Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ САКРЭТЫ ДОЎГАЖЫХАРСТВА


Кастусь Бандарук, Прага

Герой старажытнага грэцкага міту Тыфоніюс закахаўся ў багіню Аыўрору і выпрасіў у багоў несьмяротнасьць. Але ён забыўся папрасіць вечную маладосьць, і ў старасьці ягонае жыцьцё зрабілася пакутай. Як жыць доўга, але захаваць добрае здароў’е? Як зрабіць старасьць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць?

Сёньня: як не захварэць на грып; што рабіць, калі ўжо здарыцца захварэць; і пра некаторыя ўмовы пагодлівай і шчасьлівай старасьці.

Сёлета сотні тысяч чалавек у Беларусі перахварэлі на грып. Эпідэмія пераважна пачынаецца ў студзені й доўжыцца да сакавіка, але хвароба не зважае на каляндар. Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Здароў’я, штогод у сьвеце паміраюць ад грыпу ад 10 да 40 тысяч чалавек.

Першую эпідэмію грыпу зафіксавалі ў 1580 годзе. Тады грып спусташыў Эўропу, Азію і Афрыку. У 1889 годзе на грып захварэлі 40% насельніцтва сьвету. Найбольш трагічныя наступствы меў грып, які назвалі “гішпанскім”, ён у 1918-19 гадох зьнішчыў 20 мільёнаў чалавек – гэта больш, чым загінула ў часе першай Усясьветнай вайны. Што такое грып? Як ён перадаецца? Як засьцерагчыся ад яго і як лячыцца?

Грып – гэта вірусная інфэкцыйная хвароба, на якую хварэюць ня толькі людзі, але і хатняя жывёла: сьвіньні й коні, нават птушкі. Вірус перадаецца шляхам распыльваньня мікробаў у паветры. Заразіцца можна вельмі лёгка і хутка: ад кашлю і чыханьня хворага, але таксама празь непарэдны кантакт, напрыклад, праз пацалунак. У 1977 годзе апісалі выпадак, калі падчас авіярэйсу, які доўжыўся 4,5 гадзіны, адзін чалавек заразіў 77 пасажыраў са 100. Хопіць некалькіх тыдняў, каб ад аднаго хворага грып пашырыўся на ўвесь горад са 100 тысячамі насельніцтва.

Грып звычайна пачынаецца з раптоўнага падвышэньня тэмпэратуры да 40 градусаў, часта зь ліхаманкай. Хворы слабее, яму баліць галава і цягліцы. Пазьней тэмпэратура меншае, і зьяўляюцца сымптомы прастуды: насмарк, кашаль і боль у горле. Калі хвароба праходзіць без пабочных эфэктаў, арганізм перамагае вірус за тыдзень. Аднак (асабліва ў людзей сталага веку) грып можа пацягнуць запаленьне лёгкіх, сэрца, мозгу і цягліцаў. Як вынік, без адпаведнага лекаваньня людзі са слабой імуннай сыстэмай могуць ад грыпу памерці.

Як засьцерагчыся ад грыпу?

Спэцыялісты кажуць, што поўнасьцю засьцерагчыся ад гэтай хваробы немагчыма, затое можна зьменшыць рызыку захворваньня. Найлепшы засьцерагальны сродак – гэта прышчэпка, аднак нельга яе рабіць без дазволу лекара. На дзяцей і дарослых да 60-ці гадоў прышчэпка дзейнічае амаль у 100% выпадкаў, а калі й пасьля яе нехта захварэе, дык грып мае значна больш лёгкую форму.

Непажадана рабіць прышчэпку цяжарным жанчынам, асабліва да 3 месяцаў цяжарнасьці, а таксама ня варта прышчапляцца, калі ўжо адчуваеш першыя сымптомы грыпу. Нельга прышчэпліваць і тых, хто мае алергію на нейкі складнік прышчэпкі альбо на пэніцылін.

У 1999 годзе бэльгійскія навукоўцы абвесьцілі, што ім удалося вынайсьці прышчэпку, якая засьцерагае арганізм чалавека ад грыпу на ўсё жыцьцё. Экспэрымэнтальная прышчэпка “вучыць” арганізм разпазнаваць вірусны бялок М2. Гэты від бялка знаходзіцца ва ўсіх вядомых мутацыях самай небясьпечнай формы грыпу тыпу А. Вынаходніцтва бэльгійскіх навукоўцаў мае зьявіцца на рынку праз тры гады.

У ЗША праходзіць выпрабаваньні прышчэпка “FluMist”, якая будзе распыльвацца ў нос – гэтак, як аэразоль ад насмарку. Вельмі папулярны ў ЗША распыляльнік ад грыпу пад назвай “Relenza”. Фармацэўтычная фірма “Glaxo Wellcome” цьвердзіць, што ейныя прэпараты абмяжоўваюць рызыку захворваньня да 67%. Існуюць таксама таблеткі “Tamiflu”, якія выпускае фірма “Hoffman-La Roche”. На жаль, згаданыя лекі ня ўзьдзейнічаюць на ўсе віды вірусу грыпу.

У выпадку, калі нехта аддае перавагу прафіляктыцы і бязь лекаў хоча засьцерагчыся ад грыпу, дык лекары рэкамэндуюць:

- трымаць добрую фізычную форму, займацца спортам, прынамсі раз на дзень выходзіць на шпацыр;

- сачыць, каб у штодзённай дыеце заўсёды былі паўнавартасныя бялкі (малако, мяса, сыр) і павялічаныя дозы вітаміну С (сьвежая гародніна, садавіна і сокі);

- уключыць у рацыён часнык і цыбулю альбо экстракт зь іх;

- піць адвары зь ліпы, малінаў, рамонку;

- спаць, калі гэта магчыма, даўжэй;

- захоўваць дома і на працы адпаведную тэмпэратуру, найлепш 17-21 градус. Тэмпэратура вышэйшая за 22 градусы непажаданая;

- важна рэгулярна праветрываць памяшканьне – гэта спрыяе мэханічнаму ўстараненьню вірусаў і бактэрыяў;

- пазьбягаць па магчымасьці кантактаў зь людзьмі, якія ўжо могуць быць хворыя, асабліва ў закрытых памяшканьнях, такіх як кіно, тэатар, супэрмаркэт або рэстарацыя.

А што рабіць, калі чалавек ужо захварэў грыпам?

- найперш трэба ўзяць даведку ад лекара і не йсьці на працу да поўнага выздараўленьня,

- трэба легчы ў ложак, як мага даўжэй спаць. Гэта засьцеражэ арганізм ад раптоўных зьменаў тэмпэратуры, узмоцніць імунную сыстэму, асабліва ў першыя дні хваробы,

- неабходна абмежаваць кантакты зь іншымі людзьмі, і з хатнімі таксама, захоўваць дыстанцыю 2-3 мэтры, каб не заразіць родных,

- дома трэба абавязкова мець асобную пасьцель, ручнікі, посуд, нажы і відэльцы,

- больш піць, асабліва зёлкавых адвараў,

- акрамя прапісаных лекаў, дапамагаць арганізму сокамі, што багатыя на вітамін С, піць сок з цыбулі, глытаць кальцый. Карысна таксама паставіць старамодныя банкі. Яны ня толькі ўзмацняюць імунную сыстэму, але і зьмяншаюць боль цягліцаў.

Грып, ад якога памірае штогод некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, можа быць ня самым горшым эпізодам у жыцьці. Амэрыканка Хуаніта Олман перажыла згаданую раней жахлівую эпідэмію грыпу 1919 году. Пасьля гэтага яна доўгі час вельмі шмат курыла, у 93 гады перажыла аўтамабільную катастрофу, а потым яшчэ хварэла на запаленьне лёгкіх, калі ёй споўнілася 99 гадоў.

Паводле “Harvard Medical School”, адзін з тысячы амэрыканцаў дажывае да 100 гадоў , як і Хуаніта Олман. 90% даўгавечнікаў – жанчыны. Натуральна, спадарыня Олман, як і іншыя, што дажылі 100 гадоў і болей, сталася аб’ектам грунтоўных дасьледаваньняў. У Хуаніты Олман пыталіся: якая прычына ейнай даўгавечнасьці? Гены, здаровы лад жыцьця, а мо проста пашчасьціла? Олман прызнала (хаця і не выглядала вельмі перакананай), што магчыма, прычына “ў аднастайным мэханічным высілку. Я не рабіла нічога надзвычайнага. Проста часам прабягала мілю ў дзень, а то і менш”.

Такім чынам, станоўчы ўплыў фізычнай актыўнасьці ўскосна пацьвярджае і выпадак Хуаніты Олман. На сьвеце ёсьць тры рэгіёны, якія можна лічыць анклявамі даўгавечнасьці. Гэта раён Вілікамба ў Эквадоры, Гунза ў Кашміры і Каўказ. Жыхары Вілікамбы займаюцца земляробствам і звычайна цяжка працуюць. Іхная дыета малакалярыйная, амаль бяз тлушчу і мяса.

Кашмірскія гунзы харчуюцца пераважна мучнымі вырабамі, гароднінай і садавінай, але затое п’юць шмат віна. Што тычыцца каўказцаў, дык яны акрамя малака і садавіны ядуць шмат мяса, а віно і больш моцныя напоі п’юць і пасьля 100 гадоў – ды столькі, што шараговы беларус наўрад ці выпіў бы.

Выходзіць, няма дасканалага рэцэпту даўгавечнасьці. Гэта пацьвярджаюць і амэрыканскія навукоўцы. “Некаторыя з тых, хто дажыў да 100 і болей гадоў, усё жыцьцё палілі, а некаторыя-ўсё жыцьцё былі тоўстыя”, – кажа доктар Нір Барзілай з унівэрсытэту Ешыва. Паводле яго, ёсьць шэраг чыньнікаў, якія могуць падоўжыць жыцьцё, але нельга гаварыць пра нейкую заканамернасьць.

На думку доктара Барзілая, пэўна не гарантуе даўгавечнасьць выгоднае, заможнае, раскошнае жыцьцё. Ён кажа, што да 100 гадоў дажываюць дзеці нявольнікаў. Барзілай дасьледаваў таксама нярэдкія выпадкі даўгавечнасьці габрэяў, якія перажылі канцэнтрацыйныя лягеры.

Тым ня менш, карысьці здаровага ладу жыцьця ніхто з навукоўцаў не аспрэчвае, хоць гэта і не гарантуе даўгавечнасьці. Фізычная актыўнасьць, адпаведнае харчаваньне, аптымізм, пазьбяганьне стрэсу ўвогуле падаўжаюць жыцьцё, і пэўна робяць яго цікавейшым.

Аднак амэрыканскія навукоўцы зьвяртаюць увагу на яшчэ адзін вельмі важны чыньнік даўгавечнасьці. Найперш, гэта атмасфэра любові й паразуменьня ў сям’і. Паводле Элейн Вэтынгтон з Корнуэльскага ўнівэрсытэту штату Нью Ёрк, пацьверджаньне гэтаму – віцэ-прэзыдэнт ЗША Дык Чэйні. Ён перажыў чатыры інфаркты, пасьля кожнага хутка папраўляецца, і, паводле мэдыкаў, у гэтым вялікая заслуга жонкі й дачкі.

Ліза Бэркман з Гарвардзкай школы грамадзкагa здароўя лічыць, што самотныя і стрыманыя людзі часьцей хварэюць. Затое адкрытыя і кампанейскія, якія ахвоча сустракаюцца з аднагодкамі, бяруць удзел у дабрачыннай дзейнасьці, у грамадзкіх мерапрыемстваў, а нават разам гуляюць у карты альбо бінга, значна здаравейшыя і жывуць даўжэй.

Мабыць, варта паспрабаваць?
XS
SM
MD
LG