

(Андрэенка: ) “Вось вам скажу, а вы потым яшчэ мастацкі вобраз да гэтай справы прыменіце, і ў выніку атрымаецца белібярда!”

Паводле ж дыпляматычнага ведамства Беларусі, прыярытэтнае значэньне ў індывідуальнай праграме партнэрства Беларусі й НАТО на 2002–2003 гады надаецца гэткім сфэрам: "выпрацоўка ўзаемадзеяньня пры ліквідацыі вынікаў надзвычайных сытуацыяў, кіраваньне крызыснымі сытуацыямі, моўная падрыхтоўка, стралковая зброя і лёгкія ўзбраеньні, дэмакратычны кантроль над узброенымі сіламі й абарончымі структурамі".

Пра ўсё гэта даведаліся акрэдытаваныя ў Беларусі вайсковыя аташэ ды іншыя прадстаўнікі замежных амбасадаў, бо МЗС арганізавала для іх адмысловы брыфінг з нагоды зацьверджаньня індывідуальнае праграмы партнэрства Беларусі й НАТО.

Беларускія ж ведамствы дагэтуль чакаюць ад Міністэрства замежных справаў нейкіх падрабязнасьцяў. Хаця яшчэ 3 сьнежня дзяржаўны сакратар Савету Бясьпекі Беларусі зацьвердзіў падрыхтаваны з удзелам МЗС, Міністэрства абароны, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў і Нацыянальнае Акадэміі навук праект праграмы супрацоўніцтва Беларусі і НАТА на 2002–2003 гады.

Дарэчы, летась у рамках натаўскае праграмы "Партнэрства дзеля міру" прадстаўнікі розных беларускіх міністэрстваў і ведамстваў удзельнічалі ў 59 мерапрыемствах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG