Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШКЛОЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Шклоў

Калі толькі выходзіш зь цягніка, Шклоў нагадвае гарадок эўрапейскага тыпу. Пасьля “Дажынак” тут адбудавалі чыгуначны вакзал, аўтавакзал і тры банкі. Улады знайшлі грошы, каб заасфальтаваць дзьве цэнтральныя вуліцы Шклова і пакрыць дахоўкай дамы на іх. Аднак уражаньне эўрапейскасьці зьнікае, як пройдзеш далей.

Калі зазірнеш у глыбіню 16-тысячнага места, то сутыкнесься зь неад’емнымі атрыбутамі правінцыйнага беларускага гарадка — брудам вуліцаў, п’янствам і беднасьцю жыхароў. Бадай, гэты горад можна назваць адным з найбяднейшых гарадоў на Магілёўшчыне, бо на беднасьць скардзяцца ня толькі пэнсіянэры й рабочыя, але і прадпрымальнікі.

Найчасьцей пра грошы кажуць на шклоўскім кірмашы, самым людным месцы гораду. Вось што распавяла прадпрымальніца Натальля Цямрук:

(Цямрук: ) “Вельмі цяжка працуецца на мясцовым рынку, таму што малы дастатак насельніцтва. Мы з мужам працуем ужо восем гадоў на шклоўскім рынку і ня можам зарабіць ні на кватэру, ні на машыну. Мы працуем на дзьве кропкі, і з кожнай зь іх я плачу падатак 100 даляраў, і 100 даляраў за месца кожны месяц”.

Зрэшты, прадпрымальнікаў на гэтым кірмашы можна сустрэць яшчэ менш, чым у іншых раённых цэнтрах Магілёўскай вобласьці. Побач зь імі шчыруюць нястомныя бабулькі, якія і гандлююць, і купляюць. Я зьдзівіўся, калі даведаўся, што далёка ня ўсе зь іх падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку. “Ня спраўдзіў нашых надзеяў”, — часта кажуць яны. Вось што распавяла пэнсіянэрка, былая партызанка:

(Спадарыня: ) “Вось раней больш увагі ўдзялялі старым. Жывём, як можам”.

(Карэспандэнт: ) “А ці хапае вам пэнсіі на ежу, на ўсё іншае?”

(Спадарыня: ) “Як будзеш весьці сябе. Канечне, малавата было. Ну што ж? Гэта не назаўжды, праўда?”

На беднасьць скардзяцца ня толькі пэнсіянэры. У горадзе не працуе шэраг прадпрыемстваў. Прастойваюць камбінат будаўнічых матэрыялаў, мэблевая фабрыка, ПМК-283, цэнтральная майстэрня рамонту сельгастэхнікі, завод дарожнабудаўнічых матэрыялаў ды іншыя прадпрыемствы.

Квітнее і прыхаванае беспрацоўе — работнікі прыходзяць на прадпрыемствы, але ім там няма чаго рабіць. Гэта адбіваецца на прыбытках людзей.

Так, гэтымі днямі расейская фірма арганізавала ў горадзе выставу-кірмаш “Зіхаценьне самацьветаў”, аднак надзеі на добрыя прыбыткі былі марныя: выставу наведала нямала жыхароў Шклова, але каштоўныя рэчы куплялі толькі адзінкі.

Вось як растлумачыў прычыну такой сытуацыі былы рэдактар мясцовай нядзяржаўнай газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандар Шчарбак:

(Шчарбак: ) “Дык на якія грошы купляць, калі ў нашым раёне не працуе шмат прадпрыемстваў. У беспрацоўных людзей хапае грошай толькі на хлеб і кільку. Дзякуй богу, бульба і гуркі ў нашага народу ёсьць свае. Не працуюць у асноўным рабочыя, мэблевая фабрыка, будаўнікі ды іншыя. Але актыўна працуе райвыканкам, пракуратура, міліцыя і тры банкі”.

Сапраўды, прадстаўнікі райвыканкаму працуюць досыць актыўна. Шклаўчане абмяркоўваюць нядаўнюю паездку іхных кіраўнікоў у Ізраіль. Там былі старшыня райвыканкаму Аляксандар Агееў, два ягоныя намесьнікі й кіраўнік Шклоўскага райсавету Мікалай Яроміч. На іхную думку, паездка прынясе фінансавую карысьць гораду.

Нібыта ізраільскія прадпрымальнікі зьбіраюцца выдаткаваць сродкі на распрацоўку Лысай гары. На гэтым узвышшы знайшлі блакітную гліну, якую можна выкарыстоўваць для лячэньня артрытаў. Пры канцы студзеня начальства вярнулася, але ж так і не паведаміла жыхарам гораду пра вынікі паездкі. Да гэтага часу невядома, ці пагадзіліся ізраільцяне прафінансаваць праект распрацоўкі Лысай гары. Чыноўнікі баяцца незалежнай прэсы. Даведаўшыся, што я зьяўляюся карэспандэнтам Радыё Свабода, ніводзін зь іх не пагадзіўся адказаць на пытаньні.

Сёлета ў горадзе зьнішчылі адзіную раёную незалежную газэту “Шклоўскія навіны”, якую рэдагаваў былы калега Лукашэнкі Аляксандар Шчарбак. Ягоная гаэзэта сёлета ўжо не выходзіць: суд аштрафаваў Шчарбака за перавышэньне накладу газэты (больш як 299 асобнікаў) і канфіскаваў ягоныя кампутары, хаця, як паведаміў спадар Шчарбак, гэтыя кампутары нельга лічыць гуманітарнай дапамогай, бо іх яму падараваў ягоны сын, грамадзянін Расеі.

Судзьдзі ж палічылі, што гэтыя кампутары трапляюць пад дзеяньне дэкрэту, які рэглямэнтуе парадак паступленьня гуманітарнай дапамогі. На пытаньне: “Чаму чыноўнікі так палохаюцца незалежнай прэсы?”, рэдактар адказаў:

(Шчарбак: ) “Сёньня ў Беларусі цяжка працаваць і партыям, і грамадзкім арганізацыям, але ў Шклоўскім раёне яшчэ цяжэй, таму што мы знаходзімся пад пільнай увагай вэртыкалі. Наш раён спэцыфічны, бо ён павінен стаць прыкладам для іншых рэгіёнаў краіны. Да нас едуць усякія дэлегацыі, праводзяцца ўсякія сэмінары, на нашым раёне іншыя вучацца, як змагаццца зь апазыцыяй. Мы знаходзімся сёньня пад увагай, як кажуць у народзе, дзяржаўнага вока”.

Пад ціск судовай машыны трапіў ня толькі адзін спадар Шчарбак. Крымінальная справа ня спыненая супраць пяці шклоўскіх зуброўцаў, якія ў жніўні ў вёсцы Рыжкавічы арганізавалі пэрформанс, дзе маладзёны выконвалі ролі санітараў, ганяючыся за лялькай, што нагадвала Аляксандра Лукашэнку.

Яшчэ расьсьледуецца крымінальная справа і на Пятра Мігурскага, які падчас прэзыдэнцкіх выбараў каардынаваў незалежнае назіраньне. У часе прэзыдэнцкіх выбараў яго абвінавацілі ва ўмяшальніцтве ў дзейнасьць выбарчых камісіяў і парушэньні выбарчага заканадаўства. Сам Пётар Мігурскі сьцьвярджае, што яму прапаноўвалі пасаду старшыні калгасу пры ўмове, што ён кіне каардынаваць незалежнае назіраньне. Сёлета ён ня змог знайсьці працу ў Шклове, таму быў вымушаны зьехаць у Магілёў.

Па-за межамі Шклова апынуўся яшчы адзін карэнны жыхар гораду, лідэр мясцовай філіі БНФ Рыгор Костусеў. Ён паехаў працаваць у адну з навучальных установаў Магілёва, бо звольнілі з пасады дырэктара жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Шклоўскага раёну. Як сьцьвярджаюць ягоныя былыя калегі, такіх падставаў не было, бо гаспадарка па выніках году заняла першае месца ў вобласьці і трэцяе ў краіне.

Пагроза звальненьня з працы застаецца правераным прыёмам намэнклятуры ў барацьбе з апазыцыяй. На думку аднаго з заснавальнікаў мясцовай арганізаціі БНФ Леаніда Аўчыньнікава, менавіта такія меры і аслабляюць дэмакратычны рух.

(Аўчыньнікаў: ) “Зараз пайшоў нейкі спад, глябальны спад па ўсёй Беларусі, прычым ня толькі ў нашай вобласьці, але па ўсёй дзяржаве. Адчуваецца нейкая роспач, апатыя ў дэмакратычным руху. Выклікана гэта нашым дзяржаўным ладам. Дзяржава не дае разьвівацца дэмакратычнаму руху, яна спрабуе яго зьнішчаць. Таму людзі сталі баяцца”.

Многія зьвязваюць жорсткія санкцыі супраць апазыцыі з прызначэньнем новага старшыні райвыканкаму Аляксандра Агеева, які, як кажуць шклаўчане, раней працаваў у міліцэйскай сыстэме, а ў Шклоў прыйшоў з пасады старшыні Касьцюковіцкага райвыканкаму.

Мясцовы праваабаронца, прадстаўнік Беларускага Гельсынскага камітэту Аляксандар Фёдараў лічыць, што ў такіх умовах абараніць правы людзей досыць цяжка.

(Фёдараў: ) “Таму што ў нас няма самакіраваньня, а ёсьць назначаная прэзыдэнтам вэртыкаль. Яна ўсё вырашае. Народ не вырашае нічога, няма прадстаўніцтва народу на месцах. Гэта — радзіма прэзыдэнта. Гэта лякмусавая паперка ў краіне — наш раён. Таму нейкія дзеяньні па абароне вельмі складана зрабіць”.

Зрэшты, адрозна ад палітычных партый, у раёне прадстаўнікі трэцяга сэктару працягваюць дзейнічаць. Той жа Аляксандар Фёдараў за шэсьць месяцаў абараняў правы дзесяці чалавек. Апошнім ягоным падабаронным стаў прадпрымальнік Уладзімер Зубрановіч, якога трымалі ў пастарунку восем месяцаў, канфіскавалі ўласнасьць, а потым вызвалілі з-за адсутнасьці складу злачынства.

Аднак у найбольш спрыяльных умовах працуюць тыя арганізацыі, якія праяўляюць ляяльнасьць да ўладаў. Старшынём райсавету абраны кіраўнік мясцовай арганізацыі апазыцыйнай Партыі камуністаў Беларусі Леанід Яроміч. Ён вымушаны ладзіць з уладамі, бо ў савеце зь пяцідзясяці дэпутатаў толькі шасьцёра камуністаў.

Не хаваюць сваёй прыхільнасьці да вэртыкалі й мясцовыя прафсаюзныя лідэры. Калі кіраўнікі першасных прафсаюзных арганізацыяў скардзяцца на тое, што не пералічваюць складкі, старшыні райкамаў прафсаюзаў кажуць, што ўсё ў парадку. Вось што заявіў старшыня райкаму прафсаюзаў працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Аляксей Дзяткоў:

(Дзяткоў: ) “Ёсьць паразуменьне з органамі ўлады, гэта значыць, з вэртыкальлю. Поўнае ўзаемаразуменьне ў раёне мы знаходзім са старшынём райвыканкаму, кіраўнікамі ўпраўленьняў. Таму я думаю, што праблемаў у сялян таксама ня будзе”.

Але, як сьведчаць факты, праблемы ў сялянаў ёсьць. У большасьці калгасаў своечасова не выплачваюць заробкі. Некалькі сельскіх гаспадарак аб’яўленыя банкрутамі. У іх ліку калгас імя Леніна (у склад якога ўваходзіць вёска Рыжкавічы), сакратаром парткаму якога ў 1987 годзе быў Аляксандар Лукашэнка.

Да іншых грамадзкіх арганізацыяў, асабліва да тых, якія ўдзельнічалі ў незалежным назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі, улады ставяцца больш жорстка. Старшыня шклоўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Аляксандар Грудзіна лічыць, што адносіны з уладамі ў іх сапсаваліся пасьля таго, як чальцы ТБМ пажадалі ўдзельнічаць у незалежным назіраньні за выбарамі:

(Грудзіна: ) “На пачатку маёй дзейнасьці (а я ўжо працую амаль трэці год як старшыня шклоўскай суполкі ТБМ) дачыненьні былі вельмі добрыя. Нам улады дазвалялі праводзіць мерапрыемствы з нагоды сьвяткаваньня нейкіх цікавых падзеяў, якія адбываліся ў нас у Беларусі. Таксама дазвалялі адзначаць даты нейкіх беларускіх пісьменьнікаў і гэтак далей.

Але апошнім часам, пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, гэтыя адносіны сталі амаль што напружаныя. Мы вылучалі сем чалавек, якія павінны былі быць незалежнымі назіральнікамі ў разнастайных выбарчых участках. Але нам гэтага не дазволілі. І пасьля гэтага нашы адносіны з уладамі пагоршыліся”.

Аляксандар Грудзіна робіць усё магчымае, каб адрадзіць на Шклоўшчыне беларускую мову і культуру, але з кожным годам гэта робіцца ўсё цяжэй. Апошні раз улады адмовіліся даць дазвол на сьвяткаваньне 100-годзьдзя ўраджэнца Шклоўшчыны вядомага пісьменьніка Міхася Зарэцкага. Намесьнік старшыні райвыканкаму Валеры Гузаў параіў спадару Грудзіне больш займацца мовай, чым палітыкай. Цяжка сказаць, якое дачыненьне мае 100-гадовы юбілей пісьменьніка да палітыкі, аднак па некаторых зьвестках Зарэцкі быў расстраляны менавіта ў Курапатах.

У горадзе акрамя БГК і ТБМ актыўна дзейнічаюць Беларуская арганізацыя працоўных жанчын, Клюб выбаршчыкаў.

Аднак нягледзячы на складаныя ўмовы падчас прэзыдэнцкіх выбараў, фронтаўцы і сацыял-дэмакраты ажываюць і нарошчваюць актыўнасьць. Сьведчаньне таму — поўная заля падчас суду над “зуброўцамі”. Народ паступова пазбываецца ілюзіяў.

Шклаўчане спадзяюцца, што калі Аляксандар Лукашэнка сыдзе, то і ў горадзе наступіць лепшае жыцьцё. Людзі з надзеяй глядзяць у будучыню — той жа журналіст Аляксандар Шчарбак упэўнены, што пэрспэктывы ў Шклова ёсьць.
XS
SM
MD
LG