Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Прага

Журы прэміі вылучыла пяць кніг з 325 выдадзеных летась раманаў і зборнікаў апавяданьняў. Прэмія імя Фолкнэра была заснаваная ў 1980 годзе, яе ляўрэат атрымвае грашовую ўзнагароду сумай 15 тысяч даляраў. Раней ляўрэатамі прэміі былі Эдгар Лорэнс Доктараў, Дон ДэЛіла, Ані Пру. Летась прэмію імя Фолкнэра атрымаў Філіп Рот за свой раман «Чалавечая марнасьць». Ляўрэат сёлетняй прэміі будзе абвешчаны ў красавіку.

ЛЁНДАН. Брытанскія дзеці любяць амаль тыя самыя кнігі, што й пакаленьне іхных бацькоў. У выніку апытаньня, у якім узялі ўдзел каля 1100 малых аматараў літаратуры, выявілася, што ў дзясятак найбольш папулярных трапіла толькі адна кніга, напісаная за апошнія 30 гадоў – супэрпапулярная цяпер эпапэя Джоан Роўлінг пра хлопца-чараўніка Гары Потэра, якая заняла ў сьпісе першае месца. На другім – гісторыя Алана Мілна пра мядзьведзя Віні-Пуха, на трэцім – «Хобіт» Джона Толкіна. Чацьвертая й пятая ў сьпісе – кнігі Роальда Даля «БФГ» і «Чарлі на шакаляднай фабрыцы». Славутыя клясычныя дзіцячыя кнігі – «Хронікі Нарніі» Клайва Льюіса, «Аліса ў Краіне Цудаў» Льюіса Кэрала і «Вецер у вербалозе» Кенэта Грэгема – ня трапілі ў першы дзясятак.

СТАКГОЛЬМ. Джоан Роўлінг забараніла чытаньне ў швэдзкім радыё ўрыўкаў з кніг пра Гары Потэра. Яна была абураная, што фрагмэнты зь яе кніг чыталіся ў дзіцячай перадачы безь яе папярэдняга дазволу. Паводле швэдзкіх законаў, у радыё можна чытаць любыя тэксты з умовай аплаты аўтарскіх падаткаў. Аднак у выпадку адмысловага патрабаваньня аўтара або выдаўцоў, чытаньне тэкстаў можа быць забароненае. Дагэтуль за ўсю гісторыю швэдзкага радыё такое здаралася толькі два разы, калі забаранялася чытаньне твораў Эрнэста Гэмінгуэя і швэдзкага пісьменьніка Вільгельма Мубэрга.

НЬЮ-ЁРК. Арыгінальны рукапіс клясычнага раману жахаў «Дракула» Брэма Стоўкера ў наступным месяцы будзе выстаўлены на продаж на аўкцыёне «Крыстыз» у Нью-Ёрку. Арганізатары зьбіраюцца зарабіць на рукапісе паўтара мільёна даляраў. Машынапіс раману, які ірляндзкі пісьменьнік Стоўкер апублікаваў у 1897 годзе, быў знойдзены 18 гадоў таму і дагэтуль ні разу не прадаваўся. Машынапіс улучае ўклейкі і рукапісныя дапіскі аўтара, а таксама падрабязнае апісаньне працэсу пераліваньня крыві, напісанае братам пісьменьніка Ўільямам – славутым доктарам тае пары.

ЛЯЙПЦЫГ. Кніжная прэмія «Залатая літара» была сёлета прысуджаная кнізе «Традыцыя і мастацтва японскай паперы». Аўтар кнігі Марыка Такагі спалучае ў сваёй творчасьці японскую эстэтыку і эўрапейскую традыцыю. Кніга выйшла ў нямецкім выдавецтве «Мэербуш». У выбары ляўрэата бралі ўдзел кнігавыдавецкія ўстановы з 31 краіны сьвету. Прэмія – залатая літара А і чэк на суму 1000 даляраў – будзе перададзеная ляўрэатцы падчас Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу, які адбудзецца ад 21 да 24 сакавіка.

XS
SM
MD
LG